09:35 25 жніўня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.06
  • EUR2.28
  • 100 RUB3.13
Беларускі гурт UNB

The UNB адзначылі чарговы юбілей – 32-годдзе

© Sputnik Юлія Хвошч
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (24)
434190

За час свайго існавання “самы піўны гурт Беларусі” запісаў больш за 100 альбомаў, а на мінулым тыдні сустрэўся з прыхільнікамі ў сталічным клубе “Графіці” з нагоды святкавання дня народзінаў.

Амаль для кожнага беларускага гурта запіс альбому — гэта падзея. Толькі не для UNB. На дадзены момант у гурта запісана 108 альбомаў, калектыў мае ўсе шансы трапіць у кнігу рэкордаў Гінэса. Ці абавязкова рабіць музыку сваім асноўным відам дзейнасці дзеля дасягнення поспехаў у музычнай справе? Ці можна спалучыць усё ў жыцці, проста ставячыся да яго меньш сур'ёзна? А можа, справа ў таленце? Карэспандэнт Sputnik сустрэўся з доўгажыхарамі беларускага рок-н-рола, павіншаваў з Днём народзінаў і задаў колькі пытанняў.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Мы дамовіліся з музыкамі сустрэцца для інтэрв'ю перад іх імянінным канцэртам у клубе "Графіці". Едучы на сустрэчу, шчыра кажучы, я нават хвалявалася — удзельнікі The UNB заўжды мне падаваліся вельмі сур'ёзнымі. Так і атрымалася. На калідоры я ўбачыла басіста Ігара Васілеўскага і нагадала, что дамаўлялася на інтэрв'ю. Ігар стрымана прапанаваў прайсці ў грымёрку і распачаць размову, пакуль іншыя музыкі яшчэ едуць. У маей галаве былі пытанні: "Ну чаму? Чаму гэты гурт, з такімі тэкстамі, якія кожнага прымусяць усміхнуцца ці паразважаць, у якіх кожны знойдзе сябе ці свайго знаёмага, не грамыхае па ўсёй пост-савецкай прасторы? Тым больш з іх прыстойным узроўнем ігры".

Па-за тусоўкай

Васілеўскі адразу адзначыў, што The UNB адрозніваецца ад іншых беларускіх калектываў не толькі тым, што самы стары, але яшчэ і тым, што заўжды трымаўся асобна.

"Нас не ведае не толькі глядач, але і беларускія музыкі. Мы ні з кім не кантактуем. Але не таму што мы такія букі. Мы рабілі некалькі спробаў пазнаёміцца з прадусарамі, але чамусьці так і не трапілі ў абойму беларускай музыкі. Можа таму, што мы такія старыя, а можа таму, што займаемся толькі музыкай, а не тусоўкамі. Да нас гэта і не вельмі цікавіць", — распачынае размову Васілеўскі.

Выступленне UNB у Графіці
© Sputnik Юлія Хвошч
Выступленне UNB у "Графіці"

UNB вядомы сярод прыхільнікаў сваімі тэкстамі і даволі сур'ёзнай музыкай. Дарэчы, гэтыя прыхільнікі наведваюць кожны канцэрт і ездзяць за калектывам па розных гарадах.

"Вось для іх мы і граем канцэрты — для прыхільнікаў сваёй творчасці. Яны ёсць, і мы пра гэта ведаем".

Гурт пачаў граць канцэрты не так даўно — усяго 15 гадоў таму, а да гэтага музыкі займаліся выключна запісам. "Нейкай канцэртнай дзейнасці не вялося, проста падумалі — чаму бы не пайграць".

У грымёрку зайшоў гітарыст Аляксандр Ляўкоскі, а басіст, перадаўшы эстафету ў размове, пайшоў наладжваць інструмент.

Віртуальны гурт

Пра гісторыю гурта працягваю размову з Ляўкоўскім.

"Мы ніколі не ўваходзілі ў мэйнстрым і ў 90-я не гралі на пляцоўках. Здымалі студыю для запісу альбому 3-4 разы на год, але не канцэртавалі", — кажа Аляксандр.

Што датычыцца запісу, то калектыў, як і большасць гуртоў, пачынаў пісацца ў хатніх умовах на магнітафон "Вось касеты засталіся. Гэта наогул самаробны тыраж. Такія тыражы выходзілі ў 50 асобніках і да гэтай пары не распраданыя", — смеючыся паказвае Аляксандр адну з касет з запісам, якія прывезлі на продаж у клуб.

"Можна сказаць, што мы былі віртуальным гуртом — рэпетавалі адразу перад запісам. Зараз мы рэпетуем радзей, чым канцэртуем".

Да размовы зноў далучаецца Ігар Васілеўскі і распавядае пра жыццё калектыву. "Нельга сказаць, што мы адна сям'я. Бо калі так казаць, што тады казаць жонкам?"

"Так, нельга казаць, таму што ў нас не было як у AC/DC, якія заўжды і ўсюды былі разам, яны жылі ў адным доме і ў іх быў агульны лёс", — дадае Ляўкоўскі.

Нейкай адзінай легенды ў гурта няма, яны не жывуць адзіным жыццём. "Мы збіраемся, слухаем музыку. Звычайна Дзіма Дольнік прыносіць нейкія рэдкія і вельмі цікавыя музычныя рэчы (ён філафаніст). Нешта абмяркоўваем, нешта чуем: ага, вось тут добра яны прыдумалі".

Узгадваючы гісторыю калектыву, Ляўкоўскі адзначае, што іх музычная дзейнасць заўжды была заснавана на сцёбе ды на ўзроўні пародый. "Нават калі мы рабілі каверы на нейкія класічныя творы, гэта ўсё роўна рабілася са смехам. А зараз высвятляецца, што ў кожнай песні можна знайсці некалькі сэнсаў".

Музыка — гэта хобі

Як аказалася, удзельнікі гурта — людзі вельмі паспяховыя ў іншых справах і як прафесію музыку не ўспрымаюць. Так, вакаліст гурта Дзмітрый Дольнік піша артыкулы для амерыканскіх часопісаў на аўтамабільную тэматыку і ведае амаль усё пра рэдкія аўтамабілі. Яшчэ адзін удзельнік займае сур'ёзную пасаду ў банку.

Сам Ляўкоўскі не лічыць сябе прафесійным гітарыстам. "Я бачу, што адбываецца, якія музыкі клічуць сябе музыкамі і пры гэтым не саромеюцца граць. Мы граем лепей за многіх беларускіх музыкаў, нават не будучы прафесіяналамі ў гэтай справе".

"Пайграць так, для сябе, адпачыць — гэта да. Але гэта нармальна толькі ў якасці хобі, але ніяк не прафесіі. Тым больш, што большасць прадстаўнікоў гэтай прафесіі не вельмі прывабная ў сэнсе кантактавання", — адзначаюць музыкі.

"Філасофія наша ў тым, што нельга ставіцца да жыцця вельмі сур'ёзна. Гэта такая збітая, банальная рэч, але, калі ты гэта разумееш, гэта гучыць не банальна".

Такім чынам, The UNB не ўваходзяць у мэйнстрым і з цяжкасцю знаходзяць час і месца для выступленняў. Любімай пляцоўкай гурта застаецца "Графіці". "Можна сказаць, што гэта наш родны клуб. Тут нават Дзіму (вакаліста Дзмітрыя Дольніка — Sputnik) на сцяне намалявалі. У астатніх жа клубах нам часцяком кажуць, што мы лепей возьмем кавер-бэнд, ён адпрацуе і возьме мала грошай", — павёў да завяршэння размову гітарыст, адзначыўшы, што на астатнія пытанні больш падрабязна адкажа Дольнік, папярэдзіўшы, што яго вельмі складана разгаварыць.

Выява Дзмітрыя Дольніка ў мінскім клубе Графіці
© Photo : Анрэй Лазук
Выява Дзмітрыя Дольніка ў мінскім клубе "Графіці"

На гэтых самых словах у грымёрку заходзіць Дольнік.

— Дзіма, я тут за цябе аддуваюся.

— Ды нічога, нічога, — стрымана адказаў вакаліст.

Пра муху, якая трапіла ў вуха

Вельмі хацелася даведацца, адкуль бяруцца ідэі для напісання песень. Можа, гэта партрэты рэальна існуючых персанажаў?

"Я лічу, што не заўжды так. Ці мала хто існуе ў рэальнасці ці нерэальнасці… Я б сказаў па-іншаму: нейкія існуючыя ці не існуючыя героі могуць пераблытацца паміж сабой, так? То бок да кожнага неіснуючага героя мы можам знайсці нейкага рэальнага чалавека і наадварот", — філасофскі адказвае вакаліст.

Карыстаючыся выпадкам, я папрасіла ўзгадаць пра гісторыю напісання адной з песень. Напрыклад, маёй любімай і адной з ранішніх — "Кампазітар".

"Табе падабаецца гэта песня? Ну калі так, зараз нешта ўзгадаю", — шчыра засмяяўся Дольнік.

Дзмітрый Дольнік, лідэр гурта UNB
© Sputnik Юлія Хвошч
Дзмітрый Дольнік, лідэр гурта UNB

Песня была напісана ў 1985-м годзе, калі Дольнік знаходзіўся ў шпіталі ва Усходняй Германіі. У лякарні быў зладжаны чырвоны куток з рознымі музычнымі інструментамі, прычым некаторыя з іх датаваліся 30-мі гадамі. Там жа Дольнік вывучыўся граць на кларнеце.

"І вось ляжу я, граю на кларнеце і тут мне ў вуха ззз (не можа ўтрымацца ад смеха — Sputnik) зззалятае муха. І атырмалася не так, як у песне спяваецца "частично лишился слуха", а старціў яго цалкам. Таму што ў шпітале я знаходзіўся з-за кантузіі, якую атрымаў на артылерыйскім палігоне. То бок я зусім нічога не чую, а ледзь чую свой унутраны голас, які мне нашоптвае: "Ха-па-па, ха-па-па". Думаю, што за "Ха-па-па", і тут у мяне нараджаецца першы радок "Му-ха-по-пала в ухо" — так і з'явілася гэтая неўміручая песня", — гучна смеючыся скончвае апавяданне Дольнік.

І зноў пра муздзейнасць

Я сказала вакалісту, што пакуль яго не было, іншыя ўдзельнікі гутра распавядалі, што ўспрымаюць музыку хутчэй як хобі. Дольнік зрабіўся сур'ёзным.

"Калі зусім шчыра, мы ніколі не пераходзілі гэтую мяжу канфармізму. Некалькі разоў у парыве эмоцый мне хацелася ўсё кінуць і займацца толькі музыкай, але так званая якасць жыцця значыць для нас вельмі шмат", — адзначыў без ценю іроніі вакаліст.

UNB перакананы, што заняткі толькі музыкай ніколі б не далі ім таго ўзроўню якасці жыцця, які яны маюць зараз. І такое становішча іх цалкам задавальняе — ёсць заробак і ёсць 108 альбомаў на рахунку ды прыхільнікі.

"Шмат выбітных дзеячаў мастацтва, да якіх мы сябе, безумоўна, прылічаем, таксама зараблялі хлеб далёка не мастацтвам і ў гэтым няма нічога ганебнага".

"Нехта можна паспрачацца на конт гэтага, але так сталася", — падвёў вынік Дольнік.

Паразмаўлялі з вакалістам і пра беларускія гурты. Дольнік прызнаўся, што амаль не слухае беларускамоўную музыку, таму і не можа яе ацаніць.

"Я не схільны да крытыкі і не люблю яе наогул. Да прыкладу, калі крытыкуюць UNB, асабіста мяне гэта вельмі злуе".

Дольнік адзначыў, што ў тым факце, што гурт знаходзіцца асобна ад музыкальнай тусоўкі няма ніякай рэўнасці і яны абстрагуюцца ад іншых музыкаў не спецыяльна. "Мы кантактуем з тымі музыкамі, якія прыемныя нам як людзі".

"А тое, што ёсць нейкія модныя рэчы, нейкі мэйнстрым — гэта праблема тых, хто на гэта вядзецца. Тое, што некаторыя музыкі імкнуцца працаваць кан'юктурна — цалкам іх выбар і іх праблема. І я не хацеў бы нікога крытыкаваць, але акрамя UNB мне ніхто не падабаецца", — адзначае Дольнік.

Закранулі і ідэйнае пытанне.

"Мы не абіралі адмыслова нейкі ідэйны ці тэматычны напрамак, тым больш, што ярка выражаная ідэялогія падаецца мне агіднай. І нават не з-за таго, што сваімі песнямі "ідэйныя гурты" не змогуць змяніць свет. Проста ўсё павінна быць гарманічным".

Ну а міф пра тое, што за 32 гады The UNB запісалі больш за 100 альбомаў, удзельнікі гурта ніяк не развенчваюць і нікому нічога не даказваюць, але ведаюць дакладна, што яны ёсць.

Тэмы:
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (24)
Тэги:
Музычныя жанры, Стыль жыцця, Музыка, Графіці (клуб), UNB, Мінск, Еўропа, Беларусь, Увесь свет

Галоўныя тэмы