Працягваецца Піліпаўскі пост з яго кароткімі шэрымі днямі і цёмнымі вечарамі, якія, здаецца, цягнуцца бясконца. Засынае прырода, і чалавек таксама падпарадкоўваецца яе магутным рытмам. У чаканні зімовага сонцавароту апошні месяц года штодня поўны чараўніцтва.
Надвор'е ў Піліпаўку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Вось і цяпер на календары 13 снежня, калі згодна з традыцыямі ўсходніх славян адзначаюцца Андросы (ці інакш Андрос, Андрэй, Андрэйкі) – свята, якое царквою ўшаноўваецца як дзень памяці аднаго з апосталаў Ісуса Хрыста – святога Андрэя Першазванага. У народзе ж гэты дзень непарыўна звязаны з любоўна-шлюбнай сімволікай і найперш – з дзявочай варажбой.
Лялькі-абярэгі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Таемнасць піліпаўскіх вечароў
Цікава, як сталенне вясковых дзяўчат адбывалася 200 гадоў таму. Так, у тыя часы дзяўчынкі-падлеткі малодшага ўзросту мелі шмат лёгкіх працоўных абавязкаў па хатняй гаспадарцы. У сваю чаргу беларусачкі ад 12 да 15 гадоў ужо ўмелі прасці, шыць, ткаць, працавалі ў полі і на агародзе. І ўрэшце дзяўчынкі ад 16 да 17 гадоў моцна сталелі і рыхтаваліся да дарослага жыцця, у якое яны ўступалі пасля замужжа. Лічылася, што працавітая, мажная дзяўчына будзе мець шмат дзяцей, любіць мужа, а шлюб ёй будзе не ў цяжар.
Дзяўчаты перад "паседжанкамі"
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Да ўсяго ж, ідэалам прыгажосці ў вясковым асяродку лічыліся паўнагрудыя жанчыны. Каб наблізіцца да такога ідэалу і напаткаць свайго нарачонага, дзяўчыны выкарыстоўвалі розныя магічныя прыёмы, сярод якіх было ўжыванне ў ежу акруглай гародніны – бульбы, бручкі, буракоў ды рэпы. І, зразумела, не забываліся на варажбу.
Каб напаткаць свайго нарачонага, дзяўчынам трэба было ўжываць у ежу рэпу
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
На працягу цёмных піліпаўскіх вечароў варажба наладжвалася не аднойчы. Так, пачыналі практыкавацца ў ёй у пачатку месяца 4 снежня на Увядзенне. Напрыклад, спадзеючыся прысніць хату будучага мужа, на Палессі дзяўчаты, кладучыся спаць напярэдадні свята, загадвалі:
"Святое Увядзенне, вядзі мяне туды, і дзе мне жыць".
Далей варажба ладзілася на Кацярыну, 7 снежня: дзяўчаты пяклі салёныя лапуны і перад сном з’ядалі іх, каб у сне "суджаны-раджаны" падаў вады.
Лапуны вясковыя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
І вось нарэшце 13 снежня – Андрэй – яшчэ адно дзявочае свята. Здаўна кожная вясковая дзяўчына на выданні ведала, што варажба на Андрэя самая праўдзівая. Мабыць, таму паваражыць на лёс перад Калядамі ў вясковай моладзі было звыклай справай ажно да сярэдзіны XX стагоддзя.
Самы час "андросіць"!
На Андрэйкі для дзяўчат існавала пэўнае правіла: у гэты дзень, каб хутчэй выйсці замуж, забаранялася прасці, ткаць і наогул працаваць. Карацей кажучы, трэба было "андросіць". Адбывалася гэта звычайна наступным чынам: пасля вячэры, напярэдадні 13 снежня, дзяўчыны збіраліся групамі ў хатах, куды звычайна хадзілі на попрадкі і дзе варажылі на розны лад. Пра такія "паседжанкі" маці, калі дзяўчаты не паспявалі выканаць якой работы, знарок сярдзіта казалі:
"Трэба было табе не андросіць, да кудзелю кудосіць!"
"Не андросіць, а кудзелю кудосіць!"
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Але ж кожная з іх памятала тыя, поўныя хваляванняў маладосці, часы, калі і сама "андросіла".
Наогул, Андросаўская варажба мела свае ўласцівасці, звязаныя з ужываннем адмысловых рэчаў, якія карысталіся папулярнасцю ў дзяўчат на выданні. Напрыклад, бралі напарстак мукі, напарстак вады, клалі крыху солі, затым з гэтай сумесі пяклі маленькі піражок і клалі яго ў шапку, падсоўваючы пад падушку – лічылася, што такім чынам можа прысніцца жаніх. Або з’ядалі нанач салёны селядзец, каб у сне падаў вады і наталіў смагу будучы нарачоны.
Акрамя таго, з мэтай спазнаць свайго жаніха ахвочыя да замужжа дзяўчаты перад адпачынкам абсявалі ўласную пасцель насеннем ільну, замаўляючы ў святога Андрэя містычнае спатканне з любым хлопцам падчас сну. Ці другім разам увечары дзяўчаты беглі на двор да сцірты з дровамі, каб выхапіць некалькі паленцаў, бо калі іх было да пары, то хутка будзе вяселле.
Варажба на саломінах
© Sputnik / Марына Серабракова
Складана паверыць, але падобная практыка народнай варажбы жывая дагэтуль! Пра тое не раз даводзілася чуць у сучасных этнагафічнах экспедыцыях. І хаця нібыта ў жарт варожаць сённяшнія дзяўчаты перад Калядамі, аднак тым самым замацоўваюць таямнічыя веды продкаў да наступнага пакалення. А каб варажыць было весела, прыгадаем смачны і лёгкі пачастунак на аснове лёгкага піва!
Пачастункі для "варажбітак"
Даўней хатняе піваварэнне было вельмі распаўсюджана. Зараснікі хмелю і цяпер можна сустрэць непадалёк ад людскіх паселішчаў. Варылі піва да вяселляў і вялікіх свят накшталт Калядаў. Да таго ж падчас посту шырока ўжывалася і насенне маку, якога раней удосталь было ў кожнай гаспадыні.
Інгрэдыенты да грэтага піва
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Нагадаем некалькі старажытных рэцэптаў поснага піва ад Вінцэнты Завадскай, аўтара першай беларускай кулінарнай кнігі "Літоўская кухарка".
Поснае піва, грэтае з мёдам
З чаго гатаваць:
3 л лёгкага піва,
2-3 ст. л. мёду,
1 ст. л. аліўкавага алею,
1 лімон.
Хатняе піва ў глінянай місцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Нагрэць піва, у прапорцыі пасалоджанае мёдам, дадаць трохі аліўкавага алею, пакласці лімон, нарэзаны кружочкамі.
Поснае піва, грэтае з макавым малаком
Спачатку гатуецца макавае малако. Робіцца гэта наступным чынам.
З чаго гатаваць:
2 шк. маку,
вада (па патрэбе).
Зерне маку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Заліць 2 шк. маку кіпенем і пакінуць, накрыўшы накрыўкай на гадзіну, каб набрыняў, потым прамыць некалькі разоў, адцадзіць на сіта і выціснуць у сурвэтцы насуха. Гэтак прыгатаваны мак трэба расцерці як мага мацней да мяккасці (раней для гэтага карысталіся глінянай макотрай і драўляным таўкачыкам) – у выніку стоўчанае зерне маку набудзе выгляд малака і атрымаецца густая маса.
Пасля распачынаем гатаванне асноўнай стравы.
З чаго гатаваць:
3 л лёгкага піва,
макавае малако,
крыху цукру.
Як гатаваць. Нагрэць піва, размяшаць з макавым малаком і моцна нагрэць, але не кіпяціць, інакш малако можа згуснуць. Можна дадаць цукру.
Грэнкі да грэтага піва з мёдам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Да стравы, прыгатаванай першым ці другім спосабам, звычайна падаюць падсушаныя грэнкі з хлеба, абсыпаныя соллю і кменам. Дарэчы, прыведзеныя рэцэпты разлічаны на вялікую вясёлую кампанію і ў залежнасці ад колькасці людзей, прапорцыі лёгка мяняць.
Вясёлых Андросаў і смачна есці ў добрай кампаніі!
Чытайце таксама:
"Увядзенне прыйшло, зіму прывяло…", або Снежаньскае частаванне з поснымі ноткамі
"Хутка Піліпей – гатуем стол смачней", або "Морозцы" для павітухі
"Ад Матроны зіма становіцца…", або Традыцыйныя стравы позняй восені