Гасцей пільнаваў сабака: як праходзілі застоллі ў Янкі Купалы

© Sputnik / Виктор ТолочкоГасцёўня ў мінскім музей Янкі Купалы
Гасцёўня ў мінскім музей Янкі Купалы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Чым частавалі сяброў і сваякоў у купалаўскім доме і навошта ў сенцах іх чакала нямецкая аўчарка, карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай паведамілі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.
Адной з любімых простых страў класіка беларускай літаратуры былі крышаны — так называлі бульбяны суп са шкваркамі. Сябры пісьменніка ўзгадваюць, што маці "крышыла крышаны", седзячы на парозе мінскага дома, куды сын перавёз яе, ратуючы ад раскулачвання.

Любіў піць квас прама з дзежкі

Многія сучаснікі лічылі Купалу гурманам, але на самой справе класік беларускай літаратуры не любіў вылучацца сярод астатніх. Напрыклад, сяляне, якія жылі ў мястэчку Ляўкі Аршанскага раёна (зараз там знаходзіцца аднаіменны мемарыяльны запаведнік, а раней было лецішча — Sputnik), узгадвалі, што аднойчы пасля працы на ўчастку паэту паднеслі кіслы бярозавы квас у крышталёвым графіне. Ён адмовіўся ад пачастунку, які вельмі любіў, і сам адправіўся ў студню, прыгаворваючы: "Люблю піць квас прама з дзежкі ".
Купалу хацелася быць бліжэй да народа, таму ён заўсёды запрашаў за стол усіх сялян, што дапамагалі яму ці проста працавалі побач з домам.
Самастойна літаратар хадзіў на кірмаш: не даручаў гэту справу ні жонцы, ні слугам. Яшчэ ў дзяцінстве ён напаткаў там бабулю-прадаўшчыцу зёлак, якой пасля прысвяціў адзін з вершаў.

"Сапраўдны" рыбак

Шмат часу Купала праводзіў на прыродзе — любіў паляванне, у тым ліку і "ціхае", і рыбалку. Ляснік Шыманскі ўспамінаў, што часцей за ўсё на паляванні паэт страляў трусоў, мяса якіх вельмі любіў есці з падлівай.
"Успамінаю дзядзьку Янку — вельмі любіў ён пагрызі заячую лапку ", — казаў ляснік.
Купала як прафесійны рыбак лавіў рыбу без вудаў ці рагулек, а з дапамогай спецыяльных шнуроў ці закідушак. У якасці жыўца выкарыстоўваў маленькіх яшчарак — верацяніцаў. Улоў не заўсёды быў удалым, таму, вяртаючыся дадому, ён мог набыць на кірмашы свежай рыбы. Жонка Уладзіслава Францаўна заўсёды заўважала падман, але ніколі не падавала віду.
У Мінску разам з Купалам на рыбалку хадзілі і іншыя пісьменнікі: рыбачылі звычайна ў пасёлку Ждановічы на Свіслачы. Абавязковым патрабаваннем для гэтага мерапрыемства былі аловак і лісток паперкі. Купала не разумеў, як сапраўдны паэт ці пісьменнік можа ісці на прыроду без гэтых прыладаў — у галаве могуць з'явіцца нейкія цікавыя думкі ці нават радкі, а запісаць іх будзе няма куды.

На варце гасціннасці — Рэкс

Купалаўскі дом славіўся на ўсю сталіцу як адзін з самых гасцінных. Многія беларускія аўтары не аднойчы ўспаміналі застоллі і казалі, што "гэта немагчыма апісаць словамі".
Пісьменнік Іларыён Барашка ўзгадваў, што як толькі з'яўляўся госць, яго настойліва ўсаджвалі за стол і абавязкова частавалі вяндлінкай. Па ўспамінах іншых наведвальнікаў, нават у небагатыя часы Купала частаваў дранікамі, блінамі з мачанкай, вэнджанымі кілбаскамі, падсушанымі сырамі, яечняй са скваркамі і гарачай бульба. Яго маці і сёстры некаторы час жылі на вёсцы, таму многія прадукты траплялі на стол прама з грады.
Пасадзіць госця за стол было цэлым абрадам. Паэт абавязкова даставаў бутэлечку шампанскага, бо з'яўленне сяброў і сваякоў у хаце лічылася сапраўдным святам.
На стражы гасціннасці ў мінскім доме Янкі Купалі заўсёды знаходзіўся сабака — нямецкая аўчарка Рэкс. Ён пільнаваў у сенцах, і калі хто-небудзь з гасцей спрабаваў непрыкметна сыйсці з-за стала і адправіцца па сваіх справах, сабака пачынаў брахаць на ўсю хату.
Гаспадар лавіў уцекача са словамі: "Куды сабраўся, паночку? Ты так мне гасцей да пары параспускаешь. Талеркі яшчэ стаяць на стале, вось і ты вяртайся".
Пісьменнік Міхась Лынькоў пісаў, што сапраўднае беларускае хлебасольства гаспадароў купалаўскага дома ледзь не ўвайшло ў прымаўку.
Кармілі тут і бедных студэнтаў. У 1909-1913 гадах Купала быў у ліку студэнтаў, якія наведвалі ў Санкт-Пецярбургу так званыя суботнікі прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы — яго называлі патрыярхам беларускага адраджэння. Купала добра памятаў галодныя студэнцкія часы і пачастункі на суботніках, таму і арганізаваў такую ж гасцёўню ў сваім мінскім доме.
Дарэчы, менавіты гэтыя сустрэчы ўвайшлі ў спіс абвінавачванняў у адрас Купалы падчас рэпрэсій.
Стужка навiн
0