Любоў Каспяровіч, Sputnik.
Уладзімір Караткевіч. Класік беларускай літаратуры. Чалавек-ікона… Дзіўна, але менавіта такі асацыятыўны ланцужок узнікае ў галаве, калі чуеш імя Уладзіміра Сямёнавіча. Прайшло ўсяго трыццаць адзін год, як яго не стала, а постаць і асоба Караткевіча ўжо паспела забранзавець у стэрыатыпах. Яшчэ жывыя сябры і паплечнікі, якія віталіся не з "Уладзімірам Сямёнавічам", а з Валодзем і чулі ў адказ паважнае "добры дзень, стары", жартавалі з яго і разам з ім, ведалі яго звычкі і характар. Але маладзейшае пакаленне ўжо ўспрымае Караткевіча як "нарадзіўся-вучыўся-пакінуў вялікую літаратурную спадчыну-памёр".
Сёння Sputnik прапануе нанова пазнаёміцца з Уладзімірам Сямёнавічам. Ён будзе святкаваць Чысты Чацвер у ваннай Барадуліна, сыпаць аплявухі, фатаграфавацца з мядзведзем і плакаць праз рэдактарскія праўкі. Даруйце, калі ён вас расчаруе сваёй беззаганнасцю. Проста Караткевіч тут… жывы!
"Валодзя мне не даруе з таго свету, калі я адмоўлюся даць інтэрв'ю", — такімі словамі Адам Іосіфавіч Мальдзіс пагадзіўся расказаць пра свайго лепшага сябра. І пачне ён аповед, натуральна, са знаёмства.
Як пасябраваць за адну ноч
У той час я працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, даследаваў літаратуру 19-га стагоддзя і ніяк не датычыўся сучаснай. Працаваў у адным аддзеле з літаратуразнаўцай Валянцінай Гапавай. Неяк яна спытала, ці чытаў я новую кнігу Уладзіміра Караткевіча "Матчына душа". "Не маю часу чытаць сучаснай паэзіі, — адказваю. — Дый прозвішча Караткевіч мне нічога не гаворыць. Я ўвесь сяджу ў ХIХ стагоддзі". Праз некаторы час яна зноў падыходзіць да мяне і кажа: "Нарэшце гэты Караткевіч напісаў раман пра ХIХ стагоддзе. "Нельга забыць" называецца". Вось тады я сапраўды зацікавіўся. А калі прачытаў яго, быў у захапленні. І пасля напісаў для "ЛіМа" вялікую "ўзнёслую" рэцэнзію.
Памятаю, у Саюзе пісьменнікаў было нейкае паседжанне. Выходжу на перапынку на ганак, бачу — там сядзіць Янка Брыль. Да яго падыходзіць не знаёмы мне чалавек і пытаецца: "Хто такі Адам Мальдзіс?". "Ды вунь, стаіць непадалёк", — паказвае на мяне Брыль. Так ён нас і пазнаёміў.
Мы пайшлі да Уладзіміра Сямёнавіча на яго першую мінскую кватэру, што на Чарнышэўскага, прагаварылі амаль усю ноч. Нам было цікава адно з адным: мне, каталіку з Астравеччыны, і яму, усходніку-праваслаўнаму. Так, ён не адмаўляўся ад рэлігіі. І "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — не атэістычны раман, як некаторыя думаюць. Маўляў, у творы высмейваецца рэлігія, бо Хрыстос жа не можа быць падобным да касманаўта. Але ж там зусім пра іншае. Пра чалавека, які быў вымушаны ўвайсці ў вобраз Хрыста. І гэты факт зафіксаваны ў хроніках.
Гарыць святло — можна ісці
Памятаю, калі Уладзімір Сямёнавіч пераязжаў у атрыманую двухпакаёвую кватэру на вуліцы Веры Харужай, ён папрасіў мяне дапамагчы перавезці кніжкі. А бібліятэка ўжо на той час у яго была вялікая. Пераезд, зразумела, скончыўся застоллем. Падчас яго Караткевіч тыцнуў пальцам у бок дома, які будаваўся насупраць, на Чарвякова, і кажа: "Эх, добра было б, каб ты, стары (гэта любімы караткевічаўскі зварот да сяброў), атрымаў кватэру ў гэтым доме". І па волі лёсу ці, можа, "провидения", я атрымаў жыллё ў доме насупраць.
Валодзя жыў на другім паверсе, я — на першым. Нашы вокны добра праглядваліся. Тэлефонаў тады яшчэ не было, і мы запрашалі адзін аднаго ў госці вось так: ставілі на акно лямпу. Гарыць святло — можна ісці.
Як нявеста Караткевіча зламала абцас на вяселлі Рагойшы
Аднойчы Караткевіч прыйшоў да мяне з самага рання. Сеў на скрыню для абутку і, уздыхнуўшы, сказаў: "Здаецца, я ажаніўся". "Што значыць — здаецца? " — пытаю. "Даўно пара. Нарэшце і на цябе знайшлася ўправа", — трохі здзекліва адгукнулася з кухні мая жонка Марыя. А было гэта так…
Вядомы крытык Уладзімір Калеснік запрасіў Караткевіча ў Брэст на канферэнцыю. Валянціна Браніславаўна — тады яшчэ будучая Валодзева жонка — выкладала ва ўніверсітэце гісторыю партыі. Па-беларуску яна амаль не гаварыла. Як куратар курса, яна прывяла сваіх студэнтаў на сустрэчу з пісьменнікам. Пасля Калеснік запрасіў яе і Валодзю да сябе ў кабінет. Пасля непрацяглай размовы яна прапанавала Караткевічу: "А почему бы Вам не написать детективный роман?" (Яна вельмі любіла чытаць дэтэктывы, асабліва польскія; а неяк ехала ў цягніку і чытала "Дзікае паляванне караля Стаха", але на аўтара не звярнула ўвагі.) "Накшталт якога? " — пытае Уладзімір Сямёнавіч. — "Вроде "Дикой охоты короля Стаха". — "Гыы, дык гэта ж я напісаў! " Ёй стала вельмі сорамна, але дзякуючы гэтай праяве яны і зацікавіліся адно адным.
Вярнуўшыся з Брэста, Караткевіч адразу прыбег да мяне раіцца. Мы якраз павінны былі ехаць у Ракаў на вяселле да Вячаслава Рагойшы. Караткевіча запрасілі быць сватам. Ён, забыўшыся на гэта, чакаў Валянціну Браніславаўну ў госці. "Дык якая крыўда! Запрасіў, значыць, бяры яе з сабой!" Так Валодзя і зрабіў.
На вяселлі веку (так мы жартам ахрысцілі гэтую падзею) здарыўся не вельмі прыемны выпадак. Насупраць Валянціны сядзеў Прасковіч, вечны максімаліст, які, трохі выпіўшы, гаворыць ёй: "Ты Караткевічу не жонка, ты ж нават па-беларуску не ўмееш размаўляць". Яна расплакалася, выпіла паўшклянкі самагонкі… Потым пайшла танцаваць, у яе зламаўся абцас… Пасля запатрабавала, каб Караткевіч адвёз яе дахаты… Ну, мы рашылі, што гэта дакладна не пара, хоць Валодзя і захапіўся Валянцінай Браніславаўнай. Але аказалася, што паспяшаліся з высновамі.
Уладкаваўшыся ў аддзел гісторыі памятных мясцін Беларусі Акадэміі навук, Валянціна цэлы год асвойвала родную для Караткевіча мову. Канешне, ён быў вельмі задаволены гэтым. Болей таго, разам з аддзелам пачаў ездзіць у экспедыцыі, каб апісваць гістарычныя помнікі. Пасля адной з такіх паездак у Дастоева ён першым узняў у друку трывогу, чаму сядзібу Дастаеўскіх не зберагаюць.
Валянціна Браніславаўна была вельмі добрай, разумнай гаспадыняй. Красуняй па сённяшніх уяўленнях аб прыгажосці яна, можа, і не была, затое заўсёды — вернай спадарожніцай. Караткевіч з ёй ездзіў за мяжу, у Чэхаславакію, дзе яго творы перакладалі. Разам наведвалі Сярэднюю Азію. Гэта была такая дружная пара!.. Але ж і паспрачацца яны любілі, і падцвельваць адзін з аднаго. Што цікава: Валянціна Браніславаўна вельмі моцна спадабалася Валодзевай маці. Рэдка калі свякроў так прымае нявестку.
Караткевіч, цвікі i жонка Брыля
Я часта прыходзіў да іх на кватэру. Калі Валодзю дарылі новую карціну, ён прасіў мяне забіваць цвікі ў сцяну. Ну, а я ж прывык да гэтай справы… Памятаю, адзін вядомы мастак падарыў Караткевічу карціну. Уладзімір Сямёнавіч кажа: "Забі цвік вось на гэтай сцяне". А за ёй тады жыла сям'я Янкі Брыля. Я пачаў стукаць. Ведаў, што сцены там тоўстыя, бо дом будавалі палонныя немцы. І тут… Прыбягае жонка Брыля, крычыць: "Што вы робіце? Цвік капялюшыкам лезе ў нашым пакоі!" Як капялюшыкам? Ён жа тут, з нашага боку! Аказваецца, вастрыё цвіка трапіла ў вастрыё другога цвіка, які ў свой час быў забіты з таго боку і пасля затынкаваны. Мы, канешне, пачалі рагатаць, а жонка Брыля яшчэ больш раззлавалася праз наш смех. Гэта ж трэба так трапіць!
Караткевіч вельмі любіў розыгрышы
Якая самая адметная рыса характару Караткевіча? Безумоўна, гумар. Ён любіў і сам разыгрываць, і калі яго разыгрывалі. Толькі не са злосці.
Вось напрыклад. Быў я ў камандзіроўцы ў Кракаве. Польскі прафесар Нядзеля, калі прыязджаў да мяне ў госці, запрасіў Валодзю наведаць Польшчу. А прыпала гэта якраз на канец лістапада, калі ў Караткевіча дзень нараджэння.
Дамовіліся мы з Нядзелем ехаць сутракаць Уладзіміра Сямёнавіча. Прыехалі на вакзал, зайшлі выпіць па кубачку кавы, бо цягнік усё роўна спазняўся (тады так было заўжды). Прыходзім на платформу — цягнік ужо стаіць. Пусты. Што рабіць? Сам сабе думаю: калі чалавек прыехаў у незнаёмы горад, то ён, хутчэй за ўсё, пойдзе да выхаду ў "място". Прыходзім туды і бачым: стаіць Валодзя на прыпынку таксі, чакае ў чарзе машыну і, пабачыўшы нас, ледзь не рыдаючы, кажа: "Каб вы зараз не прыйшлі, я ўвесь запас "Белавежскай" аддаў бы таксісту і вам бы нічога не засталося".
Як польская цыганка збянтэжыла "пане Валодзю"
У Караткевічаў Дзень нараджэння мы дамовіліся сустрэцца каля помніка Міцкевічу. Я прыйшоў а другой гадзіне, бачу — Валодзя стаіць каля кіёска з сувенірамі і разглядвае невялікую статуэтку яўрэйчыка, які трымае ў руках аркуш газеты. Калі даць яму пстрычку, ён пачынае кланяцца. Караткевіч пасля доўга думаў, каму б яе ананімна паслаць…
Нечакана да мяне падбягае цыганка і прапануе паваражыць. А я кажу па-польску: "Не, пані, ты лепей падыдзі да ву-унь таго мужчыны ў чорнай шапцы. Яго завуць Валодзя, і ён з Беларусі". Цыганка адразу зразумела, што нічога не атрымае, пакуль не падыдзе да Караткевіча. Яна падбягае да яго: "Пане Валодзю-ю-ю, я бачу ў пана шчасце-е-е, у наступным годзе". А я стаю за калонай і бачу, што ў Караткевіча валасы на галаве дыбам становяцца. Адкуль яна ведае?! І пачынае ёй руку залаціць. Калі цыганка, задаволеная, сышла, я выйшаў і спытаў: "Валодзя, чаму ты такі збянтэжаны? Што здарылася?" "Ты скажы, адкуль кракаўская цыганка ведае маё імя?" Я паглядзеў на Міцкевіча, на вежы касцёла і сур'ёзным голасам сказаў: "Слава, Валодзя, слава пра цябе і да Кракава дайшла!" Ён азадачыўся…
Чым факельнае шэсце на Дзень гарняка здзівіла пісьменніка
Паабедаўшы (дарэчы, кожны раз мы спрабавалі стравы розных кухань свету), Караткевіч прапанаваў паглядзець які-небудзь фільм, ці то французскі, ці то італьянскі. Трапілі ў нейкі трэцеразрадны кінатэатр. Паглядзелі нейкі крывавы фільм пра Марыю Медычы. Выходзім пасля на вуліцу. Пачынаецца дождж. А Валодзя прывык у гэты час сядзець за сталом, працаваць. Ідзём мы, а ён такі сумны!.. Напярэдадні я прачытаў у газеце, што ў Польшчы 26 лістапада святкуюць Дзень гарняка. Я ведаў, якім маршрутам будзе ісці факельнае шэсце студэнтаў. Кажу: "Ведаеш, Валодзя, гэтыя палякі — дзіўны народ: даведаліся, што ў цябе Дзень нараджэння, і вырашылі з гэтай нагоды зладзіць факельнае шэсце!". "Ну і даеш ты, Адам!" "Я даю? Зараз павернем, пабачыш".
І толькі мы павярнулі за рог вуліцы, а на нас — мора агню. Караткевіч разгубіўся: "Дык што, мне іх усіх запрашаць? У мяне ж толькі шэсць бутэлек "Белавежскай"?!"
Ён любіў такія розыгрышы. І гаварыў, што чалавек павінен абрастаць міфамі, як карабель ракушкамі.
Больш добразычлівасці
Уладзімір быў добразычлівым чалавекам. Рэдка я бачыў яго абураным, у стрэсе. Ён ажыўляў любую кампанію, у якой з'яўляўся. Валодзю было цікава размаўляць з усімі людзьмі. Загаварыць з кандуктаркай у трамваі — калі ласка. Падтрымаць гутарку з калгаснікам — не праблема. Усе людзі для яго былі роўныя, ці то пісьменнік, ці то артыстка, ці то сельскі настаўнік.
Караткевічаў мядзведзь i слёзы
Калі здымалі фільм "Пушчык едзе ў Прагу", на ролю Пушчыка ўзялі мядзведзя з Бярэзінскага запаведніка. Пасля заканчэння здымак яго пакінулі на кінастудыі. Пашкадаваўшы мядзведзя, Караткевіч узяў яго да сябе дахаты. Нават сфатаграфаваўся з ім. Гэты здымак быў апублікаваны ў "Беластоцкай ніве" з подпісам "Караткевіч выводзіць свайго мядзведзя на прагулку". Усе потым тэлефанавалі яму, каб даведацца, калі ён гуляе з Пушчыкам, дзе на іх можна паглядзець. А мядзведзь заўсёды вёў сябе цікава. Напрыклад, неяк падышоў да люстэрка, пабачыў сваё адлюстраванне ды ад страху разбіў яго.
Потым Пушчыка выпусцілі ў Бярэзінскі запаведнік. Аднак мядзведзь ужо прывык атрымоўваць ласункі ад людзей, таму часта выходзіў на дарогу, спыняў машыны і прасіў "паесці". І нехта, скарыстаўшыся даверлівасцю Пушчыка, забіў яго. Валодзя, даведаўшыся пра гэта, плакаў.
Як атрымаць ад Караткевіча аплявуху
Быў Чысты Чацвер. Барадулін якраз пераехаў у новую кватэру. Караткевіч кажа: "Пойдзем да яго, залезем у ванну і адзначым там Чысты Чацвер". Засмяяўся. Мы прыйшлі да Рыгора, добра "пасядзелі", у ванну, зразумела, ніхто не палез. Дамоў вярталіся позна.
Раніцай мая жонка пайшла на работу, я ж застаўся, бо быў аспірантам і мог працаваць дома. Раптам чую стук у дзверы. Адчыняю. На парозе стаіць Міхась Жукаў, з якім я раней працаваў у рэдакцыі, прынёс сваю дыпломную работу. Папрасіў, каб я вылавіў "блохі" (паставіў коскі — Sputnik). Ставіць на стол паўлітэрка (ведае ж, што грошай не вазьму). Гляджу на свой "ганарар" і думаю: дзесьці зараз у Караткевіча развальваецца галава. "Ведаеш, Міхась, пакуль я закусь падрыхтую, ты схадзі да тэлефоннага аўтамата і пазвані пісьменніку Караткевічу. Прыдумай што-небудзь на хаду, каб ён на адной назе быў тут", — папрасіў я Жукава. Ён (як ужо потым даведаўся) тэлефануе і гаворыць:
— Это квартира товарища писателя Короткевича?
— Да. А хто са мной размаўляе?
— С Вами говорит лечащий врач.
— Які ўрач, чый?
— Скажите, у Вас был друг по фамилии Мальдис?
— Што значыць, "был"? А куды ён дзеўся?
— Он вчера поздно вечером возвращался домой (як трапіў, га?— А.М.) и попал в аварию.
— У якой бальніцы ён ляжыць?
— Он дома…
— Чаму ён дома???
— Он безнадёжен и ждёт Вас, чтобы завещать Вам свою библиотеку.
Няведама адкуль да Караткевіча далучыўся Барадулін. Бачу, шпацыруюць яны ўдваіх і сустракаюць маю Марыю, якая ішла ў магазін. Пытаюць: "Што з Адамам? " Марыя толькі рукой махнула. Кшталту, ну вас… і пайшла. Яны ўрываюцца ў кватэру, глядзяць: я сала рэжу. Валодзя разварочваецца і мне аплявуху — шась! А я не ведаю, за што, бо Жукаў, вярнуўшыся, толькі і сказаў: зараз будзе. Потым мы жартавалі, што Караткевіч даў мне аплявуху, бо яму бібліятэка не дасталася.
Літаратурны "Амерыга-Калумб". Не містыфікацыя
Напэўна, усе ўспрымаюць крытыку не з энтузіязмам. І Караткевіч асабліва. Ён быў высокай думкі пра сваю творчасць, таму што ўсведамляў, што ён першаадкрывальнік, стваральнік гістарычнага рамана. Тыя творы, што былі раней, да яго, былі недакладныя. А Караткевіч імкнуўся быць надзвычай дакладным. Для гэтага ён вывучаў шмат гістарычных дакументаў, архіўных матэрыялаў, чытаў старую перыёдыку. Помніцца такая спрэчка: адзін крытык яго папракнуў, што ў "Каласах пад сярпом тваім" героі карыстаюцца запалкамі. Маўляў, сярнічак тады не было. Караткевіч у адказ выцягнуў копію старой газеты 1850-х гадоў. Аказваецца, у Бабруйску ў сярэдзіне XIX стагоддзя сярнічкі ўжо былі. Ён ведаў гэтыя рэаліі, вельмі ўважліва да іх адносіўся, таму за недакладнасць твораў яго нельга папракнуць.
Вельмі Уладзімір Сямёнавіч не любіў, калі прэтэнзіі мелі палітычнае адценне. Як ён балюча перажываў, калі ў выдавецтве зрабілі 95 заўваг па "Каласах". Ды такіх, хоць перапісвай раман увогуле. Галоўны папрок быў у тым, што ён ідэалізаваў не сялян і працоўных, а дваранства. Яны ж, маўляў, не нашы, а "прывазныя" — польскія, літоўскія. Уладзімір ледзь не рыдаў праз гэта. Я ж прапанаваў яму ў некаторых неістотных момантах замяніць пэўныя словы, а ў важных — надавіць на тое, што змены сказяць гістарычную праўду ўшчэнт. Урэшце аказалася, што з гэтых дзевяці соцень заўваг у 80 ён зрабіў выгляд, што ўлічыў іх, а 10 пакінуў без змянення. Ён даказаў гэта свайму выдавецкаму рэдактару, некампетэнтнаму, крыўдліваму.
Але асабліва Караткевіч перажываў наконт нарыса "Званы ў прадонні азёр". Ён пісаў, што меліярацыя не прыносіць карысці, што трэба адначасова рабіць і асушэнне, і абвадненне, як гэта было ў XIX ст., таму што балоты ператвараюцца ў пустыню. Помню, у друку адразу з'явіўся разгромны артыкул-адказ з прыкладна такім зместам: калі мы не будзем асушаць Палессе, то развіццё гісторыі, прагрэс спыняцца. Менавіта тады я ўпершыню ўбачыў, калі Валодзя рыдаў у прамым сэнсе гэтага слова і сказаў: "Хай такі лёс спасцігне ініцыятара гэтага крытычнага артыкула…" (ініцыятарам быў адзін з сакратароў ЦК КПБ). І яго сапраўды напаткаў вельмі дрэнны лёс: выстраліў сабе ў горла.
***
З якім лёсам сустрэўся Уладзімір Сямёнавіч? Біяграфія сведчыць, што "25 ліпеня на 54-м годзе жыцця пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр выдатны беларускі паэт, празаік, драматург і публіцыст, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Караткевіч". Аднак сам ён кажа адваротнае: "Быў. Ёсць. Буду".