07:52 14 лістапада 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.14
  • EUR2.41
  • 100 RUB3.17
Выстава Беларусь у Вялікай вайне 1914 - 1918 гг.

Унікальныя артэфакты Першай сусветнай вайны прадставілі ў Мінску

© Sputnik / Анастасия Волчок
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
11660

На выставе, прысвечанай падзеям на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў часы Першай сусветнай вайны, можна ўбачыць фотаздымкі і рэліквіі са збору Нацыянальнай бібліятэкі і прыватнай калекцыі.

Выстава "Беларусь у Вялікай вайне" адкрылася напярэдадні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Карэспандэнт Sputnik Анастасія Ваўчок пабывала ў Музеі кнігі і пагутарыла з загадчыкам навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Анатолем Сцебуракам пра тое, як паўплывалі падзеі сусветнага масштабу на нашу краіну.

Выстава Беларусь у Вялікай вайне 1914 - 1918 гг.
© Sputnik / Анастасия Волчок
Загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Сцебурака

Вялікая вайна

Выстава, на якой прадстаўлены больш за 350 аб'ектаў, з'яўляецца вынікам і падсумаваннем доўгай працы, якая пачалася чатыры гады таму з нагоды круглай даты пачатка Першай сусветнай вайны. Тады Нацыянальная бібліятэка зрабіла электронны праект, прысвечаны яе падзеям.

Выстава Беларусь у Вялікай вайне 1914 - 1918 гг.
© Sputnik / Анастасия Волчок
У экспазіцыі можна ўбачыць кнігі, перыёдыку і дакументы з архіваў Нацыянальнай бібліятэкі

У экспазіцыі можна ўбачыць кнігі і дакументы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама фотаздымкі і артэфакты з прыватнага збору беларускага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава.

Назву выставы можна патлумачыць адразу з двух пунктаў гледжання. Па-першае, вайну 1914-1918 гадоў, пакуль яна ішла, называлі па-рознаму, і еўрапейскі варыянт – Вялікая вайна. У Расійскай імперыі яе называлі Другой Айчыннай, праводзячы паралель з падзеямі 1812 года. Першай сусветнай гэту вайну пачалі называць толькі тады, калі пачалася Другая сусветная вайна.

Выстава Беларусь у Вялікай вайне 1914 - 1918 гг.
© Sputnik / Анастасия Волчок
Выстава "Беларусь у Вялікай вайне 1914 - 1918 гг."

Па-другое, на падзеі Першай сусветнай вайны на гэтай выставе можна зірнуць менавіта з боку беларусаў.

"Мы пастараліся паглядзець на гэтую вайну праз друкаваныя крыніцы, паштоўкі, лісты, усё тое, што было летапісам тых падзей", - гаворыць Анатоль Сцебурака.   

Пачатак нацыянальнага адраджэння

Першая частка выставы складаецца з выданняў, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта тыя часопісы, якія абвясцілі пра пачатак вайны, афіцыйныя выданні, якія адлюстроўвалі падзеі на фронце.

Асобна вылучана частка, прысвечаная мастацкай літаратуры - беларускім пісьменнікам, якія ў сваіх творах перадалі жах тых часоў. Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля – усе яны ў той час знаходзіліся ў Беларусі і так ці інакш былі звязаныя з падзеямі вайны.

Выстава Беларусь у Вялікай вайне 1914 - 1918 гг.
© Sputnik / Анастасия Волчок
Асобна вылучана частка, прысвечаная мастацкай літаратуры

У той жа час з'явіліся першыя беларускія школы.

"Да Першай сусветнай вайны ў Беларусі, нягледзячы на пэўную лібералізацыю, усё роўна нельга было стварыць паўнавартаснай беларускай школы. І вось на акупаванай немцамі тэрыторыі, Обер-Ост, з 1915 года пачалі з'яўляцца навучальныя ўстановы", - распавядае Анатоль Сцебурака.

У іх не хапала літаральна ўсяго - не было ні настаўнікаў, ні падручнікаў. Першыя кнігі ва ўкладанні Антона Луцкевіча былі выдадзеныя ў Вільні, там жа з'явіліся настаўніцкія курсы. Гэты час, нягледзячы на вайну, можна назваць пачаткам нацыянальнага адраджэння ў Беларусі.

Выстава Беларусь у Вялікай вайне 1914 - 1918 гг.
© Sputnik / Анастасия Волчок
"Гоман" была адзінай газетай на беларускай мове

"На старонках газеты "Гоман", адзінай газеты на беларускай мове, якая выходзіла падчас акупацыі ў Вільні лацініцай і кірыліцай, асвятляліся сур'ёзныя працэсы, звязаныя са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці", - расказвае Анатоль Сцебурака.

Так, у нумарах за кастрычнік і лістапад паведамляецца, якія загады робіць сакрэтарыят Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама што з'явіўся беларускі консул у Адэсе. Ім быў Сцяпан Некрашэвіч, чалавек, які пасля стане адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Інбелкульта.

Унікальныя экспанаты

Вельмі значнае месца ў друкаванай прадукцыі часоў вайны займала прапаганда. На выставе можна ўбачыць прылады нямецкай і італьянскай вытворчасці, з дапамогай якіх рабіліся ўлёткі, а таксама паходнае крэсла афіцэра нямецкай арміі, на якім падчас працы на станку сядзеў наборшчык.

Вельмі значнае месца ў друкаванай прадукцыі часоў вайны займала прапаганда
© Sputnik / Анастасия Волчок
Вельмі значнае месца ў друкаванай прадукцыі часоў вайны займала прапаганда

Таксама ў вітрынах прадстаўленыя пісьмовыя прыналежнасці, якія належылі вышэйшаму афіцэрскаму саставу, і прыклады прыватнай перапіскі – ва ўсіх адлюстраваны беларускія сюжэты.

Пісьмовыя прылады - чарнільніцы ў выглядзе кайзераўскага шлема
© Sputnik / Анастасия Волчок
Пісьмовыя прылады - чарнільніцы ў выглядзе кайзераўскага шлема

Унікальным экспанатам з'яўляецца рэлікварый, знойдзены на месцы баявых дзеянняў каля возера Нарач. 

"Рэлікварый складаецца з трох частак, на ім адлюстравана адна з найбуйнейшых каталіцкіх святынь – санктуарый у Лурдзе, на поўдні Францыі", - расказвае Анатоль Сцебурака.

Выстава Беларусь у Вялікай вайне 1914 - 1918 гг.
© Sputnik / Анастасия Волчок
Рэлікварый, знойдзены каля возера Нарач

Манаграмы на рэлікварыі гавораць аб тым, што ён быў зроблены яшчэ ў ХІХ стагоддзі: герб Папы Рымскага Пія ІХ і манаграма "NDL" – Нотр Дам дэ Лурд.

Дзіўныя фатаздымкі ў дакументах

Беларусь, падзеленая лініяй фронту, патрабавала сістэмы кантролю, таму асобнае месца ў экспазіцыі належыць пасведчанням асобы. Яны рабіліся на дзвюх мовах: рускай і нямецкай.

"Вы ведаеце, чаму такі дзіўны вузкі фотаздымак у дакуменце? Фотаздымкі былі дарагімі, таму на лаву саджалі адразу шмат людзей, а потым разразалі фота", - тлумачыць цікавую асаблівасць Анатоль Сцебурака.

Фотаздымкі былі дарагімі, таму на лаву саджалі адразу шмат людзей, а потым разразалі фота
© Sputnik / Анастасия Волчок
Фотаздымкі былі дарагімі, таму на лаву саджалі адразу шмат людзей, а потым разразалі фота

На фотаздымках у цэнтральных вітрынах можна ўбачыць паўсядзённае жыццё сялян, кадры падманліва мірныя. На адным са здымкаў нямецкія салдаты катаюць беларускіх дзетак у калясцы.

На адным са здымкаў нямецкія салдаты катаюць беларускіх дзетак у калясцы
© Sputnik / Анастасия Волчок
На адным са здымкаў нямецкія салдаты катаюць беларускіх дзетак у калясцы

"Да Першай сусветнай наша беларуская вёска была яшчэ некранутая, захоўвала традыцыі. З пачаткам калектывізацыі ўсё гэта знікне, а вось нямецкія салдаты на Палессі заспелі традыцыйную беларускую культуру", - расказвае Анатоль Сцебурака.

На Палессі немцы заспелі традыцыйную беларускую культуру
© Sputnik / Анастасия Волчок
На Палессі немцы заспелі традыцыйную беларускую культуру

Такая праблема з бежанцамі Еўропе і не снілася

На апошніх стэндах - падзеі Усходняга фронта. Перамір'е ў Камп'ене было падпісана 11 лістапада 1918 года, але на Усходзе перамовы аб міры пачаліся раней, на гэта паўплывалі падзеі рэвалюцыі 1917 года і абяцанні бальшавікоў – яны казалі, што трэба завяршаць вайну.

"Што прынёс гэты мір Беларусі? Безумоўна, гэта вельмі ганебны і цяжкі падзел нашай тэрыторыі, бальшавікі расплаціліся нашай зямлёй, каб выйсці з вайны, але, тым не меньш, значнасць гэтай падзеі мы зменшыць не можам", - падводзіць вынік Анатоль Сцебурака.

Тэрыторыя Беларусі была падзеленая
© Sputnik / Анастасия Волчок
Тэрыторыя Беларусі была падзеленая

Для еўрапейскай свядомасці самай пацярпелай ад вайны краінай з'яўляецца Бельгія, якая фактычна засталася цалкам знішчаная. Але навуковец сцвярджае, што па разбурэннях Беларусь калі не пераўзыходзіць яе, то знаходзіцца вельмі блізка.

"Зараз у Еўропе ў трэндзе праблема бежанцаў - беларусы з ёю сутыкнуліся менавіта ў гэтую вайну. Лічба фантастычная: ад 1,5 да 2,2 мільёна чалавек. Ніколі ні да гэтага, ні пасля столькі беларусаў не пакідала бацькаўшчыну", - распавядае Анатоль Сцебурака.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны людзі не паспелі выехаць з Беларусі з-за бліцкрыгу, а Першая сусветная вайна ішла паступова, таму ў беларусаў быў час на бежанства, вымушаную эміграцыю.

Першая сусветная вайна ішла паступова, таму ў беларусаў быў час на бежанства
© Sputnik / Анастасия Волчок
Першая сусветная вайна ішла паступова, таму ў беларусаў быў час на бежанства

"Расійская Імперыя вычашчала тэрыторыю каля фронта, трэба было з патрыятычных пачуццяў усё забраць, астатняе знішчыць і ехаць на Усход. Ад Брэста на Кобрын і далей на Усход сотні тысяч чалавек жылі пад адкрытым небам. Гэта была гуманітарная катастрофа, якую немагчыма параўнаць нават з тым, што зараз адбываецца ў Еўропе", - кажа навуковец.

Вырашаць гэту праблему спрабавалі гуманітарныя арганізацыі, такія як Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны і Чырвоны Крыж, але гэта было слабым суцяшэннем. Нажаль для нас, значная колькасць тых бежанцаў не вярнуліся пасля на Радзіму.

Тэги:
Выстава, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Першая сусветная вайна
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы