МІНСК, 24 сне — Sputnik. Бронзавую дошку вагой 114 кг у гонар Рыгора Барадуліна адкрылі ў Мінску на доме, дзе жыў народны паэт Беларусі апошнія 34 гады, перадае Sputnik.
"На памятную дошку грошы ахвяравалі 145 чалавек. Гэта вельмі важны момант, бо мы заўсёды кажам: чаму не шануюць? Людзія, якія любяць Рыгора Барадуліна сабраліся і зрабілі гэтую дошку", — распавёў грамадзянскі актывіст Глеб Лабадзенка.
Мемарыяльную дошку адкрылі ў Мінску роўна праз два гады пасля адкрыцця помніка паэту на яго магіле ва Ушачах. Аўтарам бронзавай дошкі стаў скульптар Ігар Засімовіч, які стварыў раней і помнік народнаму паэту.
Глеб Лабадзенка сказаў, што "гэта не толькі помнік Рыгору Барадуліну, гэта помнік нашай годнасці. Вялікая тая нацыя, якая шануе сваіх герояў і вялікая тая нацыя, якая аддзячвае ім пасля смерці".
У сваю чаргу, Валянціна Барадуліна, удава паэта, сказала словы ўдзячнасці ўсім прысутным і тым, хто спрычыніўся да стварэння дошкі.
Скульптар Ігар Засімовіч прызнаўся, што "працаваць было і цяжка і лёгка. Цяжка таму, што адказнасць вялікая, а лёгка, таму што ўсё атрымлівалася".
Па словах арганізатараў, вялікую дапамогу ва ўсялякіх узгадненнях з уладамі па пытаннях усталявання мемарыяльнай дошкі аказаў старшыня "Беларускага саюза мастакоў" Рыгор Сітніца.
"Гэта толькі пачатак, колькі б мы не зрабілі, мы не ўшануем тую веліч, якую ўвасабляе Рыгор Барадулін. Гэта нацыянальны геній і абсалютна геніяльны паэт. Гэта практычна першы яму помнік, наступным я абсалютна ўпэўнены мы зробім Васілю Быкаву. Усе пытанні вырашаюцца, калі ёсць добрая воля людзей", — падзяліўся планамі старшыня творчага аб'яднання.
Беларускі паэт Уладзімір Някляеў адзначыў, што "у Рыгора Барадуліна апроч паэзіі быў дар моватворцы. Гэта яму даў бог, як ніводнаму іншаму беларускаму паэту. Калі некалі выйдзе слоўнік "барадулінскі", то ўсе ўбачаць, якую тытанічную працу зрабіў гэты чалавек".