МІНСК, 28 кас – Sputnik. Польшча гатова адкрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск.
Размова ідзе аб пунктах пропуску "Баброўнікі" ("Бераставіца" з беларускага боку) і "Кузню" ("Брузгі").
"Мы будзем гатовы яшчэ ў гэтым годзе, яшчэ ў лістападзе да адкрыцця двух пунктаў пропуску – у Баброўніках і ў Кузні", - сказаў Туск.
Ён адзначыў, што даручыў профільным міністэрствам падрыхтаваць адпаведнае рашэнне, але да канчатковага рашэння чакае перагавораў з літоўскім бокам.
"Я чакаю перагаовраў з літоўцамі, каб не заспець іх знянацку. Мы павінны праводзіць паслядоўную палітыку ў адносінах да нашых суседзяў", - адзначыў польскі прэм’ер.
Паводле яго слоў, цяпер становішча на мяжы стала больш бяспечным, чым калі-небудзь. Аднак, паводле слоў прэм’ер-міністра, адкрыццё пунктаў пропуску будзе пробным.
"Калі па нейкай прычыне акажацца, што мяжу неабходна закрыць, я не буду вагацца ні хвіліны", - падкрэсліў Туск.
Польскі прэм’ер дадаў, што пункты пропуску павінны служыць простым людзям, а палітыка не павінна ўмешвацца ў жыццё памежжа.
На дадзены момант на беларуска-польскай мяжы дзейнічаюць два пункты пропуску – "Брэст" ("Цярэспаль") і прызначаны для грузавога транспарту "Казловічы" ("Кукурыкі"). "Баброўнікі" былі закрытыя 10 лютага 2023 года, "Кузня" – у лістападзе 2021 года.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"