06:36 22 верасня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.08
  • EUR2.45
  • 100 RUB3.14
Дом-музей Валенція Ваньковіча

Усе ў музей: карнавал, гараж, вяселле і экскурсія з ліхтарыкам

© Sputnik / Віктар Талочка
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
54 0 0

Напярэдадні беларускай Ночы музеяў, якая пройдзе з суботы на нядзелю, Sputnik ацаніў культурныя прапановы і абраў найбольш пазнавальныя і відовішчныя.

Вера Дашкевіч, Sputnik.

Беларускую Ноч музеяў для зручнасці гасцей перанеслі на суботу, каб аматары прыгожага маглі без мітусні і трывогі — маўляў, заўтра ж на працу — правесці час. Найбольш спрытныя змогуць нават паспець на некалькі музейных вечарынак.

Хоць па-добраму "Ноч музеяў" павінна была б здарыцца 18 мая — у Міжнародны дзень музеяў. Ідэю раз на год адкрываць галерэі і выставачныя залы ў цёмны час сутак прыдумалі ў Берліне ў 1997 годзе, і даволі хутка падтрымалі па ўсім свеце.

Прасторава-часовы партал у Мастацкім

Шмат музыкі, тэатральныя паказы і разнастайныя інтэрактывы, усходнія медытацыі і стрыт-арт, нават квэст — у Нацыянальным мастацкім музеі ў лепшых традыцыях постмадэрнізму вырашылі не абмяжоўвацца адным жанрам, тэмай або сцэнарам, а прапанаваць гасцям самім сканструяваць сваю рэальнасць. Арганізатары сцвярджаюць: у Мастацкім у Ноч музеяў будзе працаваць прасторава-часовы партал, які дазволіць усім жадаючым акунуцца ў мінулае, ацаніць сучаснасць і зазірнуць у будучыню.

Пачатак праграмы а 19:00.

"Дзіцячы" час у Доме Ваньковічаў

Юных знатакоў прыгожага чакаюць у Доме Ваньковічаў з 18:00. Для іх прадугледжаны вулічнае і лялечнае прадстаўленне. Самым стойкім гасцям бліжэй да 20:30 прапануюць пазмагацца ў віктарыне "Паззл па-музейнаму".

Пачатак праграмы ў 18:00.

Аўтапарк Якуба Коласа

У Музеі Якуба Коласа ў гэтую ноч можна будзе адкрыць для сябе класіка-вандроўцу. Гасцям прапануюць прайсці і праехаць найбольш цікавымі шляхамі Песняра. Самых актыўных запрашаюць паўдзельнічаць у квэсце — з прагуляцца па памятных месцах Мінска. Самых цікаўных — зазірнуць у гараж пры музеі. Тут адкрываецца новая экспазіцыя, прысвечаная службовым і асабістым машынам Коласа. Рамантыкі змогуць пранікнуцца духам часу і таленту за сталом паэта. Толькі ў ноч музеяў і толькі адну гадзіну з 19:00 да 20:00 наведвальнікі змогуць узяць у рукі пяро Коласа і запісаць ім сваё самае запаветнае жаданне. Таксама ў абавязковай праграме шмат вершаў, музыкі і гульняў.

Пачатак квэста ў 13:00, урачыстае адкрыццё праграмы ў 17:00.

Вясельная ноч у Купалаўскім музеі

Дзейства, якое прыдумалі і ладзяць у музеі Янкі Купалы, будзе цікава, перш за ўсё, тым, хто рыхтуецца да вяселля або адзначае юбілей сумеснага жыцця. Юбілярам абяцаюць падарункі і ўрачыстую цырымонію шлюбу з уручэннем памятнага пасведчання, а маладым — дэфіле ў шлюбнай сукенцы, вясельную фотасесію і карысныя майстар-класы па стварэнні букетаў і лялек-абярэгаў.

Зрэшты, тым, хто любіць Купалу, у гэтую ноч у Купалаўскім скверы таксама павінна быць цікава. Па-першае, праграма прысвечана стагоддзю вянчання Песняра і Уладзіславы Станкевіч. З гэтай нагоды ў сценах музея адкрыецца унікальная выстава "Ісці супольна праз усё жыцце". А па-другое, у гэтую ноч будзе гучаць шмат любоўнай лірыкі.

Пачатак праграмы а 19:00.

Рамантычная ноч у Лошыцы

У Лошыцкай сядзібе гасцей на Ноч музеяў запрашаюць акунуцца ў XIX стагоддзе. Музычнае суправаджэнне забяспечаць навучэнцы Музычнага каледжа імя Глінкі. Гістарычнай дакладнасці дададуць галоўныя героі вечара — гаспадары музычнага салона і апошнія ўладальнікі Лошыцы пан Яўстафій Любанскі і яго маладая жонка Ядвіга. Акрамя музыкаў, гасцям прапануюць паслухаць патэфон і грамафон. Для закаханых рыхтуюць конкурсы, прызам для пераможцаў стане спатканне пад зоркамі — з куфлем віна ў назіральнай вежы прысядзібнага флігеля.

Пачатак праграмы ў 17:30.

Літаратурны пунш ў Логвінава

У займальнае падарожжа з ліхтарыкам у руках па літаратурным Мінску запрашае Адам Глобус. Абяцае паказаць дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіч, дзе працаваў Міхась Стральцоў, дзе выпіваў Анатоль Сыс, дзе стаяў помнік Максіму Горкаму і многае іншае. Завершыцца экскурсія ў кніжнай краме "ЛогвінаЎ" прэзентацыяй кнігі ўспамінаў "Зваротная перспектыва". Кожнаму экскурсанты абяцаюць літаратурны пунш.

Пачатак экскурсіі а 22:00 ля дома кнігі "Веды" на К. Маркса, 36, пачатак прэзентацыі ў "ЛогвінаЎ" у 23.00.

Сакрэты грымёркі ў музеі тэатральнай і музычнай культуры

Загрыміравацца і сфатаграфавацца ў тэатральным вобразе можна будзе ў музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Гасцям раскажуць пра гісторыю і розных відах тэатральнага грыму. На працягу вечара гэты інтэрактыўны атракцыён будзе праводзіцца тройчы: у 19:00, 20:15 і а 21:30, але арганізатары прапануюць гасцям ўсё ж такі загадзя запісацца. Акрамя сакрэтаў тэатральнай грымёркі, наведвальнікаў будуць здзіўляць дэфіле ў нацыянальных касцюмах, рок-канцэртам і відэапаказамі купалаўскай "Паўлінкі" узору 1982 года.

Пачатак праграмы а 19:00.

Абудзіць у сабе скульптара ў галерэі Савіцкага

Паспрабаваць свае сілы ў скульптуры — з матэрыялам або уласным уяўленнем — можна будзе суботнім вечарам у галерэі Савіцкага. Для матэрыялістаў арганізуюць майстар-клас, дзе, як анансуюць арганізатары, кожны зможа "вылепіць сваю мару, вытачыць свае сумневы, адрэзаць свае страхі і адчаканіць сваё багацце"… хто сумняваецца, прапануюць выкарыстоўваць у якасці матэрыялу ўласнае цела — згуляць у "скульптурную" гульню "Мора хвалюецца раз "… Акрамя таго, будзе шмат музыкі, танцаў і магчымасць першымі ацаніць праект" Трохмерная прастора" экспазіцыю, у якой выстаўлены працы больш за 50 беларускіх скульптараў.

Пачатак праграмы а 19:00.

Карнавал у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

Ноч Музеяў у НЦСМ прысвечана Сальвадору Далі, Фрыдзе Кало, Марку Шагалу, Эндзі Уорхол, Рэнэ Магрыт — мастакам, якія выйшлі за межы музеяў і сталі часткай сучаснай культуры. Гасцям прапануюць прымерыць на сябе вобраз генія ці нават героя яго карціны. Акрамя карнавала наведвальнікаў чакае спектакль пра Эндзі Уорхала, модны паказ ад Natasha Tsuran — дызайнер прэзентуе сваю калекцыю, прысвечаную Фрыдзе Кало, а таксама шмат якаснай музыкі.

Пачатак праграмы а 19:00.

Парад рыцараў у Археалагічным музеі

У дворыку Археалагічнага музея ў суботні вечар можна будзе ўбачыць рымскіх легіянераў, вікінгаў, крыжакоў, шляхціцаў ВКЛ, гусараў напалеонаўскай эпохі, а таксама салдат абодвух сусветных войнаў ХХ стагоддзя. Гледачы змогуць прымерыць на сябе ўбранне ўпадабанага вобраза, а таксама паспрабаваць сябе ў фехтаванні або ў танцах. Увесь вечар для наведвальнікаў будуць іграць каралеўскія музыкі, вучыць прыдворным і народным танцах.

Пачатак праграмы а 19:00.

Тэги:
Нацыянальная культура, Культурнае развіццё, Культурна-масавыя мерапрыемствы, Музеі і бібліятэкі, Мінск
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы