"Самаходы з Сібіры" вяртаюцца на радзіму сваіх продкаў

© Sputnik / Александр Кряжев / Перайсці ў медыябанкЗіма ў Сібіры
Зіма ў Сібіры - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Перасяленцы з Беларусі пераадолелі тры з паловай тысячы кіламетраў, каб трапіць на радзіму сваіх продкаў.

МІНСК, 27 мая — Sputnik. У межах беларуска-расійскай праграмы "Вяртанне" 2-4 чэрвеня аграгарадок Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці прымае сваіх суродзічаў — нашчадкаў сялянскіх перасяленцаў, паведамлі ў МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

Беларускія перасяленцы напрыканцы ХІХ стагоддзя з прычыны малазямелля выехалі ў Сібір і заснавалі на тэрыторыі сучаснага Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці Расіі некалькі вёсак — Ермакі, Асінаўка, Ялоўка.

"Нашчадкі перасяленцаў-самаходаў ідэнтыфікуюць сябе як беларусы. Яны захавалі традыцыйныя беларускія абрады: Купалле, Каляды, штогадовы перанос на Раство іконы — Свячы, у сваёй гаворцы — шмат беларускіх назваў, багаты песенны фальклор, традыцыю варыць на святы самаробнае піва. За беларусамі ў Сібіры замацавалася назва "самаходы" — гэта значыць, што яны прыйшлі па ўласнай волі і жаданню", — распавялі ў "Бацькаўшчыне".

Сёння суполка "самаходаў" актыўна зберагае і ўмацоўвае сваю культурную самабытнасць, таму і прымае ўдзел у беларуска-расійскай сацыяльна-культурнай праграме "Вяртанне", якая мае на мэце пашырэнне ведаў аб лакальнай гісторыі і культуры жыхароў аграгарадка Рагінь, а таксама стварэнне культурнай прасторы для ўзнаўлення мясцовых традыцый і сваяцкіх сувязей з суродзічамі з вёскі Ермакі Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці Расіі.

З Ермакоў прыбудзе дэлегацыя з адзінаццаці чалавек, у складзе якой начальнік Адміністрацыі Ермакоўскага сельскага пасялення Святлана Ажгібесава і народны фальклорны калектыў "Расіяначка" пад кіраўніцтвам загадчыцы Ермакоўскага сельскага клуба Надзеі Вычужанінай.

На зямлі сваіх продкаў у гасцей будзе вельмі насычаная праграма, гэта і наведванне музею славы Рагінскай сельскай школы, куды яны перададуць унікальныя матэрыялы аб першых перасяленцах у Сібір з Ермакоўскага краязнаўчага музея, і візіт у Рагінскі цэнтр народнай творчасці, дзе прысутныя абмяркуюць радаводы сем'яў Мельнікавых, Новікаў, Черняковых, якія пачаліся ў аг. Рагінь, паглядзяць дакументальную стужку "Самаходы" (2017) і сустрэнуцца з яе творчай групай.

 

Стужка навiн
0