Да юбілею Вялікай Перамогі Sputnik пры дапамозе нейрасеткі ўзнавіў па архіўных фота, якімі маглі быць у жыцці юныя героі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўспомніў іх трагічныя лёсы і зусім недзіцячыя подзвігі.
Марат Казей (1929-1944, загінуў у 14 гадоў)
Нарадзіўся ў беларускай вёсцы Станькава (цяпер – Дзяржынскі раён Мінскай вобласці Беларусі). У лістападзе 1942 года пасля гібелі бацькоў разам са старэйшай сястрой пайшоў у партызаны.
Быў разведчыкам, удзельнічаў у дыверсіях, выконваў небяспечныя заданні. Загінуў 11 мая 1944 года каля вёскі Хароміцкія ва Уздзенскім раёне – падарваў сябе гранатай у баі з паліцаямі і карнікамі з зондэркаманды СС "Дырлевангер". У 1965 годзе пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Леанід Голікаў (1926-1943, загінуў у 16 гадоў)
Родам з вёскі Лукіна Наўгародскай вобласці. Вясной 1942 года пайшоў у партызаны, удзельнічаў у больш за 30-ці баявых аперацыях.
Падарваў гранатай аўтамабіль генерала фон Вірца і захапіў каштоўныя дакументы. Быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але атрымаць яго пры жыцці не паспеў. Загінуў 24 студзеня 1943 года ў баі каля вёскі Вострая Лука ў Пскоўскай вобласці.
Валянцін Коцік (1930-1944, загінуў у 14 гадоў)
Нарадзіўся ва ўкраінскім сяле Хмелеўка (цяпер – Хмяльніцкая вобласць Украіны). З 1942 года быў сувязным у падполлі ў Шапятоўцы, збіраў зброю і боепрыпасы. Летам 1943 года ўступіў у партызанскі атрад, удзельнічаў у баях і дыверсіях.
16 лютага 1944 года быў цяжка паранены ў баі і праз суткі памёр. 14-гадовы Валянцін Коцік стаў самым маладым Героем Савецкага Саюза (званне прысвоена пасмяротна ў 1958 годзе).
Зіна Партнова (1926-1944, загінула ў 17 гадоў)
Родам з Ленінграда. У пачатку чэрвеня 1941-га прыехала на канікулы да бабулі ў Віцебскую вобласць Беларусі. З пачаткам вайны аказалася ў акупацыі.
У 1942 годзе пайшла ў падполле, здабывала звесткі для партызан, удзельнічала ў дыверсіях. Працуючы ў сталовай, атруціла ежу для нямецкіх афіцэраў – загінулі больш за сто чалавек.
У жніўні 1943 года пайшла ў партызанскі атрад, была разведчыцай, удзельнічала ў падрывах эшалонаў. У снежні 1943-га, вяртаючыся з задання, была затрымана.
Больш за месяц яе катавалі, спрабуючы выбіць інфармацыю аб партызанах, затым у студзені 1944 года расстралялі ў турме Полацка. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена пасмяротна ў 1958 годзе.
Аляксандр Чакалін (1925-1941, загінуў у 16 гадоў)
Родам з расійскай вёскі Пескаватскае (цяпер – Сувораўскі раён Тульскай вобласці).
У маі 1941-га ўступіў добраахвотнікам у знішчальны атрад, затым разам з бацькам пайшоў у партызаны, стаў разведчыкам. Збіраў звесткі аб перамяшчэннях нямецкіх часцей, мініраваў дарогі, падрываў эшалоны, быў радыстам.
У лістападзе 1941-га быў захоплены ў палон у роднай вёсцы пасля даносу сельскага старасты, 6 лістапада павешаны на гарадской плошчы горада Ліхвіна.
4 лютага 1942 года Аляксандру Чакаліну было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1944-м у яго гонар горад Ліхвін перайменавалі ў Чакалін.
Барыс Царыкаў (1925-1943, загінуў у 18 гадоў)
Нарадзіўся ў беларускім Гомелі. У 1941 годзе ўступіў у рады Чырвонай арміі, служыў разведчыкам.
15 кастрычніка 1943 года разам з групай мінёраў пераправіўся праз Днепр у раёне Лоева і паставіў на правым беразе чырвоны сцяг. Пяць сутак удзельнічаў у баях па пашырэнні плацдарму, некалькі разоў пераплываў Днепр, вяртаючыся ў штаб з данясеннямі.
30 кастрычніка 1943 года быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза "за фарсіраванне ракі Днепр, захоп і ўтрыманне плацдарма на заходнім беразе ракі".
Праз два тыдні пасля прысваення звання, 13 лістапада 1943-га загінуў у баі, пахаваны ў брацкай магіле ў Лоеве.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"