МІНСК, 21 ліс – Sputnik. Трэці дзень камандна-штабных вучэнняў МУС праходзіць у Беларусі, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
У рамках гэтага этапу вучэнняў па ўсёй краіне плануецца адпрацаваць "практычныя дзеянні па спыненні групавых парушэнняў грамадскага парадку ў населеным пункце".
У гэтых мерапрыемствах прымуць удзел супрацоўнікі міліцыі і прадстаўнікі дзяржорганаў.
"Яны прадэманструюць узаемадзеянне пры магчымым ускладненні аператыўнай абстаноўкі, узнікненні няштатных сітуацый", - гаворыцца ў паведамленні.
Як удакладнілі ў МУС, у сувязі з гэтым магчыма перамяшчэнне спецтэхнікі з перакрыццем вуліц, а таксама выкарыстанне піратэхнікі. У міністэрстве просяць грамадзян з разуменнем паставіцца да часовых нязручнасцяў.
Раней стала вядома, што Камітэт дзяржбяспекі Беларусі ўвёў рэжым контртэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Гродна і раёна ў межах камандна-штабных вучэнняў МУС.
Як удакладнілі ў камітэце, плануецца задзейнічаць ваенную і іншую спецтэхніку, узмацніць кантроль і абмежаваць дарожны рух у зоне правядзення праверачных мерапрыемстваў.
Камандна-штабныя вучэнні з удзелам суб’ектаў дзяржаўнай сістэмы рэагавання праходзяць з 19 па 22 лістапада.
У МУС паведамілі, што ў іх рамках праваахоўнікі прадэманструюць гатоўнасць да аператыўнага рэагавання на магчымыя ўскладненні абстаноўкі ў краіне падчас электаральнай кампаніі. Асноўная задача – не дапусціць праяў экстрэмізму і тэрарызму, уцягвання грамадзян у супрацьпраўныя дзеянні, спыненне парушэнняў грамадскага парадку.
Ужо адпрацаваны эпізоды, якія адбываліся ў рэспубліцы ў 2020 годзе, а таксама варыянт нападзення на органы ўнутраных спраў. Акрамя таго, беларускія праваахоўнікі правялі ў адным з гандлёвых цэнтраў вучэнні па вызваленні заложнікаў.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"