Субоцін аб пажары ў Віцебску: людзі самі спрабавалі выбрацца і разбівалі вокны

Колькасць пацярпелых у выніку пажару ў гандлёвым цэнтры дасягнула 16 чалавек, стан дваіх ацэньваецца як цяжкі.
Sputnik
МІНСК, 14 сне – Sputnik. Тушэнне пажару ў гандлёвым цэнтры "Беларусь" у Віцебску ўскладнялася гарэннем вялікай колькасці драўляных канструкцый і пластыка, заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
"Пацярпелых ужо 16, гэта лёгкія формы, (...) два чалавекі "цяжкіх" за кошт атручвання чадным газам і дымам", - сказаў Субоцін.
Відэакаментарый Субоціна, які распавёў пра стан пацярпелых, апублікаваў Telegram-канал "Ахова здароўя Віцебшчыны".
"Вельмі шмат парэзаў, калі людзі самі спрабавалі выбрацца і разбівалі акно. У лёгкай форме ўсё", - адзначыў старшыня аблвыканкама.
Паводле яго слоў, два пажарныя пацярпелі, але іх жыццю нічога не пагражае, таму хутка спецыялісты змогуць вярнуцца дадому. Субоцін адзначыў, што тушэнне ўскладнялася за кошт гарэння драўляных канструкцый і пластыка.
"Прыблізна да ночы пажар быў затушаны, але ўскладнялася тушэнне пажару тым, што ў ГЦ шмат драўляных канструкцый, вельмі шмат пластыка", - сказаў Субоцін.
Як паведаміў у суботу раніцай начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі, двое пацярпелых падчас пажару застаюцца ў цяжкім стане.
"Яны знаходзяцца ў абласной бальніцы, у рэанімацыі. Адна жанчына – на штучнай вентыляцыі лёгкіх", - сказаў ён.
Учора позна вечарам з Мінска прыбылі спецыялісты Цэнтра экстранай медыцынскай дапамогі – камбустыёлаг, таксіколаг і рэаніматолаг.
Буйны пажар у ГЦ "Беларусь" у цэнтры Віцебска тушылі некалькі гадзін, былі эвакуіраваны больш як 200 чалавек. Паводле звестак МНС, плошча пажару ў Віцебску склала 2 тысячы квадратных метраў, на яго ліквідацыі былі задзейнічаны больш за 20 адзінак тэхнікі і 90 работнікаў МНС.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Пажар у ГЦ у Віцебску: што вядома да раніцы суботы