Ракако — эпоха, якая толькі набірае папулярнасць у беларускіх рэканструктараў. Вытанчаную раскошу Галантнага стагоддзя складана аднавіць "у дамашніх умовах", асабліва гэта тычыцца жаночага касцюма. Спецыфічнай формы крыналін, плоскі спераду і ззаду, асаблівы гарсэт, які надае грудзям такую прывабную форму і, вядома, метры і метры раскошных тканін на сукенкі. Некаторыя жартуюць, што Ракако — адзіная эпоха, у якой сукенка са шторы не будзе выглядаць недарэчна. Вядома, гэта не зусім так. Нягледзячы на тое, што вытворцы парцьер любяць упрыгожваць іх багатымі ўзорамі ў стылі XVIII стагоддзя, шмат што залежыць ад якасці тканіны. Сінтэтычнае палатно брыдка блішчыць і выглядае танна, таму калі ўжо шыць са шторы, то — баваўнянай, шаўковай або аксамітнай, а яны бываюць даражэйшыя за звычайныя тканіны.
Не меншая ўвага прыкавана да гарнітура кавалераў. Сярод знатных вяльможаў у модзе былі шчодра аздобленыя багатай вышыўкай кафтаны і туфлі з вытанчанымі спражкамі.
Да свайго першага мерапрыемства ў стылі Ракако рэканструктары рыхтаваліся доўга: шылі касцюмы, развучвалі танцы. Адпаведныя эпосе танцы аднаўляюцца па падручніках таго часу, якія дайшлі да нас, у іх кожная фігура, як правіла, падрабязна апісаная і ёсць схема танца. На салоне гучала жывая музыка — настрой вечара стварала піяністка Марыя Чайкоўская.
Адкрывае любы баль і свецкі вечар паланэз — просты танец з невялікай колькасцю пастаў, якія задавала першая пара. У ранейшыя часы гаспадар дома падчас паланэза часта праводзіў гасцей па хаце, уладкоўваючы своеасаблівую экскурсію па раскошных пакоях, а танцуючыя мелі магчымасць павольна пагутарыць.
Не менш папулярныя былі іншыя танцы, напрыклад, менуэт — галантны, урачысты. З яго пачыналі навучанне танцам; лічылася: хто добра танчыць менуэт — добра танчыць і ўсё астатняе.
"Менуэт можа здацца вельмі стрыманым — кавалеру дазволена кранацца толькі рукі дамы і толькі тады, калі яна сама гэта дазволіць; у асноўным жа танцуючыя занятыя тым, што знаходзяцца на розных канцах залы, раз-пораз праходзячы адзін міма аднаго", — расказала арганізатар салону Маргарыта Шаўцова.
А вось алеманда, нямецкі танец, родны брат больш вядомага вальса, танчаць зусім інакш. Партнёры пастаянна знаходзяцца вельмі блізка адзін да аднаго, прымаючы розныя паставы — хупавыя і часам вельмі адкрытыя нават па цяперашніх мерках, так што пара нагадвае парцалянавыя статуэткі.
"У той час алеманда шакавала блізкасцю партнёраў адзін да аднаго, аднак знайшла сваё месца ў эстэтыцы Галантнага веку: часу бесперапыннага адкрытага флірту", — расказала Маргарыта.
Зрэшты, салон — не баль, і танцаваць на ім зусім не абавязкова: танцы — хутчэй разыначка, упрыгожванне вечара. У асноўным наведвальнікі салонаў праводзілі час у свецкай гутарцы і гульнях.
Для салона "Падарожжа па Еўропе" рэканструктары адрадзілі не толькі танцы, але і настольныя гульні XVIII стагоддзя, і нават прыдумалі сваю.
Адна з тыповых азартных гульняў Галантнага веку — гульня "Совы". Выйгрыш у ёй залежыць цалкам ад шанцавання. Як і ў XVIII стагоддзі, госці салона гулялі не на грошы, а замянялі іх перламутравымі гульнявымі фішкамі, кожная з якіх мела свой умоўны "кошт". У пачатку гульні кожны гулец робіць стаўку ў агульны банк гульні, а потым усё па чарзе кідаюць косці і выконваюць прадпісанае гульнявым полем дзеянне: пакласці ў банк яшчэ некалькі фішак, узяць фішкі з банка, забраць палову банка альбо ж і зусім нічога не рабіць. Гульня можа працягвацца вельмі доўга — пакуль хто-небудзь з гульцоў не выкіне на касьцях тры шасцёркі і не забярэ сабе ўвесь гульнявы банк.
Госці, якія стаміліся танцаваць і згаладаліся, маглі падсілкавацца лёгкай закускай — з гістарычнасці антуражу трохі выбіваліся толькі яркія фанцікі цукерак.
Зрэшты, зусім заглушыць голас сучаснасці не ўдаецца ніколі — дамам абавязкова хоча зрабіць "сэлфі" перад люстэркам — вядома, гэта значна хутчэй, чым чакаць замалёвак з мерапрыемства партрэтыста.
Галоўнае — каб смартфон не мільгаў у кадры "афіцыйнай справаздачы" пра мерапрыемства.