Кадры сустрэчы беларускага лідара ў Міжнародным аэрапорце "Сунан" апублікаваў Telegram-канал "Пул Першага".
Каля трапа самалёта Аляксандра Лукашэнку сустракаў першы намеснік прэм’ер-міністра КНДР Кім Ток Хун і міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Таксама ў складзе беларускай дэлегацыі – малодшы сын беларускага лідара Мікалай Лукашэнка.
"Горача вітаю ваш візіт у нашу краіну, таварыш прэзідэнт", - заявіў высокаму госцю паўночнакарэйскі віцэ-прэм’ер.
У адпаведнасці з пратаколам, кіраўнік беларускай дзяржавы і члены дэлегацыі прайшлі ад трапа да аэрапорта па чырвонай дарожцы, іх вітала рота ганаровай варты. Самай мілай часткай прывітальнай цырымоніі сталі дзеці, яны віталі гасцей, размахваючы сцяжкамі з нацыянальнай сімволікай КНДР. Дзяўчына ў нацыянальным адзенні паднесла беларускаму прэзідэнту букет кветак.
На шляху ад міжнароднага аэрапорта ў сталіцу картэж беларускага прэзідэнта суправаджаў ганаровы эскорт з 21 матацыкла.
Пасля прыбыцця ў Пхеньян Лукашэнка наведаў Кымсусанскі палац, дзе ўшанаваў памяць кіраўнікоў КНДР – Кім Ір Сена і Кім Чэн Іра. Мемарыял прысвечаны неўміручасці паўночнакарэйскіх правадыроў, сімвалізуе годнасць нацыі і лічыцца вечнай святыняй.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"