Хто такі Вайніловіч і чаму ён адмовіўся ад прапановы Сталыпіна

CC0 / / Чырвоны касцёл
Чырвоны касцёл - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Сквер за Чырвоным касцёлам будзе насіць імя Эдварда Вайніловіча, які ў пачатку ХХ стагоддзя быў членам Дзяржаўнага Савета Расіі ад Мінскай губерні. Sputnik прагуляўся па будучаму скверу Вайніловіча і ўспомніў, чым яшчэ ён вядомы беларусам.

МІНСК, 19 чэр — Sputnik. Члены камісіі па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых частак Мінска прагаласавалі за прысваенне імя Эдварда Вайніловіча скверу блізу касцёла Святога Сымона і Алены. Вайніловіч быў не толькі заснавальнікам аднаго з самых прыгожых мінскіх касцёлаў — Чырвонага, але і бачным палітычным дзеячам Беларусі. У 1918 годзе падчас нямецкай акупацыі ад імя мясцовых памешчыкаў выступіў з планам аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага. А ў свой час ён нават адмовіўся ад выгоднай прапановы Сталыпіна стаць намеснікам міністра сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі.

Цяпер шматлікія мінчане ведаюць Вайніловіча галоўным чынам як заснавальніка Чырвонага касцёла. Чым яшчэ знакаміты беларус і чаму камуністычная партыя доўгі час выступала супраць прысваення скверу яго імя, чытайце ў аглядзе Sputnik.

Чые імёны носіць Чырвоны Касцёл

Касцёл святога Сымона і Алены ў Мінску - Sputnik Беларусь
Рэканструкцыя Чырвонага касцёла распачнецца летам

Эдвард Вайніловіч, грамадскі, палітычны дзеяч, мецэнат у трыццаць пяць гадоў ажаніўся на Алімпіі, і неўзабаве ў сям'і з'явілася двое дзяцей — Сымон і Алена. Заўчасная смерць абодвух дзяцей стала для сям'і Вайніловічаў трагедыяй: у дванаццаць гадоў памёр Сымон, а напярэдадні свайго дзевятнадцацігоддзя памерла Алена. У памяць пра іх Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць на ўласныя грошы касцёл — восем гадоў каталіцкая грамада Мінска спрабавала дамагчыся ад уладаў горада права пабудаваць храм, і толькі ў 1905 годзе ім гэта ўдалося. Месца, абранае для будаўніцтва Чырвонага касцёла, які носіць імёны святых Сымона і Алены — заступнікаў памерлых дзяцей, тады не было гарадскім цэнтрам. Мецэнацкая дапамога сям'і Вайніловічаў значна паскорыла будаўніцтва.

Аўтарам праекта выступіў польскі архітэктар Томаш Пайздэрскі. У 1908 году асноўныя будаўнічыя работы былі завершаны, а ў 1909 годзе на касцёл паднялі званы. У 1910 годзе будаўніцтва было скончана, і арцыбіскуп Ключынскі асвяціў храм.

Дарэчы, Вайніловіч выступаў спонсарам будаўніцтва не толькі касцёлаў, але і праваслаўных цэркваў. Дзякуючы яму ў вёсцы Макраны ўзвялі праваслаўную Георгіеўскую царкву, а непадалёк — каталіцкі касцёл.

Вайніловіч і беларусізацыя

У 2015 годзе былі сабраныя больш за дзве тысячы калектыўных зваротаў грамадзян за прысваенне скверу за касцёлам Сымона і Алены імя Вайніловіча. Супраць выказаліся толькі 113 мінчан. Супраціўнікі перайменавання сцвярджалі, быццам гэты грамадскі дзеяч — прыхільнік паланізацыі, і прысваенне скверу яго імя можа нават "прывесці да сваркі з Расіяй". Галоўнымі супраціўнікамі прысваення скверу імя Вайніловіча былі камуністы з партыі "Справядлівы свет" (партыя Сяргея Калякіна), на іх думку, у Вайніловіча былі прапольскія настроі. На справе ж ён выступаў мецэнатам беларускай літаратуры, адкрыта асуджаў Рыжскую дамову, якая прывяла да падзелу Беларусі і перадачы яе часткі Польшчы.

Сам Вайніловіч успамінаў, што беларускай мовай валодаў у той жа ступені, што і польскай, і размаўляў на ёй са сваімі работнікамі.

"На працягу дзесяцігоддзяў я быў у пастаянным кантакце з усімі праявамі беларускага руху, спачатку ў Мінску, дзе даводзілася сустракацца з Луцкевічам і Кастравіцкім, а затым у Вільні і Пецярбургу — з Іваноўскім, Шыпілам. З усіх беларускіх суполак, прымаючы ў іх удзел матэрыяльна, я ў рэшце рэшт сыходзіў, таму што іх дзейнасць, якая пачыналася з самапазнання і нацыянальнага адраджэння, звычайна ў канцы набывала сацыялістычны кірунак", — пісаў Вайніловіч і прызнаваў, што з сацыялістычнымі настроямі не мог пагадзіцца.

© Sputnik / Юрий Заритовский / Перайсці ў медыябанкЗа савецкім часам у касцёле быў Дом кіно
В советское время в Красном костеле был Дом кино - Sputnik Беларусь
За савецкім часам у касцёле быў Дом кіно

Вайніловіч і Сталыпін

Эдвард Вайніловіч атрымаў добрую адукацыю. Скончыўшы з медалём Слуцкую гімназію, у 1865 годзе ён паступіў у Пецярбургскі імператарскі тэхналагічны інстытут. У 1872 годзе стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча), стажыраваўся на заводах Германіі і Бельгіі, пазней працаваў інжынерам-тэхнолагам на Пуцілаўскім заводзе ў Пецярбургу.

Вайніловіч быў спецыялістам у сельскай гаспадарцы, і яго веды прызнаў нават знакаміты міністр Пётр Сталыпін. Ён прапанаваў Вайніловічу пасаду свайго намесніка — віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расійскай Імперыі, але беларус адмовіўся.

Рэвалюцыя ўскладніла жыццё сям'і Вайніловічаў. Ён удзельнічаў у пасяджэннях Рады БНР, у 1918 годзе ва ўмовах нямецкай акупацыі ад імя мясцовых памешчыкаў выступіў з планам аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага.

З'ехаўшы ў Варшаву, ён стаў адным з арганізатараў "Саюза палякаў з беларускіх ускраін", а у красавіку 1919 года ўдзельнічаў у пераўтварэнні "Саюза памешчыкаў Мінскай губерні" у "Саюз памешчыкаў Літвы і Беларусі ў Варшаве". У канцы жніўня 1919 г. Вайніловіч вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся ў асабістым фальварку Савічы. Беларускі з'езд Случчыны, які падняў Слуцкае паўстанне, праходзіў 14 і 15 лістапада 1920 года ў доме Эдварда Вайніловіча ў Слуцку.

© Photo : Рымска-каталіцкая парафія імя Св. Сымона і Св. АленыМесца пахавання Вайніловіча ў Чырвоным касцёле
Место захоронения Эдварда Войниловича в Красном костеле - Sputnik Беларусь
Месца пахавання Вайніловіча ў Чырвоным касцёле

Калі Слуцк адышоў пад кантроль бальшавікоў, беларус вымушаны быў выехаць у Польшчу. У 1928 годзе ён памёр у польскім Быдгашчы. На яго надмагільным помніку напісана: "Выгнаны са сваёй зямлі Рыжскай дамовай, я вымушаны быў хадзіць па чужых палях". У 2006 годзе прах Вайніловіча быў перапахаваны ў Чырвоным касцёле.

Каталіцкая царква з 2016 года рыхтуе дакументы аб яго беатыфікацыі — працэс прылічэння памерлага да ліку блажэнных. Яго варта адрозніваць ад кананізацыі, якая з'яўляецца працэсам прылічэння праведніка да ліку святых. Працэс беатыфікацыі папярэднічае кананізацыі.

Стужка навiн
0