11:19 17 красавіка 2021
«Радыё Sputnik»
  • USD2.60
  • EUR3.11
  • 100 RUB3.44
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
12620

Выдавецтва “Лімарыус” прэзентавала кнігу з успамінамі найстарэйшага беларускага мастака Яўгена Ціхановіча пра галоўных дзеячаў нашай культуры ХХ стагоддзя.

МІНСК, 16 ліс — Sputnik. "Партрэт стагоддзя" — кніга, у якой аб'ядналіся ўспаміны беларускага мастака Яўгена Ціхановіча пра класікаў беларускага мастацтва. Сам Ціхановіч удзельнічае ў мастацкіх выставах з 30-х гадоў, яго старэйшы брат — славуты мастак-графік Валянцін Ціхановіч, жонка Люся — дачка Уладзіслава Галубка. Успаміны гэтага дзеяча беларускай культуры пра Купалу, Іваноўскага, Азгура, Коласа запісаў культуролаг Сяргей Харэўскі. Кніга ўжо стаіць на паліцах кнігарні "ЛогвінаЎ" і "Акадэмкнігі".

З дазволу Сяргея Харэўскага, укладальніка кнігі, друкуем урывак з успамінаў спадара Ціхановіча пра Якуба Коласа і Заіра Азгура.

"Жонка Коласа была вельмі прыемнай жанчынай, мы адразу яе палюбілі і зусім не саромеліся да яе звяртацца. Яна ў часы абеду прыносіла нам на другі паверх паесці нешта смачнае і ласкава прапаноўвала хутчэй садзіцца за стол, пакуль гарачая ежа. Іншы раз прыносіла яна са свайго саду міску агрэсту ці вішняў, а часам і яблыкі.

Усё рабілася так, быццам бы мы былі ейныя сваякі.

На ніжняй верандзе працаваў скульптар Заір Азгур. Гэта быў сярэдняга росту, з кучаравай галавой юнак. На ім была талстоўка, а замест гальштука — вялікі чорны бант. Гэтае адзенне ды яшчэ нейкая смуглаватасць надавалі яму падабенства да Пушкіна. Ён, відаць, чуў гэта, можа, і не адзін раз, таму адпусціў яшчэ бакенбарды. А тая напускная важнасць перад намі рабіла яго быццам бы больш значным, бо ён — мастак, а мы — маляры, рабочыя. З другога боку, ён ведаў, што быць рабочым у той час было важнай справай. Таму ён часта пускаўся ў разважанні, што, маўляў, мы таксама рабочыя, бо іншы раз працуем молатам і зубілам, калі прыходзіцца высякаць з каменя фігуру чалавека.

Ляпіў ён тады па нейкім заказе першы раз бюст дзядзькі Коласа. Вакол станка былі разложаны фота, дзе Якуб Колас глядзеўся з анфасу, з профілю, нават амаль з патыліцы. Як потым я зразумеў, гэта быў азгураўскі метад рабіць бюсты людзей, якія не маюць часу сядзець ды пазіраваць, бо важныя пасады абсалютна не пакідаюць ім вольнага часу.

Калі прыходзіў на абед Колас, яго жонка запрашала Азгура за агульны стол, бо Азгур пасля тэхнікума заўсёды быў галодны. Быў час, калі Азгур зарабляў у Белдзяжвыдавецтве, як і ўсе мастакі, што скончылі мастацкі тэхнікум. Але мы ніколі не бачылі яго малюнкаў. Гэта здавалася дзіўным, бо школа вучыць маляваць адразу, а такога, каб нехта пасля заканчэння аддзялення скульптуры ці графікі не мог маляваць, амаль што не бывае.

Можа, па 15 хвілін у дзень перад абедам Якуб Колас сядзеў нерухома ў крэсле, а вакол яго бегаў, мітусіўся Азгур, каб ухапіць нешта з боку ці са спіны. Звычайна натуршчык сядзіць на круглым станку, які можна круціць на той бок, які патрэбен скульптару. Але тады яшчэ ніхто не меў такіх станкоў, бо ўсё толькі пачыналася і ўсё было ўпершыню. Тады ў Мінску яшчэ ніхто не ўмеў рабіць кускавую форму, каб можна было адфармаваць пяць ці дзесяць адлівак. Рабілі так званую чорную форму і толькі на адзін адлівак. Дык вось аднойчы да Коласаўскага дома фарматор Гельгіс са сваім памочнікам Левіным прывезлі на тачцы гліну, каб здымаць гліняную форму — партрэт Якуба Коласа.

Той прымітыўны спосаб атрымаць чорную форму заўсёды быў рызыкоўны, бо гліну (інакш кажучы, партрэт з гліны) кавалкамі здымаеш з формы. Партрэта ўжо няма, а ці атрымаецца хоць адна адліўка — невядома, бо і форма гіпсавая збіваецца стамескай з гіпсавага партрэта.

Трэба было паглядзець, як хваляваўся Азгур ды тыя фарматоры, што гучна ўголас адзін аднаго пераконвалі ў сваёй праваце. Шуму i гвалту нарабілі шмат, і цяжка было зразумець, хто чаго хацеў. Адразу запаскудзілі ўсю веранду гіпсам, нават сцежкі да яе быццам у снезе былі. Усё сціхла тады, калі апошнія кавалкі гіпсу ўпалі на падлогу. Адлівак быў добры.

Пасля Азгур зрабіў партрэт дзядзькі Купалы такога ж памеру, як i Коласаўскі.

На фасадзе першага БДТ былі дзве круглыя нішы (па абодва бакі ад увахода ў тэатр). У нішы з левага боку стаяў бюст Пушкіна, а з правага — бюст Гогаля. Абодва бюсты былі выкананы ў бронзе невядомым нам скульптарам. Дык вось замест Пушкіна паставілі бюст Янкі Купалы, а замест Гогаля — бюст Якуба Коласа. У гэтай акцыі нічога дзіўнага не было, бо ўсё гэта адбывалася ў часы першай беларусізацыі нашай краіны.

На вялікі жаль, абодва бюсты нашых вялікіх песняроў не захаваліся, бо яны былі не ў бронзе, а ў гіпсавым выкананні, — не вытрымалі на вольным паветры дажджу, марозу, спякоты — разбураліся самі па сабе."

По теме

“Хэлоуін” па-беларуску: Харэўскі пра беларускія жахі
Ех-арыстакраты: як вярнуцца да шляхецкіх каранёў
Тэги:
Яўген Ціхановіч, Сяргей Харэўскі, Беларусь, Увесь свет

Галоўныя тэмы