Цэнтральнай пляцоўкай афіцыйных мерапрыемстваў сёлета стаў Мемарыяльны комплекс "Курган Славы". Там зранку прайшла цырымонія ўскладання кветак з удзелам прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, пасля чаго кіраўнік дзяржавы выступіў са зваротам да беларускага народа.
У Мінску па традыцыі раніцай прадстаўнікі ўлады, грамадскіх, палітычных партый, дэпутаты, моладзь усклалі кветкі да абеліска на Плошчы Перамогі і да стэлы "Мінск – горад-герой". У Мінску сёння сонечна і горача – гэта першы па-сапраўднаму летні дзень у гэтым годзе. Як пераканаўся фотакарэспандэнт Sputnik, нягледзячы на пякучае сонца, многія жыхары і госці горада адправіліся ў месцы святочных гулянняў.
У Мінску сёння запланаваны больш за 150 розных святочных і ўрачыстых мерапрыемстваў ва ўсіх раёнах горада. Кульмінацыяй стане гала-канцэрт "Моцныя ў адзінстве, адзіныя ў песні" каля стэлы "Мінск – горад-герой". Яго фіналам стане традыцыйная акцыя "Праспяваем гімн разам". А ў 23:00 у некалькіх кропках горада адбудзецца маляўнічы феерверк.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"