МІНСК, 22 сак – Sputnik. Выбарачнае анкетаванне турыстаў пройдзе ў Беларусі сёлета, вынікае з афіцыйна апублікаванай пастановы Нацыянальнага агенцтва па турызме.
"На аб’ектах транспартнай інфраструктуры – на працягу паслядоўных пяці дзён у перыяд з 16 па 22 верасня; у гасцініцах і аналагічных сродках размяшчэння, на аб’ектах турыстычнай індустрыі – з 23 па 29 сакавіка, з 18 па 24 мая, з 7 па 13 верасня, з 11 па 17 лістапада", - гаворыцца у дакуменце аб тэрмінах.
У дадатку да дакумента ўдакладняецца, што апытанні могуць праходзіць і ў атэлях, і на АЗС, і непасрэдна ў тых месцах, дзе звычайна адпачываюць турысты.
У анкетах будзе, напрыклад, пытанне аб тым, у якой краіне турыст пражывае больш за год. Сярод гатовых адказаў прапануюцца Беларусь і Расія. Калі гэта нейкая іншая краіна, трэба ўказаць яе самастойна.
Ёсць і пытанні аб тым, колькі часу турыст плануе прабыць у Беларусі (калі ён замежнік). Ці прыехаў ён проста адпачываць, ці на шопінг, да сваякоў і г.д.
Таксама падчас апытання трэба будзе назваць месцы начлегу: атэль, здымная кватэра ці іншае. Некалькі асобных пытанняў датычацца расходаў. Трэба ўказаць суму, і на што яе патрацілі: напрыклад, на алкаголь, прадукты харчавання, выдаткі на бензін, наведванне музеяў.
Анкета складзена на дзвюх мовах: рускай і англійскай.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"