У выніку выбуху на ЧАЭС у атмасферу выкінула вялізную колькасць радыеактыўных рэчываў, якія забрудзілі значныя тэрыторыі Беларусі, Расіі і Украіны. З таго моманту карта радыеактыўнага забруджвання моцна змянілася: адна частка радыенуклідаў цалкам распалася, іншая – распадаецца больш марудна.
У той жа час узніклі і новыя пагрозы, звязаныя з утварэннем новых радыенуклідаў у выніку распаду старых. Sputnik паразмаўляў з начальнікам службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Алегам Дзюбайлам і даведаўся, як змянілася карта забруджванняў Беларусі і чаго чакаць да 2056 года.
Як сочаць за радыяцыяй?
Усяго ў Беларусі функцыянуюць 120 пунктаў назірання (радыяцыйнага маніторынгу) за атмасферным паветрам, глебай, паверхневымі і падземнымі водамі.
Начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Алег Дзюбайла
© Sputnik / Александр Жибуль
Напрыклад, падчас маніторынгу паветра ацэньваюць змену магутнасці дозы, утрыманне радыенуклідаў у паветры (аб’ёмнай і паверхневай сумарнай бэта-актыўнасці, актыўнасці цэзію-137, стронцыю-90 і іншых радыенуклідаў).
Сетка пунктаў назірання радыяцыйнага маніторынгу атмасфернага паветра Белгідрамета ўключае ў сябе 41 дазіметрычны пост. Усяго за мінулы год на пунктах назірання выканалі больш за 21,4 тыс вымярэнняў. Пры вымярэнні магутнасці дозы не выяўлена ніводнага выпадку перавышэння ўзроўняў магутнасці гама-выпраменьвання над шматгадовымі ўсталяванымі значэннямі.
"Сярэднія паказчыкі па рэспубліцы 0,10-0,12 мкЗв/г (адзінка вымярэння магутнасці дозы іянізавальнага выпраменьвання, якая паказвае, якую дозу радыяцыі атрымлівае чалавек за адну гадзіну ад гама-выпраменьваючых радыенуклідаў, якія знаходзяцца ў паветры і глебе. - Sputnik). Прынята лічыць, што ўзровень натуральнага гама-фону на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не перавышае 0,20 мкЗв/г", - кажа Дзюбайла.
Больш высокія значэнні зафіксаваны на пунктах назірання "Брагін" (0,46) і "Слаўгарад" (0,18), што абумоўлена размяшчэннем гэтых пунктаў у зонах радыеактыўнага забруджвання. Але і там спецыялісты фіксуюць пазітыўную тэндэнцыю да зніжэння ўзроўню магутнасці дозы.
Назіральнікі праводзяць вымярэнні штодзень па ўсёй Беларусі. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях вымярэнні вядуцца кожныя тры гадзіны, узмацненне рэгламенту назіранняў звязана з канфліктам ва Украіне.
Акрамя таго, каля БелАЭС, а таксама ў зонах уплыву атамных электрастанцый сумежных дзяржаў працуюць аўтаматызаваныя сістэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі (усяго 33 аўтаматычныя пункты вымярэння ў краіне).
"Перавышэнняў не было зафіксавана нават пасля буйнога пажару ў 2020 годзе ў зоне Чарнобыльскай АЭС. Тады паказчыкі вар'іраваліся ў межах хібнасці прыбора – 0,01 мкЗв/г, хоць у асобныя дні назіралася павышэнне ўтрымання цэзію-137 і сумарнай бэта-энергіі ў паветры", - удакладняе начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета.
Ёд з Японіі даляцеў да Беларусі
Радыяцыйны маніторынг атмасфернага паветра вядуць на 25 пунктах назірання за радыеактыўнымі выпаданнямі з атмасферы і 10 пунктах назірання за радыеактыўным аэразолем.
Радыёактыўны аэразоль выяўляюць з дапамогай паветрафільтруючых установак, якія прапампоўваюць дзясяткі тысяч кубаметраў паветра ў дзень праз спецыяльны фільтр. У выніку на ім канцэнтруецца радыеактыўны аэразоль. Яго ўжо вымяраюць у лабараторыях, абсталяваных спецыяльным спектраметрычным абсталяваннем па вызначэнні ўсяго спектра гама-выпраменьвальных радыенуклідаў. Гэты метад пробаадбору дазваляе выяўляць нават вельмі малыя канцэнтрацыі радыенуклідаў у паветры.
"Штодня фільтры з адабраным аэразолем вымяраюцца для вызначэння ўтрымання радыенуклідаў, у першую чаргу наяўнасці ёду-131, бо ён з'яўляецца адным з асноўных індыкатараў аварыі на АЭС. Напрыклад, мы выявілі ў 2011 годзе ў аэразолі ёд-131 з японскай АЭС "Фукусіма" і на працягу некалькіх тыдняў назіралі яго, а таксама цэзій-134 і цэзій-137 на ўсіх пунктах назіранняў", - дзеліцца Дзюбайла.
Паводле яго слоў, радыеактыўнае воблака з Фукусімы спачатку пайшло на Ціхі акіян, затым – на Атлантычны, у напрамку Паўночнага ледавітага акіяна, а ўжо пасля накіравалася на Еўропу. У Беларусі знайшлі следавыя колькасці кароткажывучых тэхнагенных радыенуклідаў спачатку на поўначы краіны, а праз некалькі дзён іх зафіксавалі ўжо ў цэнтральных і паўднёвых рэгіёнах рэспублікі.
Спецыялісты Белгідрамета праінфармавалі Міністэрства аховы здароўя, МНС, а далей гэтыя ведамствы прымалі рашэнне па рэагаванні. "На шчасце, здароўю насельніцтва ёд з-за малой колькасці не пагражаў і не спатрэбілася праводзіць ахоўныя мерапрыемствы", - дадае Дзюбайла.
Якія радыенукліды самыя небяспечныя?
Пасля трагедыі на ЧАЭС асноўныя радыенукліды, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі, – гэта цэзій-137, стронцый-90, ізатопы плутонію (238, 239, 240 і 241). Плутоній-241 паступова распадаецца і ператвараецца ў амерыцый-241.
"Працэс павелічэння актыўнасці амерыцыю-241 будзе ісці да 2056 года, на гэты час давядзецца пік. Амерыцый – альфа-выпраменьвальнік. Яго часціцы валодаюць высокай энергіяй, але з-за высокай масы хутка губляюць яе ў рэчыве, таму пранікальная здольнасць нізкая – ліст паперы можа паслужыць абаронай. Аднак пры пападанні ўнутр арганізма ён вельмі небяспечны", - расказвае Дзюбайла.
Ён удакладніў, што перыяд паўраспаду амерыцыю складае 432 гады.
Аднак ёсць і часавыя фактары, якія змяншаюць рызыкі. Напрыклад, ападкі станоўча адбіваюцца на радыяцыйнай абстаноўцы.
"У гэтым годзе зімой выпаў вялікі слой снегу, і магутнасць дозы на пункце назірання "Брагін" складала 0,33-0,35 мкЗв/г. Памяншэнне – амаль у два разы ад фонавых значэнняў. Усё таму, што снег экраніраваў радыёнукліды, якія знаходзяцца ў глебе", - тлумачыць спецыяліст.
Ён таксама распавёў, што 97% плутонію выпала на поўдні Гомельскай вобласці, і стварэнне Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (далей – ПДРЭЗ) дазволіла ізаляваць гэтую тэрыторыю, якая стала рэжымнай.
"Такім чынам, задача ПДРЭЗ – не толькі абмежаваць гэтыя тэрыторыі ад насельніцтва, але і не дапусціць вынас радыяцыі за межы запаведніка", - адзначае Дзюбайла.
Карта забруджвання стронцыем-90 і плутоніем-238, 239, 240 па стане на 2026 год
© Sputnik / Александр Жибуль
Паводле яго слоў, цэзій-137 і стронцый-90 за 40 гадоў мігрыравалі ўглыб глебы на 15-20 см. Дзюбайла запэўнівае, што ў сувязі з гэтым пагрозы падземным водам няма. Маніторынг за мінулы год на 25 пунктах назірання паверхневых і падземных вод паказаў, што значэнні сумарнай альфа-, бэта-актыўнасці цэзію-137 і стронцыю-90 значна ніжэй за кантрольныя ўзроўні.
"Радыёнукліды перастаюць уяўляць значную радыяцыйную небяспеку пасля 10 перыядаў паўраспаду. 40 гадоў прайшло пасля аварыі, адзін для асноўных чарнобыльскіх радыенуклідаў перыяд паўраспаду ўжо прайшоў (перыяд паўраспаду для цэзію-137 і стронцыю-90 складае 30,17 і 28,8 года адпаведна). Так, цэзій-137 у выніку радыеактыўнага распаду ператвараецца ў кароткажывучы даччыны радыенуклід барый-137. Стронцый гэтак жа ператвараецца ў ітрый-90 (перыяд паўраспаду – 64 гадзіны), які ператвараецца ў стабільны цырконій-90", - кажа Дзюбайла.
А вось перыяд паўраспаду плутонію-239 складае каля 24 тысяч гадоў, 240-га – 6 560. Таму праблема гэтых радыенуклідаў застанецца актуальнай многія гады.
Карта забруджванняў
Першая карта радыяцыйнай абстаноўкі была складзена ў 1986 годзе. Выглядае яна ўражліва – частка Магілёўскай і Гомельскай вобласці пакрыта вялікімі плямамі радыеактыўнага забруджвання. У 2026-м прыкметна станоўчая дынаміка, тэрыторыя значна ачысцілася з прычыны распаду цэзію-137 і стронцыю-90.
Згодна з прагнозам, да 2056 года тэрыторыя Беларусі стане яшчэ чысцейшай. Участкі з самай высокай шчыльнасцю забруджвання радыенуклідамі будуць размяшчацца ў ПДРЭЗ.
"Прайшоў адзін перыяд паўраспаду ў цэзію і стронцыю – значыць, іх колькасць зменшылася прыкладна ў два разы, і радыяцыйны фон ад іх знізіўся. Да 2056-га, праз 70 гадоў пасля аварыі, пройдуць два поўныя перыяды. Забруджванне тэрыторыі будзе яшчэ менш за кошт натуральнага радыеактыўнага распаду", - распавядае Дзюбайла.
Працэс ачышчэння беларускай зямлі ад радыяцыі не хуткі, але вынік заўважны ўжо праз 40 гадоў пасля трагедыі на ЧАЭС. Можна параўнаць карты 1986 і 2026 года. Акрамя таго, аварыя на ЧАЭС стала прычынай стварэння і развіцця ў Рэспубліцы Беларусь сучаснай сістэмы радыяцыйнага маніторынгу і кантролю.
Сачыць за радыяцыйнай абстаноўкай можна на сайце rad.org.by. Ён агульнадаступны і паказвае даныя ў рэальным часе.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"