Адкрыццё Oktoberfest’а: новае і вядомае ад Trubetskoy, Pawa i N.R.M.

© Photo : гурт N.R.M.гурт N.R.M.
гурт N.R.M. - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У першы музычны дзень Oktoberfest’а ў Камарова 25 верасня гурт N.R.M. выйдзе на сцэну з новым музыкам, Trubetskoy сыграе мікс з сваіх найлепшых гітоў, а Pawa рыхтуе адмысловы “піўны” сэт.

МІНСК, 22 вер — Sputnik. Oktoberfest у загарадным комплексе "Камарова", што ў 5 кіламетрах ад Мінску, стартуе ўвечары 25 верасня — апошнія дні бабінага лета. На адкрыцці выступяць гурты Trubetskoy, Pawa i N.R.M., паведамілі Sputnik арганізатары мерапрыемства.

На адкрыцці выступяць Trubetskoy, Pawa i N.R.M.

Oktoberfest пройдзе ў “Камарова” з 25 верасня па 10 кастрычніка

N.R.M на адкрыцці сыграе праграму, куды ўвойдуць як песні з апошняга альбому "Д.П.Б.Ч", так і галоўная гіты калектыву.

"Вядома ж, нішто не параўнаецца з "Трыма чарапахамі", але мы актыўна граем новыя песні, якія прымаюць не горш за даўнія гіты. Утварыўся такі маналіт старога і новага, так што чакайце моцнага канцэрту", — распавёў лідэр калектыву Піт Паўлаў.

Ён таксама адзначыў, што выступ будзе адметным хаця бы таму, што гуртом будзе граць новы гітарыст, а гэта татальна паўплывае на музыку. "Гэта запрошаны чалавек, імя якога мы пакуль публічна не абвяшчаем", — адзначыў франтмэн N.R.M..

Гурт Pawa свой сэт-ліст рыхтуе з уліку спецыфікі мерапрыемства.

"Мы зробім праграму "пад піва" — забойныя танцы для дзяўчат, каб скокалі вышэй за столю, а хлопцы кубкамі адбівалі рытм па сталах і расплёсківалі соладавы напой. Будуць бязглуздыя і вясёлыя нумары, брутальныя і хаератрасныя. Будзе шмат танцаў, спеваў і дуды", — кажа лідар каманды Юрась Панкевіч.

У трэк-ліст калектыву ўвойдуць фірмовыя канцэртныя нумары "Тарантэла", "Кракавяк", "Зайграй жа дударочку" ды іншыя, у тым ліку з апошняга альбому гурта "Жыта". 

Гурт Trubetskoy таксама робіць стаўку ў Камарова на самыя пазнавальныя канцэртныя нумары.

"Будзе тое, што нашы слухачы пачулі і палюбілі — частка старога, частка новага матэрыялу", — кажа прадусар гурту Яўген Калмыкоў.

Да рэлізу дыску, запланаванага на кастрычнік, гурт яшчэ ўключае ў праграму гіты з рэпертуару "Ляпіса Трубяцкога". Дарэчы, з Oktoberfest у Камарова Trubetskoy едзе на падобнае мерапрыемства з такой жа назвай у Кіеў.

Акрамя музычнай праграмы падчас Oktoberfest'а на тэрыторыі комплексу "Камарова" плануецца багата забаваў і конкурсаў — бірпонг, перацягванне канату, бойка падушкамі, армрэстлінг, валейбол усляпую, гонкі з півам ды іншыя зоны актыўнасці. Гасцей чакае багаты выбар піва і адмысловыя прапановы закусак у найлепшых традыцыях Oktoberfest'а.

Пачатак забаўляльнай праграмы — у 16.00, канцэрт пачнецца ў 18.00. Вядучым канцэрту будзе Ўсевалад Сцебурака.

Кошт квіткоў складае па папярэднім кошце 200 тыс. рублёў (з улікам камісіі апэратара), на ўваходзе — 250 тыс. рублёў.

Прыязджаць у Камарова (5 км. ад МКАД па Слуцкай шашы) можна як на ўласным транспанце, так і на бясплатных маршрутных таксі з д/с Дружная-Камарова, Камарова — д/с Дружная  з 15.30 да 0.00.

Oktoberfest пройдзе пад Мінскам з 25 верасня па 10 кастрычніка. Цягам двух тыдняў на тэрыторыі загараднага комплекса пад Мінскам будуць ладзіцца розныя актыўнасці, а па выходных — канцэрты вядучых беларускіх розных музычных накірункаў.

 

 

Стужка навiн
0