МІНСК, 7 кас – Sputnik. Беларусь гатова да пашырэння ваеннага супрацоўніцтва з Рэспублікай Куба, заявіў кіраўнік беларускага абароннага ведамства генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін.
Гэтую заяву міністр зрабіў на перагаворах з начальнікам Генеральнага штаба – першым намеснікам міністра Рэвалюцыйных Узброеных Сіл Рэспублікі Куба, генералам армейскага корпуса Раберта Легра Саталонга. Кубінскі военачальнік прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам.
"Прапаную актывізаваць двухбаковае супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. Мы гатовы аказаць садзейнічанне ў фарміраванні новага сучаснага аблічча Рэвалюцыйных Узброеных Сіл", - прыводзіць словы Віктара Хрэніна прэс-служба Мінабароны.
Беларускі міністр таксама падкрэсліў важнасць далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва Мінска і Гаваны ў ваеннай сферы.
ВПС, РЭБ і ваенная медыцына
Кіраўнік беларускага абароннага ведамства таксама назваў прыярытэтныя напрамкі, па якіх ідзе супрацоўніцтва Беларусі і Кубы ў ваеннай сферы.
Паводле яго слоў, уяўляюць узаемную цікавасць ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, сувязь, ваенная медыцына, РЭБ і інжынернае забеспячэнне.
"Падпісанне падчас майго візіту на Востраў Свабоды міжведамаснага пагаднення аб ваенным супрацоўніцтве і вывад узаемадзеяння на планавую аснову заклалі базу для паглыблення і пашырэння нашых двухбаковых кантактаў", - падкрэсліў міністр.
Генерал Саталонга пацвердзіў зацікаўленасць у супрацоўніцтве па гэтых напрамках і адзначыў падабенства пазіцый Гаваны і Мінска па актуальных праблемах міжнароднай бяспекі.
Паводле слоў кубінскага генерала, Беларусь і Куба "перазапусцілі адносіны і адкрылі новыя перспектывы супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі".
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"