13:55 23 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Віктар Марціновіч

Марціновіч: праклён беларускага аўтара – картаграфіраваць “Атлантыду”

© Sputnik/
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
47390

Віктар Марціновіч распавёў пра новы раман як панарамнае люстэрка сучаснасці і дазволіў мінчукам у фармаце чытанняў азнаёміцца са “спойлерам”.

Алена Васільева, Sputnik

Новы раман Віктара Марціновіча "Возера Радасці" ўпершыню загучаў у Мінску — у фармаце "спойлер ад Марціновіча" прайшлі чытанні ўрыўку з яго новага тэксту ў межах фестывалю velcom Smartfilm. Сам пісьменнік кажа, што гэта, магчыма, першы і апошні ў такой ступені шчыры ягоны раман, бо ён здолеў максімальна прыбраць "фільтры паміж мною і тэкстам". Адпавядаючы праанансаванай лірычнасці рамана, чытанні атрымаліся адпаведнымі — на ролю аўтарскага голасу была запрошаная актрыса Алеся Грыбок.

"Мне падумалася, што лепшая экранізацыя для аўтара — гэта калі сядзяць акцёры і проста чытаюць тэкст. Я чытаю не надта добра, таму ў пэўным сэнсе лепшая экранізацыя "Возера" адбываецца сёння", — пераконвае Марціновіч і, здаецца, не без хвалявання займае сваё месца ў зале.

Чытач, якому гэтым разам прапануюць быць слухачом, колькі хвілінаў намагаецца разабрацца са сваёй роляю, але ж хутка засвойвае гэты спосаб успрымання тэксту, сінхранізуецца з ім і распачынае працэс візуалізацыі. Актрыса, здаецца, абрала менавіта тую танальнасць, якой чакаў ад яе аўтар.

У выніку такой татальнай сінхранізацыі ўсяго з усім, чытанні, на думку й самога Марціновіча, атрымліваюць колькі элементаў старажытнай літаратурнай магіі. Дэманструючы найвышайшую ступень задаволенасці, аўтар кажа, што здолеў перанесціся ўнутр двух урыўкаў — лірычнага беларускамоўнага і смешнага рускамоўнага, абодва ў нейкай ступені "пра каханне". Арыгінал рамана, які выйдзе ўжо ў весну, напісаны па-руску, пераклад на беларускую мову зрабіў Віталь Рыжкоў, які ўжо займаўся перакладам "Сфагнума".

Алеся Грыбок
© Фото: арганізатараў
Алеся Грыбок

"Праблема многіх беларускіх акцёраў — у тым, што яны ўвесь час пераігрываюць. Беларускі акцёр іграе так, каб было відаць, што ён — акцёр. А у Алесі гэтай бяды няма, яна не іграе, яна жыве роляй. Роўна таксама атрымалася і з гэтым тэкстам — мяне глыбока кранула яе ігра. Я падыходзіў да чытання гэтага цізера як да антычнаму сакрамэнту — першапачаткова пасля Арыстоцеля "чытаць тэкст" заўсёды азначала "чытаць яго ўслых". Менавіта такі адкат да першакрыніцы, да літаратуры як да магіі, адбыўся на нашым вечары, так што слухач мог літаральна візуалізаваць нейкія фрагменты.", — кажа задаволены абраным спосабам чытання Марціновіч.

Сама Алеся Грыбок, што на чытанні прыехала з Масквы, не без хвалявання распавядала карэспандэнту Sputnik пра першую сустрэчу з творчасцю Марціновіча ды й з самім пісьменнікам — яшчэ на здымках фільма "Вышэй за неба".

"Мне надта блізкі лёс галоўнай гераіні новага рамана Віктара, шмат у чым павароты нашага лёсу супадаюць. Паглядзіце хіба толькі на тыя ўрыўкі, якія зараз чыталі: гэтыя гісторыі тыповыя, смешныя, цынічныя, лірычныя, правінцыйныя — гэта поўнае жыццё герояў, і гэта не можа знайсці водгуку ў чытача. Гэта пра нас: проста бяры камеру і здымай, будзе ўсім зразумела і смешна. Мой муж працаваў на размеркаванні ў Вілейцы і, пачуўшы пра "аўтастоп з Вілейкі ў адной з частак, адразу сказаў —  усё як ў жыцці! — захоплена распавядае актрыса.

Алеся распавядае, што чытанні сталі другой яе сустрэчай з Марціновічам у жыцці. Першая адбылася адразу пасля таго, як Алеся прачытала другі раман аўтара — "Студзёны вырай" і была "цалкам fall in love".

"Я была настолькі ўражаная, што калі пабачыла Віктара на здымачнай пляцоўцы "Вышэй за неба", папросту схапіла яго за руку і пачала распавядаць, які неверагодны тэкст ён напісаў — ці варта казаць, якое захапленне выклікала ў мяне запрашэнне прачытаць урыўкі з кнігі. Шчыра кажучы, падчас чытання нават баялася на яго глядзець, каб не пабачыць расчараванння, бо здавалася, тады адразу згару ў пякельным агні. Калі на цябе ўскладаюць такую адказнасць, хочацца зрабіць усё магчымае. Сказалі б усю кнігу прачытаць — прачытала б усю", — смяецца Алеся, яшчэ не ведаючы, што Марціновіч параўнае яе чытанні амаль ці не з антычнай магіяй.

Пакуль Алеся распавядала пра сваю першую сустрэчу з Марціновічам, сам аўтар выдаліўся з аўдыторыі. У калідоры яму паспелі сказаць колькі прыязных словаў, і той сышоў, не прыцягваючы увагі прыхільнікаў.

"Гэты раман упершыню прыбірае фільтры паміж маім сэрцам і маім тэкстам"

Писатель Виктор Мартинович
© Sputnik/ Марына Серабракова
Писатель Виктор Мартинович

Sputnik папрасіў Віктара Марціновіча распавесці пра страхі аўтара ў пытаннях экранізацыі і высветліў, ці варта экранізавацца на радзіме.

- А ўвогуле мара беларускага пісьменніка — быць экранізаваным за мяжой, але прафесіяналамі, ці на радзіме, хоць з улікам сумніўнасці нацыянальнага кінематографа?

— Экранізацый маіх раманаў пакуль не было і нядаўна феерычна сарвалася вельмі чаканая мной пастаноўка спектакля па матывах "Мовы". Некалькі дзён таму я прачытаў, што ў тэатра, які яе рыхтаваў, узніклі праблемы са спектаклем па Мрожэку з-за таго, што на прэм'еру прыйшлі Статкевіч і Някляеў — я блізкі да таго, каб зрабіць далёка ідучыя высновы пра тое, ці хачу я "ставіцца" ці "здымацца" на Радзіме.

Як паказвае прыклад Караткевіча, экранізацыя дае табе маментальную пазнавальнасць і выбух накладаў, але, як паказваюць рэцэнзіі Мальдзіса на савецкія экранізацыі Караткевіча, лепш бы іх у прынцыпе не было. Так што часам можна суцяшацца тым, што дрэнная экранізацыя горш, чым адсутнасць гэнай.

- Чаго больш за ўсё баіцца аўтар, калі гаворка заходзіць пра экранізацыю? Наколькі сцэнар можа аддаліцца ад уласна тэкста?

— Я чытаў гатовы кінасцэнар па "Мове" чытаў і ён мне не спадабаўся. І мне патлумачылі, што гэта значыць, тое быў вельмі добры кінасцэнар. Але ў яго было дададзена шмат сцэн, якіх не было ў кнізе; сцэнар хутчэй быў фанфікам, чым класічнай экранізацыяй. Мне як аўтару, які прыдумаў гэты свет, хацелася больш аўтэнтычнасці. Але, зноў жа, як гэта добра відаць з кнігі ўспамінаў Адама Мальдзіса пра Уладзіміра Караткевіча, бітва Уладзіміра Сямёнавіча за сцэнарныя скажэнні ў "Чорным замку" і "Дзікім паляванні" суправаджалася роўна такімі ж перажываннямі аўтара. 

Мартинович у News Cafe
© Sputnik/ Марина Серебрякова
Мартинович у News Cafe

- Вы аддалі на расправу маладым рэжысёрам два ўрыўкі з кнігі — ці няма страху, што буктрэйлер, зроблены недасведчанымі ў гэтай справе беларусамі, можа зрабіць кнізе толькі антырэкламу?

— Я не баюся, што буктрейлер сапсуе кнігу — усё няўдалыя экранізацыі заўсёды кідалі цень толькі на іх рэжысёраў. Сцэны былі адабраны зыходзячы з іх завершанасці і іх аўтаномнасці ў сюжэце — наша задача была ў тым, каб зацікавіць, але не пераспойліць.

- Дзеянне новага рамана адбываецца ў трох сталіцах — Вільні, Маскве і Мінску — і распавядае, як вы самі казалі, "пра сталенне". Такая гісторыя "маленькага чалавека", пры тым, строга геаграфічна абмежаваная, ці будзе цікавая за мяжой — пасля антыўтопіі "Мовы", гумару "Сфагнума" і так далей?

— Гэты тэкст — не гісторыя "маленькага чалавека", а свайго роду панарамнае люстэрка, у якім кожны сучаснік пазнае сябе і сваю гісторыю. Гэта значыць, я вяртаюся да тых каранёў, з якіх вырас і "Сфагнум", і "Мова", ды нават "Параноя".

Гэта рэалістычны раман. Раман пра жыццё і сталенне. У гэтым сэнсе — ён галоўны. Ён самы шчыры, бо прыбірае — у першы і, магчыма, апошні раз усё тыя фільтры, якія стаяць паміж маім сэрцам і маім тэкстам. У выніку знаток гэты тэкст распазнае і прачытае. А большага мне і не трэба.

Што да лакацыі, дык нават праводзячы процьму часу ў Фэйсбуку, мы не перастаем жыць у Смілавічах, Чэрыкаве, Цюрыху ці Маскве. І тым людзям, для якіх я пішу, цікава даведацца, што за межамі рынга ў Вене, дзе ёсць незвычайнае, цікавае жыццё. Таму ўсе мае тэксты жорстка прывязаныя да мапы, па сутнасці па кожнаму з іх можна вадзіць экскурсіі па тых месцах, якія яны апісваюць.

І ў гэтай сітуацыі мяне асабіста трывожыць толькі адно — Мінск, апісаны ў Параноі, незваротна сыходзіць — горад перабудоўваецца, месцы зачыняюцца, і хутка, ўчытваючыся ў раман, ніхто і не даведаецца, дзе жылі героі; у той час, як "да праклятай кватэры Булгакава" дагэтуль ходзяць… Зрэшты, гэта праклён любога беларускага аўтара — картаграфіраваць знікаючы свет, маляваць пейзажы Антлантыды, якія пасля бачыць змогуць хіба што рыбы.

Тэги:
Алеся Грыбок, Віктар Марціновіч, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы