У сучасных канфліктах праціўнік у першую чаргу імкнецца разбурыць аэрадромную сетку, выкарыстоўваючы высокадакладную зброю. У мэтах захавання авіяцыі ўзнікае неабходнасць задзейнічаць так званыя АУДы (аэрадромныя ўчасткі дарог) для яе разгрупавання і вываду з-пад першага ўдару.
У манеўрах, якія прайшлі на трасе Брэст – Масква (М1), прынялі ўдзел штурмавікі Су-25, якія завуцца "Гракамі". Яны выканалі пасадку на праезную частку (загадзя ачышчаную ад наземнага транспарту), заправіліся і праз некаторы час ажыццявілі паўторны вылет – з нанясеннем удару па ўмоўным праціўніку.
У паветры штурмавую авіяцыю прыкрывалі верталёты Мі-35 і Мі-8, на зямлі – зенітны ракетны комплекс "Аса".
Лётчык штурмавой авіяцыйнай базы, які выконваў гэты тактычны прыём, расказаў, у чым адрозненне аэрадромнай "узлёткі" ад аўтамабільнай.
"Асноўнае адрозненне ў тым, што стандартны аэрадром штатна абсталяваны радыёлакацыйнымі сродкамі, якія дапамагаюць выконваць заход на пасадку, будаваць манеўр. На аэрадромным участку дарогі гэтых сродкаў няма, плюс няма характэрных арыенціраў, да якіх ты ўжо прывык пастаянна, калі заходзіш на пасадку на свой родны аэрадром. Тут усё ў навінку, даводзіцца будаваць заход візуальна", - адзначыў вайсковец.
На яго думку, кожны лётчык павінен умець выконваць пасадку на АУД, таму што асноўныя аэрадромы могуць быць выведзены са строю.
"Гэта важны элемент у баявой падрыхтоўцы і ў цэлым у падтрыманні баявой гатоўнасці авіябазы", - дадаў ён.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"