БРЭСТ, 11 вер – Sputnik. Беларускія пагранічнікі сканцэнтравалі свае намаганні на забеспячэнні павышанай прапускной здольнасці ва ўсё яшчэ дзеючых пунктах пропуску на мяжы з Польшчай, заявіў на брыфінгу журналістам афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі, перадае Sрutnik.
Брыфінг афіцыйнага прадстаўніка ДПК Антона Бычкоўскага ў пункце пропуску "Брэст"
© Sputnik / Толочк
Ён нагадаў, што Пагранічная варта Польшчы праінфармавала ДПК аб тым, што з 1:00 пятніцы па беларускім часе будуць закрыты пункты пропуску на тэрыторыі Польшчы.
"Польскі бок закрывае рух, спасылаючыся на пункты дагавора паміж урадамі Рэспублікі Беларусі і Рэспублікі Польшча па пытанні пагранічных пераходаў, аргументуючы неабходнасцю забеспячэння грамадскай бяспекі. Беларуская пагранічная служба сканцэнтравала свае намаганні на забеспячэнні павышанай прапускной здольнасці ва ўсё яшчэ дзеючых пунктах пропуску з мэтай забеспячэння максімальна хуткага афармлення асоб, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу, як на выезд з рэспублікі, так і на ўезд", - сказаў Бычкоўскі.
Ён паведаміў, што з пачатку тыдня польскі бок прыняў на сваю тэрыторыю 2 тыс легкавушак, 270 аўтобусаў і больш за 2,5 тыс фур. У Беларусь прайшлі 2,5 тыс легкавых аўтамабіляў, 260 аўтобусаў і 2 тыс велікагрузаў.
Па словах Бычкоўскага, з 8 верасня праз беларуска-польскую мяжу прайшло 11,3 тыс чалавек на ўезд у Беларусь. Гэта беларусы, украінцы, расіяне, а таксама грамадзяне іншых краін.
З Беларусі выехалі 11,9 тыс чалавек, адзначыў афіцыйны прадстаўнік ДПК.
"З іх беларусаў больш за дзесяць тысяч, украінцаў – амаль адна тысяча і амаль паўтысячы расіян. Польскіх грамадзян у гэты час перасекла дзяржаўную мяжу каля 150 чалавек у абодва бакі", - удакладніў ён.
Антон Бычкоўскі звярнуў увагу, што апошнім часам перад беларускімі пунктамі пропуску фіксуюцца дастаткова працяглыя чэргі, асабліва гэта датычыцца аўтадарожнага пункта пропуску "Брэст". Прычына – польскі бок афармляе транспарт нерытмічна. Паводле даных ДПК, прапускная здольнасць па легкавых транспартных сродках зніжана фактычна да 50%, а аўтобусы палякі прапускаюць па два за гадзіну ў абодва напрамкі.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"