01:25 25 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна

Прымадона беларускай оперы адзначае юбілей

© Фото: прадастаўлена тэатрам оперы і балета
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
16220

23 студзеня адбудзецца спектакль "Набука" Джузэпэ Вердзі, прысвечаны юбілею заслужанай артысткі Беларусі Ніны Шарубінай.

Вольга Савіцкая, Sputnik.

Яна выступала перад каралеўскімі асобамі на Міжнародным фестывалі танца і музыкі ў Бангкоку (Тайланд). Неаднаразова прымала ўдзел у фестывалях у Германіі. Выклікала захапленне ў гледачоў на Міжнародным оперным фестывалі ім. Ф. Шаляпіна ў Казані. З грузінскім оперным спеваком Зурабам Саткілава выступала на сцэне Беларускай оперы ў спектаклі "Баль-маскарад". Спявала ў спектаклі "Мадам Батэрфляй", якім кіраваў іспанскі дырыжор Марыяна Рываса.  Яе кар'ера ў беларускім тэатры оперы і балета пачалася, калі ёй споўнілася без малога 40 гадоў, і ўжо 14 сезонаў спявачка радуе сваім мастацтвам беларускіх гледачоў.

23 студзеня адбудзецца спектакль "Набука" Джузэпэ Вердзі, прысвечаны юбілею заслужанай артысткі Беларусі Ніны Шарубінай. Партыя Абігаіль — адна з самых запамінальных у рэпертуары спявачкі. Але ж унікальнаму голасу спявачкі падуладныя самыя складаныя партыі сусветнага опернага рэпертуару: Яраслаўна ў оперы "Князь Ігар" Барадзіна, Аляксандра і Мікаэла ў "Кармэн" Жоржа Бізэ, Ліза ў "Пікавай даме" Пятра Чайкоўскага і Чыа-Чыа-сан у "Мадам Батэрфляй" Джакама Пучыні, Земфіра ў "Алека" Сяргея Рахманінава і Неда ў "Паяцы" Руджера Леанкавала, Аіда, Тоска Турандот у аднайменных творах Джузэпэ Вердзі і іншыя.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна
© Фото: прадастаўлена тэатрам оперы і балета
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна

"Я адкрыта кажу: не ведаю, якую партыю вылучыць як любімую… Немалаважна, каб партыя адпавядала голасу. Важна дбайная падрыхтоўка: матэрыял павінен быць вывучаны бездакорна, да кожнай 32-й ноты. У нашым тэатры добрыя канцэртмайстры, якія дамагаюцца дасканалага вядзення партыі… Але нават калі я ведаю партыю дасканала, то перад выхадам на сцэну ўсё адно хвалююся. Нават калі трэба проста праспяваць два любімых раманса на гала-канцэрце і гучыць маё прозвішча — пачынае пачашчана біцца сэрца", — распавядае спявачка.

Лаўрэат Нацыянальнага конкурсу вакалістаў імя Л.П.Александроўскай (Беларусь, 1993), Ніна Шарубіна дэбютавала на сцэне Беларускай оперы ў 1998 годзе ў партыі Мікаэлы ў оперы "Кармэн" Жоржа Бізэ. Салісткай тэатра спявачка стала ў 2002 годзе.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна
© Фото:
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна

"Я спрабавала прабіцца ў наш тэатр 10 гадоў, і не стала займацца чымсьці іншым. Напрыклад, выкладаць, хоць люблю гэта і ўжо ўмею. Ці магла сысці ў эстраду, якой я займалася яшчэ да паступлення ў Беларускую акадэмію музыкі… Я ў свой час зрабіла свой выбар і ні кроплі пра яго не шкадую. Я прыйшла ў тэатр, калі мне было без малога 40 гадоў. Я перыядычна праходзіла праслухоўванні, але ў сілу абставін у тэатр не трапляла — напэўна, гэта лёс. Сапраўды, па сярэдніх мерках, я прыйшла ў тэатр пазнавата. Але затое прыйшла — і адразу стала спяваць вядучы рэпертуар. Першай была партыя Амеліі з оперы "Баль-маскарад" Вердзі. Потым "Чыа-Чыа-сан" Пучыні, "Пікавая дама" Чайкоўскага, "Аіда", "Тоска", Абігаіль ў "Набука". За першы год я вывучыла і праспявала пяць партый. Напэўна, я проста была гатовая да гэтага, не толькі з пункту гледжання вакалу, але і псіхалагічна. І я спяваю на гэтай выдатнай сцэне, заняўшы сваю нішу", — распавядае Шарубіна.

Спявачка ўдзельнічае ў пастаноўках маскоўскага тэатра "Новая опера", Татарскага акадэмічнага опернага тэатра оперы і балета, Данецкага і Львоўскага нацыянальных акадэмічных тэатраў оперы і балета. З сольнымі канцэртамі, выкананнем партый у спектаклях і прамоўцы спявачка пабывала ў Аўстрыі, Іспаніі, Нідэрландах, Францыі, Швейцарыі.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна
© Фото: прадастаўлена тэатрам оперы і балета
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, оперная спявачка Ніна Шарубіна

"Гастролі я вельмі люблю, гэта досвід, новыя ўражанні, якія ўзбагачаюць ўнутрана. Люблю выступаць у іншых тэатрах — гэта вельмі цікава: новыя дырыжоры, новыя партнёры па сцэне, новая абстаноўка… Вось, напрыклад, запомнілася паездка ў Бангкок, дзе я спявала ў спектаклі "Аіда". Публіка прымала нас шыкоўна, у зале прысутнічалі члены каралеўскай сям'і, і потым мы атрымалі вельмі добрыя водгукі ад музычных крытыкаў", — прызнаецца прымадона.

Ніна Шарубіна ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Спявачцы прысвоена ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь". У 2013 годзе за выдатныя дасягненні вакальнага і выканальніцкага майстэрства вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Ніне Шарубінай прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

"Я перакананая, што цяпер пачалася новая эпоха ў беларускай оперы. Людзі пайшлі ў оперу, прычым сярод іх шмат моладзі. Я часта бываю на спектаклях сваіх калегаў, і бачу гэта. Мне вельмі прыемна ўсведамляць, што маю працу цэняць, што я займаюся любімай справай, і ўжо чатырнаццаты сезон выходжу на сцэну беларускага тэатра оперы і балета. Але хачу падкрэсліць, што, нягледзячы на тое, што "салістка" — ад слова "сола" і маецца на ўвазе "адзін", вельмі актуальная прыказка "Адзін у полі не воін". Лічу, што такая высокая ацэнка маёй працы — ацэнка працы ўсяго нашага тэатра".

Тэги:
падзеі і даты, Культура, Жыццё знакамітых людзей, культура і мастацтва, опера, Вялікі тэатр оперы і балета РБ, Ніна Шарубіна, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы