МІНСК, 27 лют – Sputnik. Цікавасць да пытання стварэння крыптабанкаў ужо праявілі буйныя фінансавыя структуры з Беларусі і замежжа, пра гэта паведаміў кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат беларускага парламента, перадае карэспандэнт Sputnik.
"Цяпер Нацыянальны банк сумесна з урадам ажыццяўляе рэгламентаванне пытанняў стварэння і функцыянавання крыптабанкаў", - сказаў Галоўчанка.
Ён падкрэсліў, што нядаўна прыняты ўказ, які дае магчымасць ствараць крыптабанкі, стаў прарыўным нават па міжнародных мерках.
"Першыя заяўкі ад інвестараў і ўдзельнікаў рынку будуць апрацаваны ўжо да лета бягучага года", - запэўніў Галоўчанка.
Кіраўнік Нацбанка агучыў перавагі для грамадзян і арганізацый ад стварэння крыптабанкаў. У тым ліку, гэта адзіны баланс – кампаніям не трэба будзе разрывацца паміж банкаўскім рахункам і акаўнтам на нейкай крыптабіржы.
Акрамя таго, знізіцца верагоднасць блакіровак, бо крыптабанкі будуць падкантрольныя Нацыянальнаму банку. Аперацыі ў іх стануць зразумелымі для кантралюючых органаў. Пашыраецца і спектр магчымасцей для фізічных асоб. Гэта і крэдыты з залогам крыптавалюты, і крыптадэпазіты, і шмат іншага.
Раней першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Аляксандр Ягораў тлумачыў, што, напрыклад, крыптабанкі змогуць выпускаць карткі. Імі можна будзе расплачвацца ў звычайнай краме. На рахунку будзе крыптавалюта, але ў момант пакупкі яе перавядуць у беларускія рублі па бягучым курсе.
Указ №19, які дае магчымасць ствараць у Беларусі крыптабанкі, быў падпісаны 16 студзеня бягучага года. Крыптабанк, паводле дакумента, – гэта акцыянернае таварыства, якое мае права сумяшчаць працу з токенамі і фінансавыя аперацыі. Для гэтага трэба мець статус рэзідэнта ПВТ і ўваходзіць у рэестр, які вядзе Нацбанк.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"