08:30 14 лістапада 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.14
  • EUR2.41
  • 100 RUB3.17
Кінастудыя Беларусьфільм рыхтуецца да адкрыцця пасля рэканструкцыі

Карачэўскі распавёў, як будзе "падымаць" "Беларусьфільм"

© Sputnik / Ирина Петрович
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
3410

Новы генеральны дырэктар плануе перагледзець падыход да кінавытворчасці і не мае намеру выкідваць грошы "на вецер".

Новы генеральны дырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі хоча агрэсіўна выводзіць студыю на замежныя рынкі, пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў аўторак.

"Я пераглядаю ўсю маёмасьць, каб зразумець, наколькі эфектыўна яна выкарыстоўваецца. Хачу атрымаць прадпрыемства, якое эфектыўна працуе і больш агрэсіўна выходзіць на знешнія рынкі. Проста так грошы выкідваць не буду. Мы пераглядаем падыход да кінавытворчасці і шукаем адказ на пытанне "Навошта?" Мы павінны разумець, для каго мы здымаем", — распавёў Карачэўскі.

Гендырэктар выказаў жаданне, каб на кінастудыі з'явілася не толькі кінавытворчасць, але і кіножыццё. Ён жа і расказаў, што для гэтага ўжо зроблена.

Што будзе здымаць "Беларусьфільм"

На кінастудыі стварылі прадзюсарскі савет, які будзе даваць заключэнні аб мэтазгоднасці здымак таго ці іншага фільма. Карачэўскі распавёў, што дзверы кінастудыі адкрытыя для розных рэжысёраў, як дзяржаўных, так і незалежных.

"Ужо падыходзіць да фінальнай стадыі мантажны перыяд фільма Дзмітрыя Астрахана пад працоўнай назвай "Жыццё пасля жыцця", які запусцяць 6 снежня. У гэтым годзе выйдзе альманах маладых рэжысёраў "Вайна. Застацца чалавекам", — распавёў Карачэўскі.

Ён дадаў, што актыўна ідзе падрыхтоўка да працы над фільмам пра Янку Купалу. Акцёры на галоўныя ролі яшчэ не зацверджаны, але галоўным чынам таму, што да гэтага фільма на кінастудыі стаўленне асаблівае і ўвага да яго таксама адмысловая.

Гендырэктар "Беларусьфільма" анансаваў падрыхтоўку да здымак фільма па кнізе беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай "Прыгоды Пранціша Вырвіча". Яшчэ адзін сумесны праект можа быць зняты сумесна з кітайскай правінцыяй Чунцын. Пакуль сцэнара няма, але гаворка, хутчэй за ўсё, будзе ісці аб лёгкім жанры, бо вайна кітайцам не цікавая, а спецэфектамі нам здзівіць іх складана.

Карачэўскі таксама дадаў, што з адным з тэлеканалаў кінастудыя плануе зняць камедыйны серыял.

Дзе зарабіць "Беларусьфільму"

Карачэўскі распавёў і пра даходы "Беларусьфільма". Адна з асноўных крыніц — продаж маёмасных правоў на прадукцыю.

Кінастудыя зарабляе і на аказанні паслуг, а гэта і арэнда касцюмаў і рэквізіту, будаўніцтва павільёнаў, здача плошчаў у арэнду. Гендырэктар паскардзіўся на тое, што цяпер расіяне будуюць ўласныя павільёны, колькасць здымак у Беларусі скарацілася, і за кліентаў даводзіцца змагацца.

Таксама кінастудыя плануе зарабляць на стварэнні агенцтва па падборы акцёрскіх кадраў. Яшчэ Карачэўскі плануе ў будучыні дамагчыся магчымасці арганізоўваць і кінафорумы.

"Я не магу сказаць, што кінастудыя беспэрспэктыўная. У мяне да яе стаўленне як да месца, у якім жывуць", — растлумачыў ён сваё цёплае стаўленне да кінастудыі.

Сёння Карачэўскі падпісаў дамову аб супрацоўніцтве кінастудыі з "Кінавідэапракатам" і Нацыянальным мастацкім музеем. Для музея фонд кінастудыі важны, бо пашырае інтэрактыўныя магчымасці і формы зносін з наведвальнікам. Фармат супрацоўніцтва прыдумалі і для працы з пракатам.

Кожную трэцюю сераду ў кінатэатры "Піянер" можна будзе паглядзець фільмы, створаныя на кінастудыі. Па нядзелях будуць паказваць мультыплікацыю, а кожную другую і чацвёртую сераду ў кінатэатры будуць праходзіць дні дакументалістыкі, распавёў на прэс-канферэнцыі гендырэктар УП "Кінавідэапракат" Павел Скалабан. Такія ж паказы плануюць праводзіць у рэгіёнах, а даход дзяліць з "Кінавідэапракатам".

"Выжываем, трошкі напружаны і справімся", — упэўнены Карачэўскі.

Але новы гендырэктар плануе вярнуць на кінастудыю і жыццё, і атмасферу і развіць яе да такой ступені, што беларусам і турыстам захочацца купіць сувенір ад "Беларусьфільма". І на сувенірнай прадукцыі кінастудыя аднойчы таксама плануе зарабляць.

Карачэўскі паведаміў і аб пераглядзе цэнавай палітыкі і плануе прапанаваць больш цікавыя ўмовы партнёрам. Гэта, паводле яго слоў, таксама стане адным з артыкулаў даходу "Беларусьфільма".

Маршрут па кінамесцам

На вытворчасці спыняцца не плануюць. Карачэўскі анансаваў турыстычны маршрут па кінамесцах Мінска. Маршрут можа ўключаць у тым ліку паездку на "Беларусьфільм". У ім адзначаць і месцы, у якіх здымаліся карціны кінастудыі, і пробныя экскурсіі ўжо пачаліся. Плануецца таксама праводзіць сустрэчы з акцёрамі і рэжысёрамі ў кафэ кінастудыі.

А ў лістападзе кінастудыя стане адной з пляцовак, якая прыме кінафестываль "Лістапад".

Тэги:
Беларусьфільм, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы