МІНСК, 24 кра – Sputnik. Беларускія спецыялісты прымяняюць тэхналогіі, з дапамогай якіх можна зрабіць прыдатнымі для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы забруджаныя пасля аварыі на ЧАЭС глебы і атрымліваць "чыстую" прадукцыю, паведаміў дырэктар Інстытута радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук рэспублікі Ігар Чэшык.
Паводле яго слоў, паскорыць працэс распаду радыенуклідаў, якія трапілі ў глебу ў выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, нельга.
"Калі перыяд паўраспаду, напрыклад, цэзію-137 (а гэта асноўны дозаўтвараючы элемент) складае 30 гадоў, – гэта значыць праз 30 гадоў яго актыўнасць знізілася ў два разы, праз наступныя 30 гадоў яго актыўнасць знізіцца яшчэ ў два разы, – то паўплываць на гэта, паскорыць працэс мы не можам. Тут галоўны фактар – час", - растлумачыў Чэшык у інтэрв’ю РІА Навіны.
Разам з тым існуюць пэўныя метады, з дапамогай якіх можна прадухіліць або паменшыць паступленне радыенуклідаў з глебы ў расліны.
"Адзіны спосаб паступлення радыенуклідаў у арганізм – праз прадукты харчавання, праз тое, што расце ў зямлі: агародніну, плады, траву, корм для птушкі і жывёлы, ад якой атрымліваюць мяса, малако, яйкі... Дык вось паўплываць на пераход радыенуклідаў у ежу мы можам, і мы гэта робім", - сказаў кіраўнік профільнага інстытута.
Ён таксама ўдакладніў, што адзін з распаўсюджаных спосабаў – унясенне ў глебу вялікай колькасці калійных удабрэнняў. Ён растлумачыў, што калій замяшчае цэзій, гэта значыць пры харчаванні раслін ён усмоктваецца самым першым і ў выніку памяншаюцца каэфіцыенты пераходу цэзію ў расліну.
"Так што на глебе, у якой ёсць радыеактыўны цэзій, можна атрымліваць "чыстую" прадукцыю, у тым ліку нашым інстытутам распрацоўваецца шмат глебаўдасканальваючых дабавак для такіх мэт", - сказаў ён.
Акрамя гэтага, можна засаджваць глебы раслінамі-абсарбентамі, якія ўзмоцнена паглынаюць цэзій з глебы. Эксперт растлумачыў, што гэта дае магчымасць знізіць канцэнтрацыю цэзію ў глебе.
Па словах Чэшыка, розныя сельскагаспадарчыя культуры па-рознаму назапашваюць элементы. Так, адны больш актыўна назапашваюць радыеактыўны цэзій, а іншыя, наадварот, не схільны да яго назапашвання, але больш актыўна назапашваюць стронцый і плутоній.
"Так што мы можам даваць рэкамендацыі, на якіх землях што лепей вырошчваць. Таксама можна распрацоўваць прагнозныя мадэлі апрацоўкі зямель з мэтай далейшага атрымання "чыстай" прадукцыі нейкага канкрэтнага віду", - сказаў на заканчэнне дырэктар навуковага інстытута.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"