МІНСК, 20 сту – Sputnik. Рускі Дом у Мінску стаў актыўнай платформай для рэалізацыі праектаў, накіраваных на канкрэтную дапамогу людзям, умацаванне сацыяльных сувязей і прасоўванне каштоўнасцей узаемадапамогі і валанцёрства. Аб гэтым кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Юрый Макушын расказаў у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Ён адзначыў, што прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва прымае актыўны ўдзел у рэалізацыі праграм двухбаковага гуманітарнага, культурнага, навукова-тэхнічнага і інфармацыйнага супрацоўніцтва. Менавіта ў сацыяльнай сферы найбольш яскрава праяўляецца стваральная і аб’яднальная роля.
Так, у 2025 годзе было рэалізавана шэсць валанцёрскіх праектаў – пераможцаў конкурсу "Валанцёрскі праект у сацыяльнай сферы", які быў праведзены ў партнёрстве з Беларускім Чырвоным Крыжам. Гэта праекты па падтрымцы дзяцей і жанчын з анкалогіяй, па прасоўванні сярод школьнікаў здаровага ладу жыцця, па экалагічнай бяспецы, пазнанні навакольнага свету, па аказанні дапамогі пажылым людзям у асваенні сучасных тэхналогій.
"Мы падтрымліваем розныя напрамкі. У прыватнасці, у Рэспубліцы Беларусь адна місія "Дабро" заключалася ў дапамозе рэстаўратарам, якія працуюць у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць – герой". Прыехалі расійскія валанцёры, выкладчыкі, спецыялісты, студэнты, якія дапамагалі менавіта ў рэстаўрацыі мемарыяла", - расказаў Макушын.
Акрамя таго, актыўная работа вялася па выбудоўванні партнёрскіх адносін і абмене вопытам паміж расійскімі і беларускімі арганізацыямі сацыяльнага, медыцынскага профіляў, грамадскімі аб’яднаннямі, у аказанні практычнай дапамогі расійскімі спецыялістамі ў рамках дабрачынных форумаў "Час добрых спраў" і міжнародных валанцёрскіх праграм "Місія дабро".
"Цікавы праект – "Даступны білет", калі школьнікі-валанцёры працавалі на Цэнтральным вакзале горада Мінска і аказвалі дапамогу людзям, прычым не толькі пажылым, у рабоце з тэрміналамі самаабслугоўвання. Гэта значыць тлумачылі, дапамагалі набыць білет, …у цэлым далучаліся да такога вось лічбавага самаабслугоўвання", - адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва.
Праектаў стане больш
Новыя напрамкі работы Рускага Дома ў Мінску будуць акрэслены конкурсам "Валанцёрскі праект у сацыяльнай сферы". Яго вынікі плануецца падвесці ў канцы студзеня.
"Таксама, улічваючы, што бягучы год аб’яўлены Годам аховы здароўя ў краінах СНД, мы плануем надаць большую ўвагу тэме аховы здароўя, тэме актыўнага даўгалецця, пытанням, звязаным з інавацыямі ў медыцыне. У нас літаральна пад канец года адбыўся на базе Расійскага цэнтра навукі і культуры форум, прысвечаны генетычнай малекулярнай медыцыне, гэта значыць сучасным напрацоўкам абмену вопытам расійскіх і беларускіх спецыялістаў у гэтай сферы", - дадаў Макушын.
Акрамя таго, у Рускім Доме ёсць планы на пашырэнне сацыяльнай падтрымкі школ, сацыяльных устаноў і іншых арганізацый, якім гэта неабходна.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"