МІНСК, 18 вер – Sputnik. Новыя будынкі з’явяцца ў раёне мінскіх Шабаноў, а некаторыя прадпрыемствы адтуль перанясуць, вынікае з афіцыйна апублікаванага рашэння Мінгарвыканкама.
Размова ідзе аб развіцці ўчастка ў межах вуліц Ротмістрава – Бачыла – Сяліцкага і праспекта Партызанскага паблізу ад мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Плануецца, напрыклад, што паблізу крамы Заводскага райхарчгандлю каля павароту з Партызанскага на Сяліцкага з’явіцца шматфункцыянальны грамадска-гандлёвы комплекс.
Побач з ужо існуючым ГЦ Green пракладуць невялікую вуліцу і зробяць развязку без святлафорнага рэгулявання і з няспынным рухам транспартнага патоку.
Акрамя таго, з гэтага ўчастка прыбяруць будынкі ААТ "Будаўніча-мантажны трэст №8", "МінскаўтадарЦэнтра" і "Мінсктранса". Гэта трэба, каб вызваліць месца пад жылыя комплексы "шматпавярховай высокашчыльнай забудовы" і іншыя будынкі, а таксама стварыць "аб’екты азелянення" агульнага карыстання. З’явяцца там і шматузроўневыя гаражы-стаянкі.
Вуліца Сяліцкага ў будучыні стане магістраллю раённага значэння. З ёй злучаць вуліцу Свіслацкую. Для гэтага будзе пабудавана развязка на скрыжаванні з чыгуначнай лініяй Калодзішчы – Калядзічы. Як чакаецца, гэта знізіць грузапаток праз жылы раён. Больш за тое, у Шабаны плануецца працягнуць чырвоную ветку метро.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"