19:37 18 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
На открытии Пляцоўка-хол

Мікс Агурбаш і Вольскага: тэстуем “Пляцоўка-хол” на беларускасць

© Sputnik/ Елена Васильева
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
60820

У Мінску адкрыўся “першы клуб у беларускім фармаце” з арнаментам на сценах, самагонам у бутлях, NRM і Агурбаш у дынаміках.

Алена Васільева, Sputnik

Калі вы прызвычаіліся кіравацца песняй Вольскага "Менск і Мінск" для падзелу ўсіх незразумелых з'яваў на "свой" і "чужы", дык "Пляцоўка-хол", першы клуб у беларускім фармаце, прымусіць вашых трох чарапах заварушыцца і выпаўзці з-пад зямнога дыску.

Агурбаш+Вольскі

Нашае хістанне паміж "Менскам і Мінскам", падваенне на "Жыве Беларусь!" і "За Беларусь" непазбежна павінна было матэрыялізавацца. Беларускі дуалізм, калі дасягнуў, напэўна, свайго гістарычнага максімума, атрымаў, нарэшце, геаграфічную лакалізацыю ў "Пляцоўка-холе". Зараз клуб працуе ў тэставым рэжыме — ён адкрыўся тры тыдні таму на месцы былога "Цэнтру"  у будынку "Палаца рэспублікі".

Беларускамоўны клуб, які б цалкам натуральна ўпісаўся ў канцэпцыю вуліцы Кастрычніцкай, на Кастрычніцкай плошчы, пад саркафагам Палацу Рэспублікі, выклікае адчуванне пэўнага дысанансу.

© Sputnik/ Алена Васiльева
Андрусь Такінданг спяваў пра ровар на "Вышыванка-паці"

Здаецца, арганізатары "Пляцоўка-хол" планавалі пазакрываць мінчукам адразу ўсе гештальты: тут і продаж hand-made сувеніраў з нацыянальнай сімволікай, і ансамбль з дудой і гармонікам, і пралка музейнага выгляду, і арнамент на сценах, і вышыванкі на целах, і вялізная бутля з пазнавальнай вадкасцю — тут ганарацца адзіным на ўвесь Мінск сертыфікаваным самагонам.

У чаканні выступу Андруся Такінданга дыджэй ставіць для гасцей "аўтэнтычную беларускую музыку". Калі следам за Hurma i Akute з дынамікаў спявае Вольскі, падаецца, што вечарына ідзе на лад, бо з "Чарапахамі" ўсё здольнае ператварыцца ў душэўны кватэрнік, але ж следам за Вольскім па-над зямлёю, Палацам Рэспублікі і Кастрычніцкай плошчай нясецца спеў Агурбаш.

Мяшаць Вольскага и Агурбаш — выкшталцонае вычварэнства прыкладна таго ж узроўню, што і кактэйль "Вясёлы пасечнік" (самагон, піва, мёд) з мясцовай кактэйльнай карты.

Арт-дырэктар "Пляцоўка-хола" Алена Галушка тлумачыць такі падбор музыкі: "Нашая мэта — паспрабаваць зрабіць беларускамоўную дыскатэку. Мы звярталіся за дапамогай на радыё, нам дапамагалі падбіраць трэкі, але зараз мы толькі тэсціруем гэты новы прадукт. Да беларускай дыскатэкі падыходзіць нават звычайная папса пры ўмове, што яе добра зміксуюць. Калі гэта будзе нешта класнае, танцавальнае, але добра зміксованае, дык будзе таксама файна. Чаму мы танчым пад рускамоўную Iowa, а не пад беларускамоўных музыкаў? Тое, што вы зараз чуеце — гэта вынік трохтыднёвага пошуку".

Дарэчы, арганізатары плануюць зрабіць пляцоўку даволі таннай: для тых, хто прыйдзе ў вышыванках, уваход будзе бясплатным, музыкам заплацяць ганарар, наведвальнікі закажуць недарагія дранікі — і ўсе застануцца задаволеныя.

На открытии Пляцоўка-хол
© Sputnik/ Елена Васильева
На открытии "Пляцоўка-хол"

"Не склеіць, не сшыць"

Кактэйльная карта скрасіла для карэспандэнтаў Sputnik час чакання выступу Андруся Такінданга, які плануе кожную суботу ладзіць тут "Вышыванка-паці". "Ой, кактэйль "Беларус", — узрадваліся па-суседству за барнай стойкай госці з Украіны. — Зараз даведаемся, з чаго вы зробленыя!" "Беларус" аказаўся зроблены з калуа, гарэлкі і слівак. "А кактэйель "Украінец" з чаго быў бы зроблены?" — пытаемся. — "А ва ўкраінцах замест слівак быў бы перац", — тлумачаць нам госці краіны пытанні этнагенеза на кактэйльнай карце.

Стваральнікі першага клуба ў нацыянальным фармаце кажуць, што натхняліся Львовам — маўлялі, у Мінску няма наўпрост нацыянальнага клуба не толькі дзеля таго, каб уразіць замежніка, але і каб патанчыць "не пад Рыану, а пад сваё". "Пляцоўка" павінна была б выканаць ролю месца, якое аб'ядноўвае мінчукоў і гасцей сталіцы вакол вялікай нацыянальнай ідэі, але ж з ідэяй відавочныя праблемы не столькі ў "Пляцоўкі", колькі ў саміх беларусаў, і таму прыхаджане клубу пакуль аб'ядноўваюцца выключна вакол аўтэнтычнай бутлі.

Палац рэспублікі
© Sputnik/
Палац рэспублікі

Адной вышыванкай атмасферу былога "Цэнтра", што месціўся тут да "Пляцоўкі", не вычысціць. Супрацоўнікі клуба, якія працавалі тут яшчэ ў часы "Цэнтра", даверліва паведамілі нам, што з прыходам беларускамоўнай публікі жыць і працаваць стала лягчэй: "Раней першых кліентаў выносілі штабелямі ўжо а першай гадзіне. Але ж па старой памяці такія госці дагэтуль сюды прыходзяць". Здаецца, калі ты ў вышыванцы, узровень інтэлігентнасці аўтаматычна высіцца.

"Бачна, што гэтае месца шукае свой шлях і спрабуе перамагчы традыцыі былога клуба "Цэнтр", выкарыстоўваюць усе магчымыя сродкі — ад Brutta да Агурбаш. Тых людзей, якія па старой звычцы прыходзяць у "Цэнтр", намагаюцца прывучыць да новага фармату. Са сцэны на мінулых вечарынах я бачыў, што былі людзі, якія патрапілі сюды выпадкова, мне было прыемна — для нечаканай публікі таксама цікава выступаць", — распавядае Андрусь Такінданг, рыхтуючыся да выступу.

Андруся прыхільна сустракаюць госці з Украіны і нават падпяваюць песню пра ровар. "Сёння акардыяніст — у беларускай вышыванцы, а я — ва ўкраінскай!" — кажа Такінданг, і два сталы Вінніцы ў секунду становяцца вернымі прыхільнікамі беларускага музыкі.

Нягледзячы на ўсе намаганні арганізатараў зрабіць клуб надта прыдатным для танцаў і скокаў па-беларуску, не пакідае адчуванне штучнасці запланаванай аўтэнтычнай радасці. Надта па-дажыначнаму выглядае вазок з сенам на ўваходзе і арнамент на сценах. Заліхвацкае выкананне "Паветранага шара" танюткім жаночым галаском "Афанасьева-style" можна спісаць хіба на гукавую галюцынацыю, выкліканую кактэйлем "Радзівіл".

Тут жа знаходзім прадстаўнікоў "Арт-Сядзібы" і пытаемся пра майстар-клас для арганізатараў "Пляцоўкі": "Арганізатарам пляцоўкі трэба зразумець, чаго хоча чалавек, які прыхільна ставіцца да беларускага: не хоча вясковай рэстарацыі, але і Dozari не хоча. "Арт-сядзіба" жыве гэтым, таму нашыя мерапрыемствы не выглядаюць штучна. Але ж і тым, хто робіць "Пляцоўку", жадаю поспеху, бо відавочна: для людзей гэта не столькі бізнес, колькі ідэя, арганізатары імкнуцца зрабіць нешта на карысць беларускасці. Каб стварыць правільны імідж, варта запрашаць не папсовых, але і не фальклорных выканаўцаў, пачынаючы "Трубяцкім" і заканчваючы Akute.

Дзе: Пляцоўка-хол, Кастрычніцкая пл., 1.

Калі: кожную суботу, пачатак — 22.00.

Што: Вышыванка-паці. Спевы і скокі з Такіндангам

Тэги:
Пляцоўка-хол, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы