МІНСК, 10 кра – Sputnik. Беларусь плануе запусціць спадарожнік для даследаванняў каляземнай прасторы ў ІІІ квартале 2025 года, паведаміў дырэктар прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" Акадэміі навук рэспублікі Сяргей Залатой.
Паводле яго слоў, размова ідзе аб уласнай распрацоўцы НАН Беларусі, яна ўжо гатова і прайшла ўсе наземныя выпрабаванні – у тым ліку прымерку да пускавога кантэйнера.
"Цяпер мы фактычна чакаем запуску апарата – як мяркуецца, гэта трэці квартал 2025 года", - сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў чацвер.
Паралельна вядзецца праца і над іншымі касмічнымі праектамі. Цяпер выконваецца саюзная праграма "Комплекс-СД", у рамках якой ствараецца групоўка малых спадарожнікаў вагой 10 і 30 кг.
На іх будзе ўстаноўлена апаратура для даследавання каляземнай прасторы, а таксама для адсочвання касмічнага смецця, зандзіравання іанасферы і вывучэння сонечных з’яў.
"Па планах, апараты да запуску будуць гатовы ў наступным годзе. Падрыхтаваны асобны праект Саюзнай дзяржавы па запуску гэтых апаратаў на арбіту. Цяпер праект праходзіць узгадненне, мы спадзяемся, што ў канцы гэтага года ён стартуе, каб у 2027 годзе мы выйшлі на пускавую кампанію", - праінфармаваў Залатой.
Беларуска-расійскі спадарожнік
Дырэктар прадпрыемства таксама расказаў, як ідзе стварэнне расійска-беларускага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з раздзяленнем 35 см.
"Беларускі бок стварае мэтавую апаратуру, яе стварае наша прадпрыемства "Пеленг". Прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" мадэрнізуе наземную інфраструктуру беларускай касмічнай сістэмы для работы з гэтым спадарожнікам", - адзначыў ён.
Цяпер канструктарская дакументацыя выпушчана ў поўным аб’ёме, закуплена камплектацыя для мэтавай апаратуры і вядзецца зборка блокаў.
Да сярэдзіны 2025 года будуць гатовы габарытна-масавы макет мэтавай апаратуры і ўзор для наземных электрычных выпрабаванняў. Яго даставяць у Маскву для інтэграцыі з інжынерным макетам спадарожніка.
Згодна з планам, запуск спадарожніка ДЗЗ плануецца ў 2028 годзе. Усе работы выконваюцца ў штатным рэжыме, канстатаваў Залатой.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"