22:04 20 жніўня 2017
«Радыё Sputnik»
Кнігарня Галіяфы

“А труну будуць выносіць?” – як адкрывалі кнігарню “Галіяфы”

© Sputnik / Виктор Толочко
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
21230

“Траецкае прадмесце” пабачыла свой першы перформанс падчас адкрыцця “Галіяфаў”.

Алена Васільева, Sputnik

Адкрыць кнігарню, што вынесла ўжо некалькі пераездаў, абяцалі роўна ў 19:00, да гэтага часу пад сцены пафарбаванага ў доміка ў Траецкім прадмесці сцягнулася добрая частка сталічнай інтэлігенцыі і крыху выпадковых мінчукоў. Першыя трымаліся моцнымі, апошнія хваляваліся, але годна сустрэлі акт сучаснага мастацтва — кнігарня адкрылася перформансам.

Замест пераразання чырвонай стужачкі прысутных сустрэлі картонам, каробкамі і машыннымі шынамі — усё тое ляцела з дзвярэй "Галіяфаў", а наведвальнікі сталі вакол у роўненькае колца і ўспрымалі нечаканы перформанс вытрымана. "А труну, труну будуць выносіць? Давай, "Бум-бам-літ!" — крыкнуў нехта з натоўпу.

Зміцер Вішнёў у новай кнігарне
© Sputnik / Виктор Толочко
Зміцер Вішнёў у новай кнігарне

Труна, відавочна, затрымлівалася, з дзвярэй выбег чалавек з вялізнай галавой з пап'е-машэ паверх сваёй уласнай. Прысутныя ўзрадаваліся — экшн працягваўся. Дворык Траецкага, у якім адбывалася дзея, выглядаў крыху спужаным, здавалася, сцены мясцовых домікаў паружавелі наўмысна — Траецкае было не падрыхтаванае да гучных гукаў і непрадказальных учынкаў чалавека з галавой з пап'е-машэ.

"І ці варта было ехаць з Дзяржынску?" — працягнула дзяўчына ў натоўпу. "Ты глядзі далей, можа што цікавае будзе", — падбадзёрвала яе сяброўка. Цікавае распачалося праз хвіліну — да чалавека з галавой з пап'е-машэ кінуўся яшчэ адзін — з пілой, пад спалоханыя ўздыхі жанчын папяровую галаву пачалі пілаваць, каб дастаць знутры галаву сапраўдную.

Дзея балансавала недзе паміж класічным перформансам і школьным святам — аднолькава проста можна было б уявіць тут як вынас труны, так і выхад чалавека ў касцюме кнігі, які прыходзіць і збаўляе ад жарсцяў рэчаіснасці. Перформанс падрыхтавала група "Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk", калі ўступ быў скончаны, прысутных нарэшце запрасілі ў кнігарню.

Стваральнікі новай прасторы распавялі, што яшчэ тыдзень таму гэтае месца было пафарбаванае ружовым знутры, а вось зараз маем класічныя белыя сцены (якая кнігарня без белых сценаў), бясплатную каву і гарбату для тых, хто змёрз (тое ж), і, галоўнае, шмат кніжак. Учора кніжныя палічкі выглядалі крыху аскетычна — аргазінатары яшчэ не паспелі заставіць іх літаратурай, але ж ужо сёння маем годны асартымент.

Сярод запрошаных гасцей на адкрыцці "Галіяфаў" — Барыс Пятровіч, старшыня ГА "Беларускі саюз пісьменнікаў".

"Развівайцеся і стварайце канкурэнцыю тым, хто без яе ўжо крыху расслабіўся", — жадае Барыс Пятровіч Зміцеру Вішнёву, аднаму з заснавальнікаў выдавецтва "Галіяфы".

"Больш за ўсё прадаваўся альманах "Тэксты" і "Сем ружаў" — ярка ілюстраваная дзіцячая кніга. Некаторыя прыходзілі са спісамі з кніжак, з даведкамі пра аўтараў, кнігі якіх хацелі б набыць", — распавядаюць для Sputnik у кнігарні.

Канкурэнцыі з кнігарняй Логвінава тут не адчуваюць, кажуць, магазін адкрылі не для канкурэнцыі, а таму, што "Галіяфы" разрасліся да таго, што патрабуюць свайго месца.

Падчас прэзентацыі месца, якое абралі для кнігарні, асабліва ўхвалілі — кажуць, без настойлівасці і пэўнага нават нахабства Траецкае прадмесце было, як ужо пачалі казаць, не раскансерваваць.

Тэги:
кнігарня "Галіяфы", Беларусь, Увесь свет
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы