МІНСК, 17 кас – Sputnik. Вярхоўны суд Беларусі прызнаў пасмяротна вінаватым у генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны камандзіра першай роты 118-га (украінскага) батальёна ахоўнай паліцыі Восіпа Вінніцкага, перадае карэспандэнт Sputnik.
"Вінніцкі прызнаны вінаватым у генацыдзе – дзеяннях, учыненых з мэтай планамернага знішчэння поўнасцю беларускага народа як нацыянальнай і этнічнай групы (…), гэта значыць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 127 КК Рэспублікі Беларусь", - заявіла суддзя, зачытваючы рэзалютыўную частку вынесенага прысуду.
Разгледзеўшы ў адкрытым судовым пасяджэнні крымінальную справу Вінніцкага, 30 красавіка 1915 года нараджэння, раней не судзімага, які памёр 9 студзеня 1997 года, Вярхоўны суд Беларусі прыгаварыў – прызнаць яго вінаватым у генацыдзе, дзеяннях, учыненых з мэтай поўнага знішчэння беларускага народа па прыкмеце нацыянальнай і этнічнай групы.
Вінніцкі таксама прызнаны вінаватым у наўмысным стварэнні ўмоў, накіраваных на поўнае фізічнае знішчэнне мірных жыхароў.
У сувязі са смерцю Вінніцкага абвінаваўчы прысуд пастаноўлены без прызначэння пакарання, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым парадку на працягу 10 сутак з дня абвяшчэння.
Хто такі Вінніцкі
Восіп Вінніцкі нарадзіўся ў 1915 годзе на тэрыторыі сучаснай Польшчы, вучыўся ў Львове. У 1939 годзе ён быў мабілізаваны ў польскую армію, уваходзіў у склад нацыяналістычнай арганізацыі "Букавінскі курэнь", у Кіеве ўступіў у 118-ы карны батальён ахоўнай паліцыі, узначаліўшы першую роту.
У 1942-1944 гадах Вінніцкі знаходзіўся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, кіраваў і прымаў непасрэдны ўдзел у карных аперацыях.
Справа Вінніцкага складае 26 тамоў, па ім праходзяць больш за 50 сведак, у справе Вінніцкага сабраны доказы па 17 эпізодах яго злачыннай дзейнасці.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"