22:57 24 лютага 2018
«Радыё Sputnik»
Мастачка Ірына Кузняцова

Кузняцова: у сапраўднага мастацтва няма нацыянальнасці

© Sputnik/ Юлія Хвошч
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
Фарбамі па штодзённасці: свет беларускага мастацтва (12)
19240

Беларуская мастачка распавяла карэспандэнту Sputnik пра кругазварот у сусветнай творчасці і пра тое, што ў мастацтва няма нацыянальных межаў.

Юлія Хвошч, Sputnik. 

У мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава беларускіх мастакоў Анатоля і Ірыны Кузняцовых "Privet Picasso & Viva Barselona!", прысвечаная творчасці выбітных іспанскіх мастакоў ХХ стагоддзя — Далі, Пікаса, Гаўдзі, Міро, Тапіеса. Пасля ўрачыстага адкрыцця выставы карэспандэнт Sputnik задаў аўтару Ірыне Кузняцовай некалькі пытанняў.

Энергетыка Іспаніі

Выстава была зладжана па выніках падарожжа Кузняцовых у Іспанію. Сваёй творчасцю яны імкнуліся перадаць беларускаму гледачу іспанскую энергетыку, а магчыма, і выклікаць жаданне самім наведаць Барселону.

"Справа ў тым, што зараз беларусы маюць магчымасць наведваць Іспанію. Але кожны едзе ў гэтую краіну па асабістых прычынах — нехта пагрэцца на сонейку, нехта паглядзець архітэктуру, нехта проста адзначыцца. Мы ж паехалі мэтанакіравана ў музей, каб паглядзець на працы вялікіх мастакоў", — распавядае Кузняцова.

"Калі ты ўжо адбыўся як мастак, то гэта проста неяк няёмка — жыць з тым, што ты яшчэ не бачыў арыгіналы твораў тых, чыёй творчасцю ты захапляўся ўсё жыццё", — дадае мастачка.

Мастакі імкнуліся ў Іспанію, тым больш што ў Анатоля Кузняцова з'явілася праца "Размаўляючы з Міро", а творчасць іспанскіх мастакоў ХХ стагоддзя ўжо даўно стала для іх эталонам.

"У мастацтве ёсць нейкая вышэйшая планка, да якой павінен імкнуцца кожны мастак. Для нас гэта іспанскія мастакі ХХ стагоддзя. І гэта вельмі высокая планка, таму мы не маглі не пабачыць іх у арыгінале".

Кузняцова адзначае, што энергетыка ў Іспаніі настолькі моцная, што там проста адчуваеш як усё сусветнае мастацтва ператвараецца ў адзіны кругазварот.

Адкрыццё выставы Privet Picasso!
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Адкрыццё выставы "Privet Picasso!"

"Ведаючы гісторыю мастацтваў і знаходзячыся ў Іспаніі, пачынаеш разумець, адкуль растуць карані выяўленчага мастацтва", — распавядае мастачка.

Той жа Пікаса імкнуўся да ведаў, імкнуўся трапіць у розныя майстэрні, але яго не пускалі. Калі ў мастака не было настаўніка, то адкуль ён браў ідэі для творчасці? "Толькі з прыроды, — мяркуе Кузняцова. — Тым не менш Пікаса застаўся Пікаса".

Энергетыка іспанскага мастацтва настолькі захапіла Кузняцовых, што яны вырашылі стаць часткай гэтага творчага асяроддзя. Праект Кузняцовых быў задуманы такім чынам, каб, распавядаючы пра іспанскіх мастакоў, беларускія аўтары маглі зрабіць уласную эстэтычную прастору.

"То бок мы аўтары той ідэі, якая б магла натхніць іншых мастакоў, якія скажуць: "Ага! Ужо можна гэта рабіць не толькі ў класічным стылі!"

Мастак і нацыянальнасць

Кузняцова ўпэўнена, што ў сапраўднага мастацтва няма нацыянальнасці, але яго карані ляжаць у той зямлі, на якой ён вырас.

"Справа ў тым, што калі мастак жыве ў Беларусі, ён ніколі не створыць ні рускага, ні ўкраінскага, ні іспанскага — ніякага іншага мастацтва. Таму што ён нідзе не знойдзе фарбаў, акрамя як у прыродзе. Ён жыве і дыхае гэтым асяроддзем, і ён усё роўна застанецца беларускім мастаком", — тлумачыць мастачка.

На пытанне Sputnik, ці спрабавалі Кузняцовы падчас стварэння выставы прыўнесці ў экспазіцыю беларускі акцэнт, мастачка патлумачыла, што гэта амаль немагчыма.

"Іспанскае мастацтва значна больш яскравае, чым славянскае. Але ва ўсялякім выпадку ўсё мастацтва, ва ўсім свеце звязана паміж сабой. Напрыклад, крыжыкі, якія рабіў Тапіес, пайшлі па ўсяму свету. Гэтыя крыжыкі ёсць і на нашай працоўнай вопратцы, у якой мы пішам свае творы. Вось гэта і ёсць кругазварот", — распавядае Кузняцова.

Так, для арт-аб'екта "Парк Гуэль" зноў-такі выкарыстоўвалі беларускую прамысловасць, якая займаецца выпускам падставак пад яйкі. І нават роспіс велікодных яек, якія прысутнічаюць у экспазіцыі, таксама беларускі.

Адкрыццё выставы Privet Picasso & Viva la Barcelona! у Цэнтры сучасных мастацтваў
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Адкрыццё выставы "Privet Picasso & Viva la Barcelona!" у Цэнтры сучасных мастацтваў

"То бок ёсць такія моманты, якія спалучаюць тое, што мы пабачылі, і нашае разуменне, нашае з пункту гледжання беларусаў. Пры гэтым не варта забываць, што Беларусь існуе ў Еўрапейскай прасторы", — адзначае Кузняцова.

"Няма такога абмежавання: гэта беларускае мастацтва, а гэта — не. Гэта вельмі шкодная пазіцыя".

"Дарэчы, той жа Пікаса казаў, што яго карані — гэта афрыканская скульптура. Але калі вы паглядзіце на старажытныя драўляныя беларускія скульптуры, то пабачыце, што яны вельмі падобныя да афрыканскіх. Гэта ж нашае вясковае дрэва, але абпаленае ў нашым вясковым вогнішчы. Вось такая сувязь".

Энергетыка як сувязь паміж мастацтвамі

На думку мастачкі, усё мастацтва ў свеце аб'ядноўвае энергетыка.

"Гэтая творчая энергетыка не ведае межаў! І ў ніякім разе нельга абмяжоўваць творчасць нацыянальнасцю. Мастацтва і творчасць — гэта вельмі глыбокі працэс, усе складнікі якога ўзаемазвязаныя", — упэўнена Кузняцова.

Выстава "Privet Picasso & Viva Barselona!" працуе ў Цэнтры сучасных мастацтваў да 14 лістапада, кошт квіткоў — 30 тысяч рублёў. 

Тэмы:
Фарбамі па штодзённасці: свет беларускага мастацтва (12)

По теме

Выстава "Privet Picasso & Viva Barselona!" адкрылася ў Мінску
Тэги:
Выстава, Выяўленчае мастацтва, Культурнае развіццё, Культура, Мастацтва, культура і мастацтва, Цэнтр сучасных мастацтваў, Анатоль Кузняцоў, Ірына Кузняцова, Увесь свет, Еўропа, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы