04:48 06 чэрвеня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.38
  • EUR2.70
  • 100 RUB3.47
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
Развітанне з "Крамбамбуляй" (11)
66030

На пачатку лістапада "Крамбамбуля" прэзентуе ў Вільні свой развітальны альбом "Чырвоны штраль", Лявон Вольскі распавядае пра пяць галоўных песень, якія прагучаць падчас прэзентацыі.

МІНСК, 9 кас — Sputnik. У хуткім часе выйдзе апоші альбом "Крамбамбулі", пасля чаго гурт плануе "сыйсці ў лясы". Лявон Вольскі дае ацэнку ўласным песням.

"Абсэнт" з альбома "Застольны альбом" (2002)

— Калі я прынёс музычную напрацоўку на рэпетыцыю, то ўсе смяяліся, што гэта будзе "Элен і рабяты", але потым з'явіўся тэкст адносна сур'ёзны, лірычны і ўсё атрымалася. Альбом па канцэпцыі быў інтэрнацыянальны, а гэтая песня ілюстравала Францыю і яе напой. Такая універсальная песня, што на карпаратывах заўжды добра ідзе, тым больш што шмат круцілася на радыё на пачатку "беларускіх адсоткаў" увясну 2003. Генетычная памяць адразу кідае асобаў жаночага полу ў рукі асобаў мужскога (усміхаецца). На здымках кліпа, дарэчы, пілі сапраўдны абсэнт. Спрабавалі не піць, але на трэцюю гадзіну не вытрымалі.

"Госці" з альбома "Каралі раёну" (2003)

— Напрацоўка з'явілася адразу пасля першага альбома. Хацелася зрабіць нешта кшталту Ману Чао, быў рэфрэн, але не было зразумела, куды ісці па тэксце. Але потым Анечка прыдумала запрасіць Міхалка з Кулінковічам і адразу пайшла дваровая-сяброўская тэматыка. Мы спачатку ставілі на "Люблю", як галоўны хіт. Міхалок запісаў сваю партыю ў ёй, а потым як пачуў "Госці" сказаў адразу, што вось — гэтая яшчэ лепш… Наогул вельмі добры быў праект, інтэграцыйны. Мы былі знаёмыя, нейкія стасункі былі, але гэта было знаёмства з іншага боку і на іншым узроўні. Дзіўна, што замест "Хтосьці ёсць, няма кагосьці" людзі часам спяваюць "Хтосьць есць, няма кагосьці". Атрымліваецца нейкі гімн канібалізму (усміхаецца).

"Турысты" з альбома "Радыё Крамбамбуля 0,33 FM" (2004)

— Песня з'явілася, калі мы і нашы сябры пачалі ездзіць на адпачынак па-за межы былога Саюзу. У тэксце згадалі нейкія сітуацыі, у якія траплялі нашы сябры — пра той жа клафілін. Ну і заўжды на любым курорце ёсць гэтыя "авантурысты", якія ўвесь час шукаюць прыгодаў — алкагольных і іншых. Як на мяне, гэта наогул адзін з найлепшых альбомаў "Крамбамбулі" — пры тым, што запісвалі яго хутчэй як сінгл і анонс некалькіх праграм. Вельмі смешныя перабіўкі. Калі іх прыдумалі, я быў у туры па Польшчы з іншым праектам. Мы былі яшчэ не вельмі падкаваныя тэхналагічна, таму свае кавалачкі я папрасіў запісаць і адаслаць аднаго з польскіх журналістаў, які браў у мяне інтэрв'ю.

"Без цябе" з альбома "Святочная" (2007)

— Альбом быў прысвечаны розным святам. Але пісалі яго ўжо пад забаронамі, якія пачаліся на пачатку 2005 года. Таму больш альтэрнатыўны па музыцы і ўпершыню з гісторыі "Крамбамбулі" да святочнага настрою далалося трохі злосці і суму. Але сама песня светлая і лірычная, пра дзень св. Валянціна. Відэа з першага вялікага канцэрта ў Мінску пасля "размарозкі", які адбыўся ў лютым 2008 года. Там было шмат дуэтаў — вельмі прыгожа атрымалася, увесь канцэрт ёсць на відэа. Па сутнасці, гэта быў апошні вялікі выступ для першага складу "Крамбамбулі", дзе на гітары граў Сяргей Канановіч, на бас-гітары Уладзік Плюшчаў, на бубнах Коля Белановіч, які замяніў нашага першага бубнача Сашу "Ганса" Быкава. Дарэчы, сустрэлі яго днямі — вельмі прыемна і весела было пабачыцца.

"Карчомка" з альбома "Драбадзі-драбада" (2011)

Пакуль запісвалі альбом, ізноў патрапілі пад забароны. Ну, і наогул ілюзій ужо не было. Таму шмат гучных гітар, можа нават часам зашмат. Запісвалі вельмі доўга. У альбоме мы рабілі свае версіі народных песень краін Еўропы. Усе ў дзвюх версіях — беларускай і на мове арыгіналу. Найцяжэй было з нямецкай, таму што там амаль скарагаворка. Гэта песня беларуская. Трохі з габрэйскім акцэнтам, але гэта весела, бо можа скарыстаць тэмы клезмера. Заўжды збірае на канцэрце шмат людзей.

Апошні канцэрт

Канцэрт адбудзецца ў Вільні, 7 лістапада і будзе складацца з дзвюх частак: у першай прагучыць новы дыск "Чырвоны штраль", у другой — лепшыя песні ад пачатку існавання за ўвесь час існавання праекта. Альбом названы ў гонар віленскай кавярні, дзе на пачатку 20-га стагоддзя сустракаліся прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку стваральнікі БНР.

Бясплатная віза (без консульскага збору) з тэрмінам з 6 да 8 лістапада ўключна выдаецца на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства. Працэдура разгляду візавых хадатайніцтваў — спрошчаная, таму даведкі з месца працы/навучання, пацверджанні платаздольнасці не патрабуюцца. Пакрокавую інструкцыю па атрыманні візы і рэгістрацыя на падачу дакументаў можна паглядзець па спасылцы.

Кошт квіткоў складае: танцпол — 620 тыс. руб., сядзячыя — ад 860 да 1100 тыс. руб. 

Тэмы:
Развітанне з "Крамбамбуляй" (11)
Тэги:
музычная падзея, Культурна-масавыя мерапрыемствы, Музычныя жанры, Стыль жыцця, Культура і адпачынак, Музыка, Крамбамбуля (гурт), Лявон Вольскі, Вільнюс, Літва, Еўропа, Увесь свет

Галоўныя тэмы