Уганараваны пераможцы літаратурнай прэміі Цёткі
10:43 04.05.2016 (абноўлена: 15:58 20.04.2023)
© Sputnik / Елена ВасильеваНадзея Ясмінска, аўтарка кнігі "Сем ружаў"
© Sputnik / Елена Васильева
Падпісацца
Названыя лаўрэаты першай прэміі Цёткі па дзіцячай літаратуры ў дзвюх намінацыях. Варта падкрэсліць: хоць пераможцы і вызначаныя, пераможаных у гэтай прэміі няма.
Алена Масла, Sputnik.
Лаўрэатамі першай прэміі Цёткі сталі Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі "Сем ружаў" (у намінацыі "Найлепшы твор для дзяцей або падлеткаў") і Кацярына Дубовік, ілюстратарка гэтай жа кнігі (у намінацыі "Найлепшае мастацкае афармленне"). Кніга "Сем ружаў выйшла ў выдавецтве "Галіяфы". Цырымонія ўзнагароджання адбылася 3 мая ў прасторы "Корпус8".
Хоць адпачатку журы мусіла вызначыць толькі па аднаму пераможцу ў кожнай намінацыі, падчас працы сярод кніг з'явіліся фаварыты, якія ўпэўнена крочылі да перамогі. У выніку журы вырашала скласці шорт-ліст найлепшых прац у абедзвюх намінацыях.
Такім чынам, літаратурны шорт-ліст прэміі выглядае так:
1.
А. Аблажэй. Красамоўнае сэрца. — "Мастацкая літаратура", 2015.2.
А. Бадак. Зорка для вавёркі. — Выдавецкі Дом "Звязда", 2015.3.
Р. Баравікова, У. Ліпскі. Бусева школа. Казкі. — "Харвест", 2015.4.
Н. Бучынская. Атракцыёны для вадзянікоў. — "Мастацкая літаратура", 2015.5.
В. Гардзей. Лясная трывога. — "Мастацкая літаратура", 2015.6.
М. Зізюк. Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя. — "Галіяфы", 2015.7.
С. Мінскевіч. Вялікія прыгоды Какоса Маракоса. — "Мастацкая літаратура", 2015.8.
А. Шэін. Сем камянёў. — "Пазітыў-цэнтр", 2015.9.
Н. Ясмінска. Сем ружаў. — "Галіяфы", 2015.Шорт-ліст найлепшых кніг па мастацкім афармленні такі:
1.
А. Аблажэй: Красамоўнае сэрца. — "Мастацкая літаратура", 2015.2.
Г. Булатава: Зізюк М. Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя. — "Галіяфы", 2015.3.
К. Дубовік: Ясмінска Н. Сем ружаў. — "Галіяфы", 2015.4.
М. Каратаева: Аляксеева В. Як мядзведзь пчаляром стаў. — Выдавецкі Дом "Звязда", 2015.5.
Н. Кійко: Хадановіч А. Нататкі таткі. — "Медыял", 2015.6.
Г. Лабадзенка: Лабадзенка Г. Дзіцячая заМова 2. 2015.7.
Ю. Пякіна: Гардзей В. Лясная трывога. — "Мастацкая літаратура", 2015.8.
В. Раманюк, А. Капульцэвіч: Церашкова А. Англійская мова: слова за словам. — "Мастацкая літаратура", 2015.9.
А. Сацута: З рога ўсяго многа: беларуская народная казка. — Электроннае выдавецтва "Краіна казак", 2015.У журы першай прэміі Цёткі працавалі: Пятро Васючэнка, Вольга Гапеева, Вера Жыбуль (Бурлак), Вольга Мазурава, Алена Масла, Васіліса Паляніна-Календа, Валерый Славук, Павел Татарнікаў.
Пераможцы адзначаныя памятнымі знакамі, а таксама грошавымі прызамі ў 2000 долараў па курсу Нацбанка РБ.
Таксама падзякай арганізатарамі прэміі — беларускім Пэн-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і фондам "Вяртанне" — адзначана выдавецтва "Галіяфы".
Цётка ці дзядзька?
Асобна абавязкова варта адзначыць кнігу, якая не трапіла ні ў лонг-, ні ў шорт-ліст прэміі, але адпачатку стварыла інтрыгу і не малое напружанне ў працы журы.
Гэта кніга дзіцячых вершаў Андрэя Хадановіча "Нататкі таткі". Літаратурнае журы лічыць, што яна — адзін з галоўных прэтэндэнтаў на перамогу. Аднак ужо пры першым адборы "Нататкі таткі" не трапілі ў лонг-ліст — у пэўным сэнсе Цётка не пусціла дзядзьку паўдзельнічаць у змаганні за прыз.
© Sputnik / Елена ВасильеваАндрэй Хадановіч на прэміі Цёткі
Андрэй Хадановіч на прэміі Цёткі
© Sputnik / Елена Васильева
Справа ў тым, што згодна Устава намінавацца на прэмію не могуць яе арганізатары. Такім чынам узнікла спрэчная сітуацыя, якая вымагала вырашэння: Андрэй Хадановіч, старшыня беларускага пэн-цэнтру да арганізатараў належыць ці не?
Пэн-цэнтр — адзін з заснавальнікаў прэміі, арганізатарамі сёлета былі Уладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Ціхан Чарнякевіч, Павал Анціпаў. Аднак сітуацыя з кнігай Андрэя Хадановіча выглядала надта спрэчнай. Журы доўга спрачалася, ні адзін дзень пасля ліставалася, каб прыйсці да высновы: "Нататкі таткі" да ўдзелу ў конкурсе не дапускаць.
Сітуацыя паказала, што Устаў патрабуе дапрацоўкі і канкрэтызацыі некаторых пунктаў, бо праз не карэктную фармулёўку вынікае, што старшыні арганізацый, заснавальніц прэміі, не могуць браць у ёй удзел, што не правільна. Дапрацаваны Устаў пачне дзейнічаць у наступны раз. Гэтым жа разам "Нататкі таткі" сталіся тым ягняці, якім ахвяравалі дзеля прынцыповасці ў падыходзе да Устава прэміі і ўсіх без выключэння намінантаў.
Прэмія Цёткі — знак дыскрымінацыі ці роўнасць
Шмат спрэчак вакол прэміі вялося праз тое, што на конкурс прымаліся кнігі, створаныя на беларускай мове. Рускамоўны пісьменнік Андрэй Жвалеўскі, адзін з самых папулярных і любімых сучасных аўтараў (у суаўтарстве з Яўгеніяй Пастэрнак), выказаў слушнае меркаванне пра тое, што менавіта беларускамоўнай дзіцячай літаратуры не стае прэміі. У рускамоўных пісьменнікаў — шырокае поле дзейнасці. Расія, адкрытая для рускамоўных літаратараў з іншых краін, праводзіць мноства розных конкурсаў, расейскія выдаўцы ахвотна друкуюць таленавітых рускамоўных беларускіх аўтараў, таму магчымасцяў праявіцца у рускамоўных пісьменнікаў шмат.
У гэтым сэнсе прэмія Цёткі — несумненны знак роўнасці.
"Журавінка", "Лагодны цмок"?.. Не, Цётка!
Наогул у Беларусі існуе шэраг узнагарод у галіне дзіцячай літаратуры. Гэта і "Экслібрыс" імя Янкі Маўра Саюза беларускіх пісьменнікаў; "Залаты Купідон" Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальная літаратурная прэмія, якія маюць намінацыі па дзіцячай літаратуры; прэмія "За найлепшы дзіцячы твор", якую прызначае Беларуская бібліятэчная асацыяцыя і Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска; прэмія імя Васіля Віткі, якой штогод ганаруе лепшыя творы часопіс "Вясёлка".
Прэстыжнасць прэміі Цёткі гарантавана ад пачатку заснавання праз яе апякунку, 140-годдзе з дня нараджэння якой адзначаюць сёлета. Цётка (Алаіза Пашкевіч) — аўтарка "Першага чытання для дзетак беларусаў", стваральніца першай беларускай школы ў Вільні, што запачаткавала масавую беларускамоўную адукацыю, рэдактарка часопіса для дзяцей і моладзі "Лучынка".
© Sputnik / Елена ВасильеваНа прэміі Цёткі
На прэміі Цёткі
© Sputnik / Елена Васильева
Сябры журы, абраўшы кнігу "Сем ружаў" як пераможцу, падкрэсліваюць яе ярка акрэслены гендэрны пачатак. Дзяўчаты — гераіні кнігі — не бяздзейнічаюць у абставінах, прапанаваных жыццём, яны рушаць насустрач невядомасці і здабываюць перамогу. Гераіні, вартыя як пераймання, так і ўвагі неардынарнай і адважнай асобы, якой пры жыцці была сама Цётка.
Трэба прызнаць: сярод варыянтаў, якія абмяркоўваліся пры выбары назвы прэміі па дзіцячай літаратуры на этапе запачаткавання, больш удалую цяжка было прыдумаць. Няхай пасля запачаткуюцца і "Журавінка", і "Лагодны цмок" (варыянты такіх назваў, прынамсі, круціліся ў мяне на языку, народжаныя аналогіяй з украінскай прэміяй за лепшы літаратурны твор для дзяцей "Великий Їжак") — пад патранажам такой знакавай для Беларусі асобы ўсё магчыма.
На сёння прэмія імя Цёткі — і самая важкая што да грашовай узнагароды.
"Сіголаў жыў, Сіголаў не"
Аднак хочацца падкрэсліць: хоць пераможцы і вызначаныя, пераможаных у гэтай прэміі няма. Выйгралі не толькі тыя, каго адзначылі ўзнагародамі. Уся літаратурная супольнасць, усе намінаніты, чытачы, урэшце, уся Беларусь прыдбала падзею, якая, хочацца верыць, стане кропкай адліку новага этапу ў развіцці беларускай дзіцячай літаратуры.
Яна з'явілася нібыта на разломе спрэчак і думак пра тое, што такое на сёння беларуская дзіцячая літаратура. Ёсць яна ці няма? "Сіголаў жыў, Сіголаў не", нібыта варожаць даследчыкі.
Але выдаюцца кнігі, з'яўляюцца новыя аўтары, ствараюць новых літаратурных герояў, азначаюць новыя тэмы. І галасы катэгарычна настроеных скептыкаў усё часцей заглушаюцца галасамі аптымістаў, якія сцвярджаюць, што сучасная беларуская дзіцячая літаратура — з'ява ўнікальная, вартая самай пільнай увагі. Што ёсць шэраг цікавых аўтараў, кніг, цэлыя накірункі ў сучаснай дзіцячай літаратуры, развітыя менавіта беларускімі пісьменнікамі.
© Sputnik / Елена ВасильеваНа першай прэміі Цёткі
На першай прэміі Цёткі
© Sputnik / Елена Васильева
Што не стае беларускай дзіцячай літаратуры неабходных на сёння піяру, рэкламы, перакладаў на іншыя мовы і выхад па-за межы краіны.
Вось на шляху да здзяйснення гэтых задач рушыць, у тым ліку, і прэмія Цёткі.
Ад самага пачатку арганізатарамі прэміі ствараўся пазітыўны вобраз прэміі — праз публікацыі, выбар прафесійнага журы, суправаджальную рэкламную прадукцыю. Урэшце, праз прынцыповасць, з якой падышлі сябры журы і арганізатары прэміі да сваёй працы. Нечаканасці, якія падарыла прэмія — да іх варта залічыць і сам факт перамогі Надзеі Ясмінска, аўтаркі, якая не мае прыналежнасці ні да аднаго з творчых саюзаў і не з'яўляецца прадстаўніком нейкай пэўнай літаратурнай тусоўкі. Уласна, і гэтым фактам засведчана адкрытасць прэміі Цёткі да роўнай канкурэнцыі кніг-канкурсантаў.
Тое ж можна сказаць і пра перамогу ў мастацкай намінацыі. Сябры журы, прадстаўнікі і наследнікі ўнікальнай беларускай кніжнай графікі 20 стагоддзя, Валеры Славук і Павал Татарнікаў, маладая мастачка Васіліса Паляніна-Календа падыходзілі з вельмі высокай меркай да ацэнкі мастацкага афармлення.
Перамога Каці Дубовік — гэта ўтрыманне вельмі высокай планкі беларускай традыцыйнай кніжнай графікі — і разам з тым дарога, адкрытая для наватарства і эксперыментаў.
Таму ў выніку пераможаных няма. Калі ўсёй літаратурнай супольнасці, усяму грамадству задаюцца высокія стандарты — выйграюць усе.