МІНСК, 2 сне – Sputnik. Галаграфічная копія адной з галоўных праваслаўных святынь Беларусі – Крыжа Прападобнай Еўфрасінні Полацкай – была прэзентавана сёння ў Мінску ў рамках XI Калядных чытанняў.
Усяго ў свеце ёсць чатыры галаграфічныя копіі Крыжа Еўфрасінні Полацкай, усе яны зроблены ў Мінску на навукова-вытворчым прадпрыемстве "Магія святла".
"Гэтая галаграфічная копія Крыжа Прападобнай Еўфрасінні была запісана ў 2008 годзе па благаславенні Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта. Усяго было чатыры галаграфічныя выявы гэтай святыні", - распавяла Sputnik генеральны дырэктар "Магіі святла" Людміла Таніна.
Паводле яе слоў, галаграфічная копія Крыжа, якую сёння паказалі ў Мінску, гэта выставачны варыянт.
Генеральны дырэктар "Магіі святла" Людміла Таніна
© Sputnik / Тамара Беляева
"Яна не тыражуецца, не распаўсюджваецца, а толькі ўдзельнічае ў выставачнай дзейнасці. Пісьмо, якое мы маем ад Беларускай праваслаўнай царквы аб захаванні нашых артэфактаў, мы дакладна выконваем", - сказала Людміла Таніна.
Паводле яе слоў, сучасныя тэхналогіі дазваляюць вялікай колькасці людзей убачыць унікальныя хрысціянскія святыні.
"Мы захоўваем сродкамі галаграфіі культурны код Беларусі і ў цэлым хрысціянства, ...мы можам шырокаму колу паказаць артэфакты і іконы, у тым ліку і невывазныя, тыя, якія патрабуюць рэстаўрацыі", - сказала Таніна.
Як адзначыў доктар фізіка-матэматычных навук, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Леанід Танін, а менавіта ён стаяў ля вытокаў беларускай мастацкай галаграфіі, работа пачалася з самай унікальнай і самай значнай для Беларусі праваслаўнай святыні – Крыжа Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Праект пачынаўся напярэдадні 1020-годдзя хрышчэння Русі, якое шырока адзначалася ў 2008 годзе, месцам урачыстасцей была выбрана Беларусь, у Мінск прыехалі прадстаўнікі ўсіх замежных праваслаўных епархій.
Па словах Леанід Таніна, галаграфічны Крыж Прападобнай Еўфрасінні Полацкай быў паднесены ў розныя гады Патрыярху Алексію II, Патрыярху Кірылу, калі яны прыязджалі ў Беларусь. Адна з галаграфічных копій беларускай праваслаўнай святыні паднесена Уладыку Сербскаму Іерэю.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"