01:25 23 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Беларускі гурт Re1ikt

Re1ikt: музыка, якая лечыць

© Фото: Прадастаўлена гуртом Re1ikt
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (24)
282120

Пра запіс новага альбома “Лекавыя травы” і яго гаючыя ўласцівасці распавялі Sputnik музыкі Re1ikt – бубнач Аляксандр Дземідзенка і вакаліст Уладзь Казлоў.

Юлія Хвошч, Sputnik.

З выхадам альбома "Лекавыя травы" ў 2015-м пра Re1ikt загаварылі. Загаварылі шмат і пераважна станоўча. Па словах саміх музыкаў — гэта іх першая сталая праца. Альбом складаецца як з аўтэнтычных песень, так і ўласнанапісаных, якія гарманічна суседнічаюць на адной плытцы.

Канешне, у аднім артукале цалкам распавесці пра гурт складана, таму Sputnik паспрабаваў закрануць хаця б дзве грані дзейнасці калектыву — запіс апошняга нашумелага альбому "Лекавыя травы", аб чым пагутарылі з бубначом Аляксандрам Дземідзенка, і ідэйна-філасоўскаю пазіцыю гурта, пра якую распавёў вакаліст Уладзь Казлоў.

Доўгачаканы альбом і станоўчая крытыка

Апошні альбом гурта атрымаў шмат станоўчых водгукаў ад беларускіх музычных крытыкаў — амаль усе сышліся ў меркаванні, што "Лекавыя травы" Re1ikt з'яўляецца адным з найлепшых альбомаў 2015-га. Музыкі прызнаюцца, што яны не чакалі такой колькасці станоўчых водгукаў.

"Не буду крывіць душой і не скажу, што чакаў, што будзе так шмат водгукаў, мы б хацелі гэтага вельмі, але мы не ведалі гэтага загадзя, а проста рабілі найлепш што мы можам рабіць — найлепшае выкананне, найлепшы запіс, найлепшы падыход да стварэння песняў, аранжыроўкі, гуку, будаванне гэтых ланшафтаў, у падыходзе з найвялікай адказнасцю да ўсяго, уклалі вельмі шмат часу і сябе", — прызнаецца бубнач калектыву Аляксандр Дземідзенка.

Некаторыя з каментароў беларускіх экспертаў:

  • "У альбоме "Лекавыя травы" адчуваецца моцны стрыжань — як ідэйны, так і музычны. Бабульчыны сьпевы разам зь сьвежанапісанымі аўтарскімі рэчамі тут спалучаюцца ў адно", — Сяргей Будкін, Budzma.org;
  • "Лекавыя травы" — гэта прыгода, дзе касмапалітычная рок-музыка выдатна спалучаецца з вельмі лакальнымі каранямі, дзе цікавая форма не пацісняе змест. Гэта пашырэнне межаў звыклага і пазнанне новага на здавалася б даўно асвоеных участках", — Зміцер Безкаравайны, Experty.by;
  • "Лекавыя травы" — гэта ў першую чаргу сталая праца музыкаў, якія ведаюць, што і навошта робяць. Гучанне гурта стала куды больш лёгкім у параўнанні з "Рэкі прабілі лёд" (папярэдні альбом — Sputnik), але зразумела, што гэта не спроба гурта дагадзіць шырокай аўдыторыі, але менавіта пошук уласнага гуку, чым у прынцыпе займаецца не так шмат беларускіх калектываў", — Аляксандр Чарнуха, музычны журналіст.
Прэмія Героі году ў Пляцоўка Хол
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Прэмія "Героі году" ў "Пляцоўка Хол"

Дарэчы, апошняе выказванне цалкам супадае з меркаваннемм саміх музыкаў. Яны лічаць свой апошні альбом першай вялікай асэнсаванай работай, таму што на момант запісу музыкі ўжо ведалі як трэба ствараць, запісваць і аранжыроўваць музыку і рабілі гэта цалкам свядома.

"Раней мы не ведалі, што атрымаецца (якім атрымаецца альбом — Sputnik) і думалі: "ну атрымаецца можа так, а можа так…" і вынік быў нам непадкантрольны, а тут мы ўжо мелі не благі для беларускіх умоваў досвід у музычнай вытворчасці і ведалі, што мы хацім зрабіць", — распавядае Дземідзенка.

Выхаду "Лекавых траў" як прыхільнікі гурта, так і самі музыкі чакалі даволі доўга. Перадапошні альбом быў выпушчаны ў 2011-м. "Падрыхтоўка запісу альбома расцягнулася па часе, першыя песні пачалі стварацца здаецца ўжо ў 2012 годзе. Так, "Чаго ты лося" мы запісалі ў 2012-м. Актыўна пачалі запісваць новыя песні напрыканцы восені 14-га. Мы запісвалі дэмкі, адну, другую, трэцюю, слухалі нешта, перараблялі яшчэ, яшчэ і яшчэ…".

Выступленне Re1ikt у клубе TNT у межах акцыі Rock&Help
© Sputnik/
Выступленне Re1ikt у клубе TNT у межах акцыі "Rock&Help"

Назбіраўшы за гэты тэрмін досыць матэрыялу і, як яны самі кажуць, досвіду, музыкі падыйшлі да запісу "Лекавых траў" на 100% падрыхтаванымі тэхнічна і запісалі альбом на студыі Studio-X у Польшчы ўсяго за пяць дзён.

"Прадусавалі мы яго самі. Я выступаў у якасці проджект-мэнеджэра ў гэтым запісу, прадусара па гуку…Гэта быў вельмі цікавы і прыемны досвід. Я вельмі рад, што ён у нас адбыўся", — распавядае бубнач калектыву.

"Мы звычайна не прытрымліваемся практыкі выпускаць сінглы. Не ведаю, чаму калі людзі проста закідваюць песню ў кантакт называюць гэта сінглам. Мы так не хочам, мы так не робім. Проста робім альбомы. Таму гэта быў доўгачаканы альбом".

Лекавая музыка — на карысць слухачам

Музыкі прызнаюцца, што ім, канешне, было прыемна атрымаць шмат станоўчых адзнак ад крытыкаў, але водгукі людзей — для іх галоўнае.

"Мы працуем менавіта для іх — граем канцэрты, мы запісваем дыскі, каб людзі маглі слухаць і ўжываць гэты кантэнт", — распавядае Дземідзенка.

Кожны альбом гурта мае пэўны ідэйны накірунак. "Лекавыя травы" — не выключэнне. Паводле слоў музыкаў, альбом накіраваны на тое, каб "кожны дзень людзі маглі слухаць у плэеры, слухаць на працы, падмацоўвацца, сілкавацца ад нашай музыкі".

"Таму і назва — "Лекавыя травы", каб чалавек у цяжкую хвіліну мог да яго звярнуцца і неяк паправіць свае думкі, стан душы, акрыяць".

"У кожным альбоме свой пасыл. Мінулы быў "Рэкі прабілі лёд" — назва кажа за сябе. Гэта нейкая энергія, якая прабівае лёд, гэта наш пачатак. А вось зараз "Лекавыя травы". Там тая музыка, якая лечыць людзей, дапамагае лепей сябе адчуваць", — дадае вакаліст Уладзь Казлоў.

Карэспандэнт Sputnik дапытваўся ў вакаліста, ці ёсць у гурта нейкая звышідэя, якую музыкі імкнуцца данесці слухачам, на што той адказаў: "Ідэя змяняецца з намі таксама, зараз мы ўжо больш сталыя і нас цікавіць ужо іншае. На гэтым этапе развіцця гэта канешна ж аб'яднанне. Аб'яднанне ўсіх нас".

Выступленне гурта Re1ikt
© Sputnik/
Выступленне гурта Re1ikt

"Калі мы ўсе па хатах сядзім за кампутарамі — гэта не справа. А калі мы разам, можам размаўляць, а не глядзець у чорную дыру — гэта ўжо добра. Таму і беларуская мова не выпадкова выбрана намі", — распавёў вакаліст.

"Расіяне — у іх руская мова, а ў беларусаў ёсць беларуская мова. І размаўляць на ёй мы павінны. Спяваць… Гэта наш скарб".

Гонар за працу, якую робім шчыра

Sputnik звярнуўся да вакаліста гурта з незвычайным пытаннем, якое не задае іншым музыкам: што адчувае Уладзь Казлоў падчас сваіх выступаў на сцэне. Справа ў тым, што калі знаходзішся на канцэрце Re1ikt, назіраеш за іх выступамі, не можаш не адзначыць тую шчырасць, з якой музыкі выконваюць сваю справу, а голас вакаліста прабірае да дрыжыкаў.

Прэмія Героі году ў Пляцоўка Хол
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Прэмія "Героі году" ў "Пляцоўка Хол"

"Ты заплюшчваеш вочы, чуеш гукі музыкі, узгадваеш усе словы і чытаеш іх як быццам зноў. Кожны, кожны раз перажываеш гэтую песню. Месцы. Падзеі. Адчуванні. Адчуваю, адчуваю, адчуваю", — прызнаецца вакаліст калектыву.

Уладзь параўноўвае свае выступы з машынай часу. "Таму што для слухачоў гэта мабыць 40 хвілін, а для мяне гэта хвіліна — не болей".

"Гонар за ўсіх беларускіх музыкаў і людзей, якія прыходзяць на нашыя выступы, і разумеюць, што гэта не проста музыка для вяселля ці для святаў і супермаркетаў, а нашая праца, якую мы зрабілі шчыра — вось што я адчуваю на сцэне".

Вакаліст прызнаецца, што для яго творчасць звязана з адказнасцю за тое, што паколькі чалавек валодае пэўным талентам, то павінен з дапамогай яго зрабіць гэты свет лепей. "Было б прасцей трошачкі, калі б таленту не было, то можна было б па нейкай напрацованай схеме жыць сваё жыццё і адчуваць сябе пры гэтым добра, але ёсць", — адзначыў вакаліст гурта.

Тэмы:
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (24)
Тэги:
Музычныя жанры, Музычны гурт, Музыка, Re1ikt, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы