Сустракаем Вялікдзень, або як зрабіць цудадзейную пісанку

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВелікодныя пісанкі
Велікодныя пісанкі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца сакрэтамі па афарбоўцы пісанак і распавядае пра сімвалізм велікодных малюнкаў.
Традыцыя абменьвацца фарбаванымі яйкамі на Вялікдзень сімвалізуе любоў і братэрскае адзінства ў веры. Велікодныя яйкі — галоўны атрыбут свята, таму іх аздабленню надаюць вялікую ўвагу.
Паводле старажытных паданняў, запісаных Герадотам, сусвет быў створаны з яйка, пакладзенага птушкай Фенікс.
На Беларусі яйка лічылася сівмалам вясновага сонца
На Беларусі яйка са старажытнасці было сімвалам вясновага сонца, увасабленнем жыцця, радасці, цяпла, свету, абуджэння прыроды. Ушаноўваючы сонца, расіянін кажа "красное солнышко", а беларус — "жоўценькае сонейка, як яечны жаўточак". Жаўток таксама атаясамліваўся з золатам, а сусветнае яйка апісваецца як залатое.

Пісанка дапаможа вылечыць хваробу і знайсці скарб

Беларускія майстры актыўна выкарыстоўваюць велікодныя яйкі для ўвасаблення сваіх творчых задумак. За аснову бяруць курыныя, гусіныя, качныя, страўсіныя яйкі, а таксама дрэва, гліну і нават пенапласт. Для ўпрыгожвання таксама выкарыстоўваюць самыя розныя матэрыялы.
Па спосабу афарбоўкі сучасныя майстры ўмоўна падзяляюць велікодныя яйкі на крашанкі, крапанкі і пісанкі. Прасцей за ўсё зрабіць першыя два варыянты, а вось трэці — пісанкі — адкрывае цэлы сусвет і дае прастору для творчасці. Напярэдадні Вялікадня пра іх і пагаворым.
Пісанка — яйка, дэкарыраванае малюнкам у 2 ці болей колеры спосабам васковага рэзервавання.
Пісанка — гэта не звычайнае велікоднае яйка. Яе вырабляюць як падарунак, які будзе выконваць функцыю абярэга для таго, хто яе атрымае.
На Беларусі асвечаным у храме пісанкам здаўна прыпісвалі магічную сілу. Лічылася, што яны здольныя вылечваць хворых, тушыць або лакалізаваць пажары, дапамагаць у пошуках хатняй жывёлы і нават скарбаў.
Нашы продкі каталі велікодныя яйкі з горак, клалі ў зерне, падрыхтаванае на пасеў. Каб забяспечыць добры ўраджай у час сяўбы араты павінны быў з'есці яйка і раскідаць па полі  шкарлупіны. Каб у хаце не вадзіліся прусакі, шкарлупіны затыкалі ў шчыліны бярвенняў.
Этнограф Ларыса Мятлеўская асвячае пісанкі і крашанкі кожны год
У народзе верылі, што яйка ўвасабляе жыватворную сілу, якая процістаіць усялякай нечысці. Напрыклад, нячысцік можа быць забіты яйкам, знесеным напярэдадні Калядаў, у час калі нараджаецца сонца. Яйкі, пакінутыя на могілках лічыліся сродкам часовага ажыўлення мёртвых. Закопваючы на магілцы сваяка жоўтую крашанку прамаўлялі: "Свяці яму ясным сонейкам у яго цямніцы".

Парады для гаспадынь: як зрабіць пісанку

Валянціна Пісарэнка — мастацтвазнаўца і адна з самых знакамітых беларускіх майстрых па пісанках. У гэтым годзе яна прадставіла кнігу "Пісанкі" — ілюстраваны майстар-клас па стварэнні велікоднай прыгажосці.
На яе думку, беларускія пісанкі адрозніваюцца ад польскіх, украінскіх, літоўскіх не толькі малюнкам і колерам, але і інструментамі выканання. У асноўным яны манахромныя, звычайна выкананы ў два колеры, якія залежаць ад фарбаў.
Беларус, верны традыцыі продкаў, працяглы час лічыў галоўнымі колерамі велікодных яек чырвоны і жоўты. Ён тлумачыў гэта тым, што калісці ў хвіліну Ўваскрасення Хрыстова ўсе яйкі на свеце цудам набылі гэтыя колеры: першы — на ўспамін пра Яго разлітую кроў, другі — у гонар сонца, што свяціла падчас Яго пакутаў.
Калісці для афарбоўкі яек выкарыстоўвалі толькі натуральныя фарбавальнікі. Напрыклад жоўты, рабінавы, чырвоны колеры даваў адвар з лушпаек цыбулі, сіні — з сон-травы, зялёны — з бярозавага лісця.
Для вырабу пісанак раслінныя фарбы не падыходзілі: колеры атрымоўваліся невыразнымі і нават плямістымі.
Сучасным гаспадынькам Валянціна Пісарэнка не раіць выкарыстоўваць для пісанак і ўніверсальныя фарбавальнікі або фарбавальнікі для бавоўны. На шкарлупіне яны працуюць няякасна і могуць сапсаваць папярэднія вынікі.
Лепшымі для гэтай справы мастачка лічыць анілінавыя фарбавальнікі для воўны, якія даюць больш насычаны колер. Колеравая палітра Валянціны Пісарэнка даволі шырокая. У стварэнні сваіх маленькіх шэдэўраў яна карыстаецца жоўтым, чырвоным, ружовым ці памеранцавым (на выбар), а таксама чорным, карычневым ці якім небудзь іншым цёмным колерамі. Гэта не выпадкова, бо колеры, у якія фарбавалі крашанкі і пісанкі мелі сваё значэнне:
  • чырвоны — радасць, жыццё, каханне, для маладых — надзея на вяселле;
  • жоўты — месяц і зоркі, у гаспадарцы ўраджай;
  • блакітны — неба, здароўе;
  • зялёны - абуджэнне прыроды, урадлівасць;
  • чорны - колер царства памерлых, ночы.У пісанцы выдзяляе сілу іншых колераў. Цемра дае зразумець, што такое святло;
  • чорны з белым — пашана душ продкаў, падзяка за абарону злых сіл.
  • спалучэнне некалькіх колераў з узорамі і арнаментам з 4-5 фарбаў —сямейнае шчасце, мір, каханне, поспех.
Для стварэння абярэга найважнейшым лічыцца выбар яйка ад якасці якога залежыць вынік працы. Найлепшымі лічацца сырыя —"нагуляныя" (з зародкам) яйкі ад хатніх маладых курэй. Ва ўмовах горада ім адпавядаюць яйкі з пазнакай "Д-2", шкарлупа якіх вельмі моцная.
Складана сабе ўявіць, але калі халадзільнікаў не было, некаторыя гаспадары з восені захоўвалі яйкі ў кадушцы з попелам да Вялікадня — прыкладна 4-5 месяцаў.

Свет  існуе, пакуль ствараюцца пісанкі

Пісанкарства спрадвеку лічыцца жаночай справай, бо патрабуе не толькі ўседлівасці, але і добрага ведання народных арнаментаў, іх сэнсу.
Гэтаму малюнку не менш за сто гадоў
Пры маляванні пісанак з самых старажытных часоў карысталіся адмысловымі ўзорамі:
  • сонца- пачатак жыцця;
  • конь - сімвал усяго самага добрага і самага важнага ў жыцці. Конь звязаны з сонцам у міфах грэкаў, індыйцаў, скандынаваў, кельтаў, літоўцаў. Лічылі, што ён створаны з сонца.
  • зямля - агульначалавечы Дом, выток жыцця, само жыццё. Нездарма яе называлі — Зямля-карміцелька, Маці-Зямля;
  • вада - наяўнасць Сонца, зямлі і вады робіць магчымым існавання самаго жыцця;
  • птушкі, альбо "пеўні", лічыліся праваднікамі божага сонца, што абараняюць добрае ад злога. Пеўня ўяўлялі ахоўнікам хаты і духаў продкаў, абаронцай ад пажару і навальніцы;
  • дуб — знак мужчынскай сілы, гонару, даўгалецця. Такое яйка адрасавалася мужчыне.
Пісанкі дарылі з пэўнай мэтай і верай у тое, што яны дапамогуць у выпрабаваннях, засцерагуць ад бяды. Хвораму чалавеку дарылі яйка з выявай рыбы, каб была моцная і шчаслівая сям'я з дабрабытам — малявалі Дрэва жыцця і павучка.
Дзецям звычайна дарылі яйкі светлых колераў, хлопцам і дзяўчатам — з салярнымі знакамі, яркіх адценняў, гаспадарам і гаспадыням — са знакамі дабрабыту, старым людзям з чорнымі фарбамі.
Зараз традыцыя адорваць адно аднаго яйкамі амаль знікла, але яшчэ стагоддзе таму беларусы на Вялікдзень хадзілі ў госці адно да аднаго, прыхапіўшы не менш за дзесятак крашанак.
У абавязак хроснай маці ўваходзіла наведваць хрэснікаў з пірагамі і яйкамі ў першы дзень Вялікадня.
Дарэчы ва Украіне ў адрозненне ад Беларусі захавалася шмат легенд пра пісанкі. У адной з іх распавядаецца аб тым, што лёс свету залежыць ад колькасці пісанак, што пішуцца кожны год.
Пакуль будуць стварацца пісанкі, свет будзе існаваць. Як толькі гэты звычай знікне, зло ў выглядзе д'ябла, прыкутага пад зямлёй, вырвецца з ланцугоў і знішчыць людзей. Калі багата створана пісанак, то ланцугі моцна трымаюць гэтае зло і яно страчвае сілу, бо людская любоў перамагае.
Стужка навiн
0