12:56 16 лістапада 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.12
  • EUR2.40
  • 100 RUB3.19
Наш Грунвальд-2017

Сапраўдны рыцарскі бой і пір пасля бітвы: як пройдзе юбілейны "Грунвальд"

© Sputnik Юлія Хвошч
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
2821

Традыцыйна фестываль будзе прысвечаны рэканструкцыі самай маштабнай бітвы сярэднявечнай Еўропы, а таксама культуры і рамёствам таго часу.

Міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры і музыкі "Наш Грунвальд 2018" вось ужо дзясяты раз пройдзе ў Дудутках 21 і 22 ліпеня. Больш падрабязна пра тое, чым здзівіць юбілейны фестываль, у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik расказаў яго арганізатар Аляксандр Рак, а таксама мастак-дызайнер творчай майстэрні "Стальная спадчына", удзельнік гурта "Aillion" Канстанцін Дудараў і ўдзельнік гурта "Folcore" Аляксандр Філіпенка.

На працягу двух дзён фестывалю запланавана каля дваццаці розных мерапрыемстваў. Будзе і знаёмая гледачам па папярэднім фестывалям "Бітва двароў" — бітва атрадаў рыцараў, і баі лучнікаў, і мноства майстар-класаў. Упершыню адбудзецца пешы рыцарскі турнір — ён пройдзе на дзвюх пляцоўках, на адной з якіх чакаюць ужо вопытных рэканструктараў, а на другой — тых, хто толькі марыць пакрыць сябе баявой славай.

Гарачыя баі першага дня фестывалю завершацца традыцыйным "Пірам пасля бітвы". Па задумцы арганізатараў, выступоўцы таксама ўступяць у своеасаблівую бітву і будуць прадстаўляць дзве фракцыі: Вялікае Княства Літоўскае і Тэўтонскі ордэн. На баку літоўцаў выступяць "Стары Ольса" і Folcore, тэўтонцам падпяюць нямецкі гурт WIZARD і CRUACHAN. Хэдлайнерамі канцэрту і своеасаблівымі назіральнікамі стануць гурты "Эпидемия" і "Мельница".

Удзельнік гурта "Folcore" Аляксандр Філіпенка ўдакладніў, што да рэканструктарскіх руху ён не мае ніякага дачынення, але з задавальненнем выступіць на фестывалі, і выказаў надзею, што "музычныя баі" пройдуць мірна і пацешаць і ўдзельнікаў, і гледачоў.

Разынкай і галоўнай падзеяй фестывалю стане поўнакантактны конны бой, які пройдзе ў другі дзень фестывалю. Гэта досыць экстрэмальнае мерапрыемства, падкрэслівае Аляксандр Рак, на якім усё будзе "напраўду", у адрозненне ад спаборніцтваў, якія праходзілі ў папярэднія гады.

"Гэта была дэманстрацыя навыкаў вершніка, каня рабіць нейкія трукі, дэманстрацыя навыкаў рыцара на шэрагу атракцыёнаў, такіх як сарацынскія голавы, калі вершнік скача ў калідоры з пік, на якія насаджаныя качаны капусты, і яму трэба паспець іх пасекчы або падняць вастрыём дзіды шаўковую хустачку — гэта ўсё крута, але гэта тэатралізацыя", — падкрэсліў арганізатар фэсту.

Удзельнічаць будуць 7-8 коннікаў, галоўнай мэтай якіх будзе выбіць суперніка з сядла. Большасць рыцараў з Расіі, дзе большы вопыт правядзення такога роду мерапрыемстваў. Коней удзельнікі прывязуць з сабой: у Беларусі хапае натрэніраваных жывёл, аднак поспех бітвы часта залежыць ад таго, наколькі добра разумеюць адзін аднаго вершнік і конь. Вельмі многае таксама залежыць ад якасці даспехаў: нават жыццё, без пераменшвання заяўляе Канстанцін Дудараў.

Канстанцін займаецца стварэннем даспехаў для рэканструктараў, музеяў і прыватных калекцый не толькі Беларусі, але інных краін свету. Яго твораў не будзе на фестывалі, аднак збройнік сцвярджае, што такія мерапрыемствы — лепшы спосаб набрацца вопыту і паглядзець на цікавыя экзэмпляры аўтэнтычнага рыцарскага рыштунку.

"Натуральна, вельмі важны момант, што майстар, які вырабляе даспехі, павінен адказваць за жыццё свайго кліента", — сказаў Канстанцін.

Патрабаванні да даспехаў нават для тых, хто не збіраецца біцца не на жыццё, а на смерць, самыя строгія: яшчэ да фестывалю кожны ўдзельнік павінен абгрунтаваць свой выбар і, калі неабходна, пацвердзіць гістарычнасць крыніцамі: апісаннем і фатаграфіямі.

Нацешыўшыся рыцарскімі баямі, госці фестывалю змогуць падмацаваць свае сілы на фудкорце, наведаць рынак рамеснікаў з аўтэнтычнымі вырабамі і паспрабаваць навучыцца чамусьці на майстар-класах, а таксама здзейсніць экскурсію ў рыцарскі лагер, у якім удзельнікі фестывалю пераносяцца ў сярэднявечча: там забароненыя мабільныя тэлефоны, пластык і іншая атрыбутыка нашага стагоддзя. Жадаючыя застацца і пачакаць другі дзень фестывалю на прыродзе, аднак пры гэтым скарыстацца ўсімі выгодамі сучаснай цывілізацыі, могуць размясціцца ў намётавым лагеры.

По теме

"Наш Грунвальд-2017": сапраўдныя бітвы, шчырыя эмоцыі
Часовы павераны ЗША і масквічы: каму спадабаўся "Наш Грунвальд"
Тэги:
рэканструкцыя, Рыцары, Наш Грунвальд, Аляксандр Рак, Дудуткі, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы