МІНСК, 8 сту – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" падкрэсліў, што гэтая прэмія ўручаецца беларусам за зробленае імі не на паказ і не на продаж, а па клічы сэрца, і выказаў упэўненасць, што гэтая традыцыя будзе прадоўжана будучымі пакаленнямі.
Цырымонія ўручэння прэміі, а таксама спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп" праходзіць у чацвер у Палацы Рэспублікі.
Беларускі лідар нагадаў, што ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі Беларусь толькі ўступіла на шлях незалежнасці, у краіне вельмі актыўна гучала тэма пошуку беларускай праваслаўнай рэліквіі – Крыжа Еўфрасінні Полацкай, і ён, будучы кандыдатам у прэзідэнты, у адным з інтэрв’ю выказаў меркаванне, што яшчэ не час шукаць рарытэт, паколькі рэспубліцы трэба аднаўляць сваю эканоміку.
"Але ў пэўным сэнсе мы знайшлі святыню. Вельмі хутка – у сэрцы народа. Знайшлі гэты сімвал духоўнасці ў людзях, якія ў найкарацейшыя тэрміны аднаўлялі нармальны тэмп развіцця народнай гаспадаркі", - цытуе кіраўніка дзяржавы прэзідэнцкая прэс-служба.
Нягледзячы на цяжкасці, гэтыя людзі, адзначыў Лукашэнка, развівалі традыцыі народнай творчасці і іншыя віды мастацтва – зусім не камерцыйныя.
Ён таксама звярнуў увагу, што прэмія "За духоўнае адраджэнне" была заснавана ў Беларусі праз два гады пасля першых прэзідэнцкіх выбараў, 5 студзеня 1997 года, і зроблена гэта было з заробленых усёй краінай грошай.
"З года ў год мы прысуджаем яе за тое, што зроблена па клічы сэрца, не напаказ. У імя мастацтва, не на продаж. На карысць краіны, але не дзеля славы", - сказаў прэзідэнт.
Духоўнасць і культура непадзельныя
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што словы "духоўнасць" і "культура" не могуць існаваць асобна.
"Культура – гэта пульс жыцця, жыцця нашага народа. Калі мы захоўваем матэрыяльную, творчую, духоўную спадчыну продкаў – у нас ёсць гісторыя. Калі ёсць што захоўваць – значыць, ёсць народ, значыць, ёсць і дзяржава", - адзначыў ён.
У сувязі з гэтым прэзідэнт выказаў словы падзякі ўсім тым, хто беражэ гістарычную памяць, культуру, духоўныя каштоўнасці.
Падкрэсліўшы важнасць уручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", ён выказаў упэўненасць у тым, што гэтую традыцыю абавязкова захаваюць будучыя пакаленні.
"Перакананы таму, што ёсць вы, лаўрэаты – творчыя і вельмі светлыя людзі. Ёсць ваш прыклад, які натхняе", - дадаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутных.
Таксама Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх беларусаў з Калядамі, пажадаўшы суайчыннікам поспехаў у справах, выканання задуманага, дабрабыту і міру.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"