Квэсты, светлавыя фігуры і навагодні экспрэс: куды звадзіць дзяцей на канікулах

Школьныя канікулы амаль толькі пачаліся, а білетаў на некаторыя дзіцячыя мерапрыемствы ўжо не знайсці.
Sputnik
Дзякуючы пераносу працоўных дзён сёлета на зімовыя канікулы прыходзіцца шмат выхадных. Гэты момант варта ўлічваць бацькам, якія збіраюцца звадзіць сваё дзіця на якое-небудзь навагоднюю імпрэзу.
Напрыклад, некаторыя музеі не працуюць у вялікія студзеньскія выхадныя, а білеты ў цырк ужо і зусім раскуплены. Аналагічная сітуацыя з тэатрамі – практычна не засталося білетаў на мюзіклы і лялечныя спектаклі. Тым не менш, варыянты пазабаўляць дзяцей усё ж ёсць.
Куды адправіцца за эмоцыямі і святочным настроем у Мінску – чытайце ў матэрыяле Sputnik.

Музейная праграма

На час зімовых канікул сталічныя музеі падрыхтавалі квэсты і спецыяльныя праграмы. Выбар залежыць ад пераваг дзіцяці – дзесьці прапануюць змайстраваць сваімі рукамі навагодні сувенір, дзесьці – адчуць сябе ў ролі сапраўднага дэтэктыва. Ёсць варыянты і для тых, хто захапляецца гісторыяй і любіць танцаваць.
Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага запрашае на навагодні інтэрактыўны квэст "Свавольства старога дома", разлічаны на вучняў пачатковай школы. У сядзібным доме, які захоўвае шмат таямніц, дзеці сустрэнуцца з незвычайнымі персанажамі – мудрай Захавальніцай ключоў і Дамавухай. Гэта амаль дэтэктыўная гісторыя, у якой малыя стануць не проста гледачамі, але актыўнымі ўдзельнікамі.
Папярэдні запіс абавязковы. Удзел у мерапрыемстве абыдзецца ў 15 руб. (разам з сувенірам).
Адначасова з наведваннем квэста можна зазірнуць на выставу "Свет веера" з калекцыі Музея "Замкавы комплекс "Мір". На ёй вы даведаецеся не толькі пра гісторыю, але і практычнае прымяненне веера ў XVIII - пачатку ХХ стагоддзя. Кошт квіткоў для школьнікаў – 3 руб., для студэнтаў – 4 руб., а для дарослых – 5.
Для дзяцей больш старэйшага ўзросту – вучняў 5-8 класаў – у Археалагічным музеі падрыхтавалі навагодні квэст "Таемны пакой". Ужо зыходзячы з назвы зразумела яго канцэпцыя: ён спалучае ў сабе містыку і навуку.
Удзельнікі павінны выканаць цікавыя заданні ў экспазіцыі музея, знайсці сапраўдныя артэфакты і разгадаць гістарычныя загадкі.
Тут таксама абавязковы папярэдні запіс, кошт білета – 13 руб. (уваходзіць сувенір).
Дзеці каля навагодняй ёлкі
Яшчэ адно займальнае мерапрыемства напярэдадні Новага года пройдзе ў музеі "Лошыцкая сядзіба". Тут 29 снежня ў 12:00 адбудзецца экскурсія з танцавальным майстар-класам. Спачатку наведвальнікам раскажуць пра ўладальнікаў Лошыцкага маёнтка, пасля чаго госці паглыбяцца ў эпоху Адраджэння, Асветы і мадэрну і развучаць гістарычныя танцы – бранль, менуэт, падэграс. Галоўнае – не забудзьцеся ўзяць зручны абутак для танцавальных па.
Кошт білета – 8 руб. (для навучэнцаў і студэнтаў) і 15 руб. (для дарослых).
Адчуць святочную атмасферу і стварыць сваімі рукамі сувенір можна ў музеі "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя". Тут да 15 студзеня будзе праходзіць тэматычная праграма "Каляды ў Ваньковічаў" з майстар-класам па вырабе навагодніх цацак і 3D-паштовак. Ствараць прыгажосць будуць пры дапамозе прыродных матэрыялаў – шышак, галінак, іншых драўляных частак, а таксама розных дэкаратыўных элементаў.
Наведаць майстар-клас могуць як дзеці, так і дарослыя. Кошт мерапрыемства: для навучэнцаў – 7 руб., для дарослых – 9 руб.

Калядны Дом і Батанічны сад

Для тых, хто любіць нешта "з разыначкай", прыдатны варыянт – адправіцца ў Калядны Дом. Гэта вялікая інтэрактыўная зона, дзе адначасова працуе больш за 10 пляцовак. Кожны год Дом мяняе сваю лакацыю – у гэтым ён размясціўся па адрасе праспект Машэрава, 15/1.
Адправіць пісьмо Дзеду Марозу, знайсці выхад у люстраным лабірынце, выкупацца ў магічным басейне, залезці ў домік мядзведзя і зладзіць там бой падушкамі – гэта далёка не ўсе забавы, якія чакаюць наведвальнікаў Каляднага Дома. Таксама тут можна абмяняцца падарункамі – папулярны гіфткросінг дабраўся і да гэтага месца.
Кошт квіткоў для дзяцей ад 5 да 14 гадоў – 30 руб. (для дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў уваход вольны), для дарослых – 35 руб. Таксама ёсць ільготы для інвалідаў усіх груп і пенсіянераў. Для іх білет каштуе 15 руб.
Калі апрануцца цяплей, то можна адправіцца ў Батанічны сад. Тут усю зіму будзе дэманстравацца выстава гіганцкіх казачных светлавых фігур. Шчаўкунчык, Кот у ботах, Дзюймовачка, Папялушка, Гулівер, Чырвоная Шапачка – гэтыя і іншыя персанажы "пасяліліся" ў Садзе ліхтароў. У кожнай лакацыі ёсць музычнае суправаджэнне, якое яшчэ больш агортвае казачнай атмасферай.
Выстава даступная для наведвальнікаў у вячэрні час – з 18:00 да 22:00. Кошт квіткоў – ад 8 да 20 руб. Для ўдзельнікаў ВАВ, дзяцей са шматдзетных сямей, дзяцей да 4 гадоў, інвалідаў усіх груп уваход бясплатны.

Куды накіравацца да Дзеда Мароза?

Безумоўна, усе дзеці мараць убачыць галоўныя сімвалы Новага года – Дзеда Мароза і Снягурку. Каб зрабіць гэтую сустрэчу яшчэ больш запамінальнай, адпраўляйцеся ў захапляльнае падарожжа на "Навагоднім экспрэсе" Дзіцячай чыгункі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі сустрэнуцца з Дзядулем Марозам і яго ўнучкай на лясной паляне станцыі Сасновы бор. Там іх чакае тэатралізаваны паказ з удзелам персанажаў з дзіцячых казак і мультфільмаў. Пракаціцца ва ўпрыгожаным вагоне можна 28, 29 і 31 снежня 2024 года, а таксама 1, 2, 4, 5 і 7 студзеня 2025 года. Кошт білета – 30 руб. (дзецям да года праезд бясплатны).
Дзед Мароз
Дарэчы, у Мінску ёсць некалькі рэзідэнцый Дзеда Мароза. Так, казачны домік адчынены ў гандлёвым цэнтры "Першы нацыянальны гандлёвы дом" (пр-т Незалежнасці, 134).
У гэтай рэзідэнцыі сталічны Дзед Мароз будзе прымаць дзяцей да 7 студзеня. Час наведвання – у буднія дні з 14:00 да 21:00 і ў выхадныя дні – з 11:00 да 21:00. Таксама з 14 снежня на тэрыторыі гандлёвага цэнтра будуць праходзіць навагоднія мюзіклы, тэатралізаваныя анімацыйныя праграмы, майстар-класы.
Яшчэ адну часовую "прапіску" Дзед Мароз атрымае каля Нацыянальнай бібліятэкі. Яго рэзідэнцыя адчынілася 20 снежня і будзе працаваць да 7 студзеня. Таксама тут пройдзе буйны калядны кірмаш, будзе працаваць навагодняя пошта і святочныя фотазоны.
Яшчэ адзін чараўнік паселіцца ў Мінскім заапарку. Тут пабываць у гасцях у Дзядулі можна будзе да 30 снежня. Кошт наведвання Доміка з віншаваннем дзіцяці – 20 руб. (у кошт уваходзіць падарунак). Уваход у заапарк аплачваецца асобна.

Інтэрактыў за межамі сталіцы

Калі ёсць жаданне выехаць за межы Мінска і знайсці нешта цікавае, то такая магчымасць ёсць. Напрыклад, у цэнтры экалагічнага турызму "Станькава", што за 40 км ад сталіцы. Тут з 20 снежня па 7 студзеня будуць праводзіць навагоднюю праграму з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі. Акрамя гэтага хлопчыкі і дзяўчынкі могуць наведаць заапарк.
Усё гэта ўваходзіць у кошт уваходнага квітка – 15 руб. Дзецям да трох гадоў уваход бясплатны, таксама ёсць ільготы для шматдзетных сямей. За дадатковую плату можна пакатацца на квадрацыклах і конях. А малым – на восліках і поні.
Цікава і пазнавальна можна правесці час у гасцях у партызанскага Дзеда Мароза. Кожны год ён на тры месяцы атрымлівае "прапіску" ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы "Хаваншчына" (Івацэвіцкі раён). Але каб з ім сустрэцца, абавязкова трэба запісацца загадзя.
Сёлета тут праводзяць інтэрактыўную экскурсію і захапляльны квэст для дзяцей і дарослых "Разведка шукае партызанскага Дзеда Мароза". Хлопчыкі і дзяўчынкі шукаюць Дзядулю, упрыгожваюць ёлку і разам выконваюць шмат цікавых заданняў, знаёмячыся з партызанскім лагерам.
Кошт экскурсіі – 8,70-10,90 руб., квэст – 8,70 руб.
Адназначна не варта на канікулах сядзець дома і бавіць час толькі ў гаджэтах. Калі пашанцуе са снегам, то можна ўспомніць і пра зімовыя забавы – зляпіць снегавіка або пакатацца на санках ды лыжах.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Пераднавагодні настрой у зімовых вершах: "Дзеда лепім мы са снегу!"