МІНСК, 3 мая – Sputnik. Выпускныя вечары ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі пройдуць 12 чэрвеня, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Мінадукацыі Віктар Доўнар.
Ён удакладніў, што па прыкладзе мінулага года ў ведамстве падрыхтавалі метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі значнай у жыцці выпускнікоў падзеі. У дакуменце прадугледжаны ўсе неабходныя арганізацыйныя пытанні.
"Асноўнай пляцоўкай для правядзення выпускных традыцыйна стануць школы", - адзначыў Доўнар.
Ён таксама дадаў, што выпускны можа быць арганізаваны і ў сацыякультурнай установе, калі няма магчымасці правесці яго ў школе ў сувязі з вялікай колькасцю выпускнікоў або з-за асаблівасці забудовы.
Па словах Доўнара, у такім выпадку выпускны вечар можа адбыцца ў тэатры, кінатэатры, доме культуры ці цэнтры творчасці. Рашэнне аб пераносе ўзгадняюць мясцовыя выканаўчыя органы.
У ведамстве падкрэслілі, што выпускны – перш за ўсё, свята для школьнікаў. У праграме яго правядзення разам з урачыстай часткай прадугледжваюцца забаўляльныя мерапрыемствы, а таксама сустрэча світання.
Таксама Доўнар расказаў, што практыка арганізацыі адзіных выпускных вечароў на гарадскім або раённым узроўні будзе працягнута.
"У гэтым годзе плануецца правядзенне агульнагарадскіх мерапрыемстваў па раёнах сталіцы. Маштабныя гарадскія выпускныя праходзяць і ў рэгіёнах", - цытуе прадстаўніка Мінадукацыі газета "СБ. Беларусь сегодня".
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"