Кіеўская Русь і вясковы міліцыянт: пра што мог зняць "Беларусьфільм"

© Flickr / *- mika -*Плёнка
Плёнка - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Карэспандэнт Sputnik разам з начальнiкам сцэнарна-рэдакцыйнага аддзела "Беларусьфільма" Ігарам Касцючэнкам выбудоўваў альтэрнатыўную рэальнасць - пра што быў бы наш кінематограф, каб не фільтры рэдактарскага аддзела.

Алена Васільева, Sputnik.

Згодна з легендамі, якія круцяцца вакол "Беларусьфільма", больш за трыста сцэнароў прыходзяць на Нацыянальную кінастудыю цягам году. Між тым, ні нацыянальны конкурс кінасцэнароў, што абяцае падтрымку пераможцам, ні просьбы, што ідуць і ад аматара кіно, і з вышэйшых узроўняў, да стварэння шэдэўра нас не наблізілі. Рэдактар Ігар Касцючэнка распавёў пра магчымасць сіткомаў і немагчымасць аўтарскага кіно на "Беларусьфільме", пра тое, чаму беларускі драматург можа павучыцца ў сцэнарыстаў "Sherlock" і пераканаў — "вайна" ўжо амаль скончылася.

"Дванаццаць гадоў пераробліваюць адзін сцэнар"

© Flickr / Drew CoffmanПісьменнік
Пісьменнік - Sputnik Беларусь
Пісьменнік

Карэспандэнт Sputnik пераканалася: сцэнарна-рэдактарскі аддзел кінастудыі наўпрос завалены рознай таўшчыні стосамі экзерсісаў маладых і прафесійных драматургаў. То бок, здаецца, сцэнарны аддзел не павінны быць той кульгавай нагой, з-за якой "Беларусьфільм" усё ніяк не можа ўзняцца. Але ж і тут, негледзячы на колькасць працаў, ёсць агульная для беларускага кінематографа і ў ім жа і агучаная праблема — "что-то не так".

"Кожны чалавек, які заходзіць у нашыя дзверы, не проста наведвальнік, а аўтар — то бок, мае свае амбіцыі, сваё бачанне свету. Але каб стаць сцэнарыстам, трэба валодаць яшчэ і рамесніцкімі навыкамі. Часта здараецца, што, напісаўшы драматургічны твор, чалавек бярэ на сябе смеласць прадэманстраваць гэта свету, але не адэкватна ацэньвае менавіта свае рамесніцкія здольнасці. Сцэнарнае рамяство што сапожнае: яго можна спасцігнуць, але варта вучыцца. А часам напорыстыя аўтары становяцца ў пазіцыю чалавека, які заходзіць у аперацыёную, адкідвае хірурга і кажа — я сам ведаю, што тут прышыць. Гэта прыклад нашага масавага госця", — тлумачыць начальнiк  сцэнарна-рэдакцыйнага аддзела Ігар Касцючэнка.

За снежань рэдактары прачыталі 26 сцэнароў рознай ступені прафесіяналізма. З гэтых сцэнароў у трох можна канстатаваць сямідзесяціадсоткавую падрыхтаванасць: тут былі распрацаваныя героі, прапісаная сітуацыя і канфлікт. Яшчэ шэсць сцэнароў выйшлі з рэдактарскага аддзела з фармулёўкай "мэтазгодна дапусціць да вытворчасці" — але з дапрацоўкамі, астатняе не рэкамендавалася дапускаць да вытворчасці з-за нізкага прафесійнага ўзроўню.

Ёсць тут і аўтары, якія намагаюцца перарабіць сцэнарый пад фармат "Беларусьфільма" цягам дванаццаці гадоў, але, кажуць на кінастудыі, робяць адны і тыя ж памылкі. Сцэнар падаецца на мастсавет, там аўтару даюцца рекамендацыі па яго дапрацоўцы, аўтар уносіць некаторыя карэктывы і, упэўнены, што зрабіў усё магчымае, нясе працу на другі круг. Амаль дантаўскае хаджэнне па тых кругах "Беларусьфільма" можа быць амаль ці не бясконцым.

"Адзін аўтар прынёс 12 заявак — ад поўнага метра да дванаццацісерыйніка. Нас нічога практычна не зацікавіла — вось і няма асаблівай карысці ад колькасці жадаючых. У пісанні драматурга-пачаткоўца можа ўтрымлівацца крупіца зместу, але ж у яго няма рамесніцкага навыку, то бок, ён нясе горы сыравіны. Некаторыя аўтары падрыхтаваныя да таго, што іх будуць правіць, некаторыя — не. Тым, хто ідзе на кантакт, гарантаваны поспех. Задача рэдактара — не заточваць усіх пад адзін фармат, але знайсці індывідуальнасць аўтара і дапамагчы трапіць у жанр, знайсці форму, якая б была даступнай масаваму гледачу", — тлумачыць суразмоўца Sputnik.

У маштабе вясковага міліцыянта

© Flickr / Andy WilsonБрытанскія палісмэны
Брытанскія палісмэны - Sputnik Беларусь
Брытанскія палісмэны

Плануючы размову з "Беларусьфільмам" пра сотні нерэалізаваных сцэнароў, што застаюцца тут выключна ў выглядзе стосаў паперы, карэспандэнт Sputnik спадзявалася сутыкнуцца з жорсткімі фільтрамі кінастудыі, што не пускаюць у вытворчасць сюжэты таленавітых аўтараў. Між тым, падчас размовы ўсё болей станавілася відавочным, што "Беларусьфільм" апынуўся, хутчэй, ахвярай: на кінастудыі прагна чакаюць сцэнарыстаў, якія б маглі ўразіць размахам думкі, і скардзяцца, што айчынны творца мысліць надта ж лакальна.

"Нашы аўтары пакутуюць ад правінцыйнасці мыслення. Чытаеш сцэнар маскоўскага аўтара і бачыш, што той адчувае сябе веснікам ідэі касмічнага значэння, а мы замыкаемся на мясцовых тэмах: часты сюжэт — "вясковы міліцыянт даследуе забойства". То бок, мы маем сітуацыю, якая не выходзіць на больш высокі ўзровень абагульнення, гэта руйнуе філасофскую аснову твору, на якой павінны базіравацца любы твор", — кажа спадар Касцючэнка.

Альтэрнатыва гісторыям пра вясковых міліцыянтаў — гістарычныя сюжэты, якія будуюцца па агульнай схеме: палову сцэнара рыцар закаханы ў княжну, пасля — удзельнічае ў бойцы, а ў фінале актыўна рэфлексуе па матывах пражытага.

"Беларусьфільм", займеўшы новага дырэктара, жадае займець і новыя накірункі развіцця, то бок, звярнуць са шляху "засвойвання грошай" на шлях стварэння запатрабаванага кіно. Для таго, каб стаць тутэйшым аўтарам, трэба пачаць з анатацыі і сцэнарнае заяўкі. Калі тыя задаволяць сцэнарны аддзел, ад аўтара захочуць пабачыць разгорнуты сінопсіс, трытмент і паўнавартасны сцэнар.

"Ёсць міф, што кіно — закрытая каста і сюды прабіцца складана. Калі вы прынясеце адэкватную заяўку, у вашага сцэнара ёсць шансы быць рэкамендаваным да вытворчасці. Мы не абмяжоўваем творцаў у тэмах, але ёсць крытэрыі нядобрага сцэнарыя: нераспрацаваны асноуны канфлiкт, слабая драматургія, у  героя няма бэкграунда, часта сустракаем сцэнары, што складаюцца з яркіх малюнкаў, а вось распрацоўкі персанажаў и матывацый  няма. Да таго ж — "забалтанасць" дыялогаў,  персанажы шмат кажуць не па тэме, атрымліваецца "казахская песня". Варта арыентавацца на лаканічныя  сцэнары  , з акцэнтам на дзеянне. А ў нас аўтар часта імкнецца да стылёвай прыгажосці, за гэтым губляецца канцэпт. Часам папросту няма яснага месседжа: пытаешся ў чалавека, чаму мне трэба глядзець такі фільм, а аўтар сам не разумее, у чым яго пасланне "граду и миру", — засмучаюцца на "Беларусьфільме".

"Абы не было вайны"

© Photo : суполка фандома "Вконтакте"Беларускі фандом Star Wars
Беларускі фандом Star Wars - Sputnik Беларусь
Беларускі фандом Star Wars

У рэдакцыйна-сцэнарным аддзеле  кінастудыі сцвярджаюць, што тэма вайны ўжо прайшла этап міфалагізацыі. Цяпер яна хутчэй тэма не для рэфлексіі, а для экшэна ці прыгодніцкага фільма.

"Такія сцэнары запатрабаваныя ў пракаце і на расійскіх каналах. Дастаткова ўспомніць "Снайпераў". Тэма не здымаецца, мы дагэтуль прымаем"ваенныя" сцэнары, але чакаем ад іх добра распрацаванага драматургічнага матэрыяла: герой, канфлікт, антыгерой. Акрамя ваеннага кіно ў нашых аўтараў папулярнай стала сацыяльная драма, моладзевая тэматыка, меладрама, запатрабаваная расійскімі каналамі, лірычная камедыя", — тлумачыць рэдактар.

Мінкульт, каб у "Беларусьфільма" не было пытанняў, што рабіць, сам папрацаваў і вылучыў шэсць прыярытэтаў у кінавытворчасці. Згодна з законам аб кінематаграфіі, прыярытэтнымі з'яўляюцца наступныя тэмы:

  • нацыянальная гісторыя і культура;
  • фільмы, арыентаваныя на моладзевую аўдыторыю;
  • экранізацыя твораў класікаў;
  • сацыяльная тэматыка;
  • дэбютныя працы;
  • нацыянальныя фільмы.

"Павінна ўзмацняцца нашае супрацоўніцтва з Акадэміяй мастацтваў. Праблема ў тым, што шмат добрых сцэнарыстаў не знаходзяць прадзюсера, шляхоў рэалізацыі сцэнара. Мы павінныя дапамагчы, плануем даваць выпускнікам Акадэміі рабіць кароткаметражкі на базе кінастудыі, якія магчыма было б аб'ядноўваць у альманах", — кажа суразмоўца.

Акцэнт кінастудыя робіць гэтаксама і на экранізацыі класікі, кажуць, багатае поле нашай літаратуры тут паважаюць і разглядаюць як аснову для стварэння драматургічных твораў. Ёсць сцэнары па Кузьме Чорнаму, Максіму Гарэцкаму, Лявону Баршчэўскаму.

Рабі як "Sherlock"

© Flickr / Rooners Toy PhotographyШэрлак і Ватсан
Шэрлак і Ватсан - Sputnik Беларусь
Шэрлак і Ватсан

Стратэгічны напрамак кінастудыі з прыходам новага кiраунiцтва  - тэлефармат, які можа прынесці прыбытак. Магчымасць здымаць серыялы, якія глядач спажывае цяпер тэрабайтамі, тут гэтаксама разглядаюць.

"Зараз на кінастудыі распрацоўваюцца два дастаткова буйныя праекты. "Трымацца за аблокі" — васьмісерыйны фільм пра высотнікаў-мантажнікаў, якія праводзяць лініі электраперадачаў, арыентавацца будзем на расійскія тэлеканалы. "Сляды на вадзе"  — дэтэктыў, што прысвечаны юбілею міліцыі Беларусі", — кажуць у аддзеле.

Сцэнарна-рэдактацыйны  аддзел падрыхтавау  сцэнарны пакет у Мінкульт, дзе абагульніу  усе матэрыялы, што бліжэйшым часам будуць прапанаваныя да рэалізацыі. У ім і васьмісерыйныя серыялы, і двухсерыйныя, праекты  поунага метража.

"У папулярных серыялаў тыпу "Шэрлака" нам добра б павучыцца: глядзіце, які там герой, наколькі дынамічна развіваюцца падзеі. Драматург вінны пастаянна рабіць працу над сабой, трэба пастаянна пісаць і вучыцца. Мы патрабуем ад аўтараў, каб сцэнары адпавядалі добрай  прафесійнай якасцi,  але пакуль не можам дасягнуць таго ўзроўню, як галівудская гільдыя сцэнарыстаў, імкнемся да таго", — кажа спадар Касцючэнка.

Але выдаваць таямніцу, пра што беларусы пішуць часцей за ўсё ды крытыкаваць канкрэтныя сцэнары, у аддзеле адмаўляюцца — маўляў, як доктар не можа выдаць тайну пацыента, гэтаксама і рэдактар павінен маўчаць, каб папросту не адбіць ахвоту аўтара да творчасцi.

А вось аўтарскае кіно на "Беларусьфільме" не прымуць.

"Каб зрабіць аўтарскае кіно, можна ўзяць фотаапарат і зрабіць гісторыю, з тым, каб пасля паказаць яе спонсарам. А кінастудыя імкнецца стаць кінафабрыкай, гэта як на заводзе — нам патрэбная сыравіна, якая ператварыцца ў камерцыйны поспех. Мы не арыентуемся не на аўтарскае кіно. Пра яго можна казаць толькі ў рэчышчы падтрымкі пачаткоўцаў. Эксперыменты не ўпісваюцца ў канцэпцыю вытворчасці", — кажуць рэдактары кінастудыі.

Стужка навiн
0