Мінкульт аб конкурсе эскізаў помніка ў Курапатах: заяўкі ўжо ёсць

© Sputnik / Виктор ТолочкоУрочышча Курапаты
Урочышча Курапаты - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Конкурс быў абвешчаны 25 сакавіка, ад удзельнікаў чакаюць праекта, выкананага ў класічнай традыцыі манументальнага мастацтва.

МІНСК, 13 кра — Sputnik. У Міністэрства культуры паступіла ўжо некалькі заявак на конкурс эскізаў манументальнага знака, які плануецца ўсталяваць ва ўрочышчы Курапаты ў памяць аб усіх бязвінна загінуўшых у ХХ стагоддзі беларусаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аднайменнага ўпраўлення Міністэрства культуры Беларусі Наталля Хвір.

"Гэтае пытанне курыруе першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга і ўпраўленне мастацтваў. Сапраўды, конкурс абвешчаны, заяўкі мы атрымліваем, яны будуць разглядацца", — заявіла Хвір, адказваючы на пытанне Sputnik.

Пры гэтым яна не змагла сказаць, аб якой колькасці ўдзельнікаў ідзе гаворка на дадзены момант.

"Дакладна вам сказаць не магу. Але яны ёсць, ёсць зацікаўленасць. Заяўкі паступаюць. Напрыклад, і сёння адну атрымалі", — сказала прадстаўнік Міністэрства культуры.

Мінкульт абвясціў аб конкурсе эскізаў мемарыяльнага знака ва ўрочышчы Курапаты 25 сакавіка. Згодна з умовамі конкурсу ад удзельнікаў чакаюць праект, вытрыманы ў "лепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва". Па задуме арганізатараў конкурсу, мемарыял павінен увекавечыць памяць "усіх бязвінна загінулых ахвяраў ХХ стагоддзя ў гісторыі Беларусі". Заяўкі прымаюцца да 26 красавіка.

Рашэнні па стварэнні мемарыяла і правядзенні конкурсу папярэднічала супрацьстаянне ў Курапатах у лютым-сакавіку 2017 года, справакаванае будаўнічымі работамі недалёка ад урочышча.

Урочышча Курапаты пад Мінскам з'яўляецца месцам масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Паводле некаторых ацэнак, тут пахаваныя ад 30 да 200 тысяч чалавек. Тэрыторыя ўрочышча займае 15 гектараў і ахоўваецца дзяржавай. Тут таксама ўстаноўлены мемарыяльны знак ад імя народа ЗША, адкрыты падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта ЗША Біла Клінтана 15 студзеня 1994 года.

Стужка навiн
0