МІНСК, 6 вер – Sputnik. Беларускае выдавецтва "Янушкевіч" абвесціла ўласную літаратурную прэмію – але не для аўтараў, а для чытачоў. Пра гэта паведамляецца на старонцы выдавецтва ў "Фэйсбуку".
"Пакуль яшчэ не ўціхамірыліся "страсці па Гедройцю", дзе нам павінны назваць найлепшага беларускага пісьменніка, мы робім крок у адказ і хочам вызначыць найлепшага чытача", — паведамілі ў выдавецтве.
Умовы ўдзелу вельмі простыя: дастаткова апублікаваць свой водгук на кнігу, выдадзеную ў 2017-2018 годзе на беларускай мове, на любым інтэрнэт-рэсурсе і даслаць выдавецтву на пошту заяўку, у якой змясціць спасылку або скан, калі водгук быў надрукаваны. Арганізатары папярэджваюць: водгукі ад прафісійных крытыкаў і літаратараў не прымаюцца. Прычым у выдавецтве падкрэсліваюць, што для іх галоўнае – не памер, навуковы разбор твора або спецыяльная тэрміналогія, ужытая ў водгуку.
"Самае важнае для нас – зразумець, што чытач пранікся творам да самых глыбінь, прапусціў яго праз сябе як штосьці роднае і жывое", — кажуць у выдавецтве.
Падвядзенне вынікаў адбудзецца ўжо ў гэтым годзе – 26 снежня, уручаць прэмію на наступны дзень. Галоўны прыз Чытацкай прэміі складае 321 рубель.