МІНСК, 7 мая – Sputnik. Нацбанк Беларусі плануе ў бліжэйшыя месяцы разгледзець пытанне зніжэння стаўкі рэфінансавання, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын, адказваючы на пытанне карэспандэнта Sputnik.
Ён адзначыў, што ў краіне назіраецца пазітыўная дынаміка па інфляцыі, гэта дае дадатковыя аргументы ў бок паніжэння працэнтных ставак на рынку.
"Плюс мы бачым, напэўна, што фундаментальныя эканамічныя фактары, якія раней аказвалі моцнае праінфляцыйнае ўздзеянне ўнутры краіны і з-за мяжы, гэта значыць гэта перш за ўсё імпартаваная інфляцыя, яны паступова слабеюць. Усё гэта, вядома, павышае верагоднасць таго, што ў бліжэйшыя месяцы на разгляд праўлення будзе выносіцца пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання", - падкрэсліў Мурын.
Начальнік галоўнага ўпраўлення паведаміў, што найбліжэйшае пасяджэнне праўлення Нацбанка намечана на чэрвень і пытанне зніжэння стаўкі рэфінансавання будзе выносіцца на разгляд.
"Зніжэнне стаўкі рэфінансавання дасць дадатковы імпульс на зніжэнне працэнтных ставак на крэдытна-дэпазітным рынку, хаця трэба адзначыць, што цяпер мы назіраем такую плаўную дынаміку на зніжэнне ставак, перш за ўсё, па крэдытах і па крэдытах для юрыдычных асоб", - паведаміў ён.
Што да таго, наколькі стаўка рэфінансавання можа знізіцца, Мурын мяркуе, што казаць пра гэта заўчасна.
"Але хутчэй за ўсё будуць разглядацца варыянты зніжэння на 25 базісных пунктаў, магчыма, на 50 базісных пунктаў", - дадаў прадстаўнік Нацбанка.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"