МІНСК, 7 мая – Sputnik. Грамадзяне Беларусі праслаўляюць краіну працоўнымі перамогамі, але, калі трэба будзе, гатовы абараніць яе са зброяй у руках, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Напярэдадні свяшчэннага свята – Дня Перамогі – прэзідэнт Беларусі па традыцыі ўручыў дзяржузнагароды заслужаным прадстаўнікам розных сфер.
"Гэтак жа, як і яны (прадстаўнікі гераічнага пакалення пераможцаў. - Sputnik), мы праслаўляем Радзіму перш за ўсё сваімі працоўнымі перамогамі. Але – калі спатрэбіцца – мы гатовы абараняць яе, не шкадуючы свайго жыцця, са зброяй у руках – гэтак жа, як рабілі гэта яны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь страціла ў гады ВАВ кожнага трэцяга жыхара, але разам з іншымі народамі СССР выратавала планету ад карычневай чумы.
"Гэта найвялікшая заслуга, гонар беларускага народа, усяго савецкага народа. Ад гэтага гонару мы ніколі не павінны адмовіцца", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Сярод тых, каму кіраўнік дзяржавы сёння ўручыў узнагароды, – прадстаўнікі сілавога блока, якія, паводле слоў Лукашэнкі, заўсёды знаходзяцца на баявым пасту.
"Кожны мірны дзень, кожны мірны год – іх найвялікшая заслуга", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падзякаваў працаўнікам вёскі, аграрыям, якія самааддана працуюць у бітве за ўраджай.
"Вы забяспечваеце не менш важную харчовую бяспеку. Менавіта ваша нялёгкая праца вывела Беларусь у лік вядучых краін – экспарцёраў прадуктаў харчавання на сусветных рынках", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Сярод узнагароджаных сёння ў Палацы Незалежнасці вялікая колькасць настаўнікаў і педагогаў.
Лукашэнка адзначыў, што любая дзяржава, любая прафесія, любыя дасягненні пачынаюцца з настаўніка.
"Я рад, што сёння сярод узнагароджаных больш за ўсё прадстаўнікоў сфер адукацыі і навукі. Кожны з іх мае важкія асабістыя дасягненні і, вядома ж, здолеў выхаваць дастойных вучняў", - сказаў прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што трое з тых, каму сёння ўручаюцца ўзнагароды, на свае вочы бачылі Дзень Перамогі ў 1945 годзе.
"І яны да гэтага часу на працоўнай пасадзе!", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"