16:46 21 лютага 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.14
  • EUR2.43
  • 100 RUB3.27
Пісьменнік Аляксей Іваноў на сустрэчы з чытачамі ў рамках акцыі Бібліяноч-2018

Пісьменнік Іваноў: Афган - вельмі экзыстэнцыйная вайна, як з марсіянамі

© Sputnik / Евгения Новоженина
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
14 0 0

Апошні раман Іванова - "Непагадзь" - распавядае аб "афганцах", аднак сам пісьменнік падкрэслівае: кніга - не пра Афганскую вайну.

Пісьменнік Аляксей Іваноў, лаўрэат прэміі Урада Расіі ў галіне культуры, а таксама шэрагу прэстыжных літаратурных узнагарод, у 2017 годзе стаў таксама лаўрэатам прэміі "Кніга года" за раман "Непагадзь". Героі кнігі - "афганцы", якія ваявалі "за рэчкай". У 2018-м.паводле рамана быў зняты тэлевізійны серыял. Напярэдадні 15 лютага, 30-гадовай гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана, пісьменнік адказаў на пытанні карэспандэнта Sputnik Льва Рыжкова.

- Чаму афганская вайна не атрымала адэкватнага адлюстравання ў прозе сучаснікаў? Бо няўдалая вайна ЗША ў В'етнаме адлюстравана і ў літаратуры, і ў кіно. Чаму гэтага не здарылася ў нас?

- Гэтаму шмат прычынаў. Афган - страчаная тэма для нашай культуры. Спрошчана кажучы, культура можа выкарыстоўваць тэму вайны ў якой-небудзь з трох версій: ідэалагічнай ("абараняем радзіму"), прыгодніцкай ("здзяйсняем подзвіг") і драматычнай ("асэнсоўваем жыццё"). Але афганская вайна не падыходзіць ні для адной з гэтых версій.

Советский танкист в горах Афганистана
© Sputnik / Владимир Вяткин
Савецкі танкіст у гарах Афганістана

Мы не абаранялі радзіму. Цяжка яе выкарыстоўваць і для прыгодніцкіх мэтаў: савецкі салдат у Афгане не мог весці асабістую вайну, як кіношны Рэмба ў В'етнаме. Але цяжэй за ўсё асэнсаванне гэтай вайны як драмы. Для гэтага, як ні дзіўна, патрабуецца спачуванне да ворага. Талстой спачуваў Хаджы-Мурату, але мы не можам спачуваць Ахмад шаху Масуду: няхай ён мае рацыю ў сваёй барацьбе з захопнікамі, але за ім - дэспатыя, і фанатызм.

Афган для нас - духоўна чужы свет, датыкацца да якога мы не хочам. У рускай культуры няма ключа да гэтай вайны.

- Падаецца, што драма - на асабістым узроўні, па версіі "спасцігаем жыццё" - у Афгане ўсё-ткі была. Калі маладыя салдаты ўсведамлялі такія паняцці, як жыццё і смерць, вернасць або здрада. Да таго ж з гэтым духоўна чужым светам Расія вельмі хутка сутыкнулася ў Чачні.

- Вы маеце рацыю, на асабістым узроўні драма спасціжэння свету, безумоўна, была. Мой герой рамана "Непагадзь" Сярога Ліхалетаў выносіць з Афгана нейкія перакананні, якія потым, у "ліхія дзевяностыя", дапамагаюць яму стаць магутным грамадскім лідарам. Але гэтыя перакананні застаюцца асабістымі, у іх няма, так бы мовіць, агульнанацыянальнага патэнцыялу. Яны падыходзяць толькі для пэўнай дзейнасці канкрэтнага чалавека.

Таму Афган - вельмі экзыстэнцыйная вайна, як быццам вайна з марсіянамі. У такой вайне можна перамагчы або пацярпець паражэнне, але ў любым выпадку ты нічога не дакажаш суперніку, не зменіш яго погляд на свет.

Дзякуючы Расіі Францыя ў 1814 годзе адмовілася ад еўрапейскай гегемоніі, а Германія ў 1945 годзе асудзіла нацызм. А што змянілася ў Афганістане з часоў першых войнаў з брытанцамі? Нічога. Усё тая ж дэспатыя і наркотыкі. Дзіўная ўнутраная пустата, бязвыніковасць афганскай вайны была відавочная нават простым салдатам. Гэта адчуванне і спарадзіла салдацкі міф, што "нават Македонскі не скарыў Афганістан".

Людзі, якія не знайшлі агульнай мовы, могуць разысціся і больш не сустракацца, а народы - не могуць, таму што Зямля маленькая, і на ёй нямала тых, хто пажадае падпарадкаваць вашых некантактных суседзяў.

У 80-х у Афгане кожны чалавек адказваў за сябе сам, а агульнанацыянальнага адказу - адразу для ўсіх - проста няма. Вось таму афганская вайна і не мае агульнанацыянальнага выніку: і ваяваць там нельга, і не ваяваць нельга.

- Эпізоды "Непагадзі", у якіх дзеянне адбываецца ў Афганістане, апісаны і з веданнем матчасткі і, што галоўнае, неабыякава. Як вы вывучалі рэаліі той вайны, хто вам дапамагаў?

- Крыніц шмат. Па-першае, у Афгане былі мае аднакласнікі, і ў рамане ёсць эпізод, звязаны з адным з іх: калі сябры фатаграфуюць хлопца, а да яго ўжо ляціць куля, якая яго заб'е... Я распытваў і іншых ветэранаў.

Па-другое, я вывучыў гісторыю гэтай вайны, каб арыентавацца ў падзеях. Напрыклад, майго героя бяруць у палон пасля паўстання ў крэпасці Бадабер, калі рускіх у палон імкнуліся не браць, таму палоннага адразу зганяюць ў Зону плямёнаў. Я пазнаёміўся з узбраеннем і стратэгіяй, з этнаграфіяй Афганістана.

А па-трэцяе (і гэта самая галоўная крыніца ведаў, якая вызначыла дух, сутнасць афганскіх эпізодаў), я чытаў тое, што "афганцы" самі пішуць пра сябе і выкладваюць у сетку. Такіх успамінаў вельмі шмат. У гэтых тэкстах "афганцы" значна больш сумленныя, чым у інтэрв'ю, у якіх яны асцярожнічаюць, або ў сяброўскіх размовах, калі выхваляюцца.

- Калі вас як мастака слова "зачапіла" афганская вайна?

- Асабіста мяне гэтая вайна ніяк не зачапіла, і раман "Непагадзь" я пісаў не пра афганскую вайну і нават не пра "афганскі сіндром". Афганская вайна ў рамане - гэта сітуацыя, у якой фармуюцца каштоўнасці майго галоўнага героя. У Афгане ён разумее, што вайна - "не сапраўдная". Гэта значыць, у ёй няма вышэйшай ідэі. Выходзіць, душманы - не ворагі. Іх трэба ўспрымаць не асабіста, а як вельмі небяспечную прыродную сілу. А ворагі часцяком - свае. Камандзір, які аддаў дурны загад. Таварыш, які спалохаўся і не прыкрыў цябе. Таму важней за ўсё - давер да чалавека.

Але давер павінен на чымсьці грунтавацца. На гэтай ідэалогіі ў "ліхія дзевяностыя" мой герой выбудоўвае саюз ветэранаў. Для гэтага саюза аснова даверу - вопыт Афгана: "афганец афганца не кіне". Усе вакол - ворагі, але "афганцы" адзін аднаму браты, нават калі яны знаходзяцца ў супрацьлеглых лагерах. І саюз ветэранаў становіцца вельмі паспяховым, бо атрымлівае падтрымку ўсюды: сярод бандытаў-"афганцаў", міліцыянераў-"афганцаў" і бізнесменаў-"афганцаў". Але афганскае братэрства - несапраўднае і недаўгавечнае. Бессэнсоўная вайна спарадзіла ілжывую сістэму каштоўнасцяў.

- Якія сацыяльныя працэсы, па-вашаму, запусціла афганская вайна?

- Афганская вайна парушыла негалосны кансэнсус паміж уладай і грамадствам. Да канца 70-х у краіне ўсё неяк наладзілася і ўстаканілася. Грамадства пагадзілася прымаць бяздарную ўладу такой, якая яна ёсць, рытуальна выконваючы ідэалагічныя патрабаванні, а ў абмен атрымлівала сацыяльную справядлівасць на побытавым узроўні: правапарадак на вуліцах, бясплатнаяую медыцыну і адукацыю, розныя льготы і адносную роўнасць. І раптам ўлада - так бы мовіць, у парушэнне дамаўлення, - пачала хапаць хлопцаў і адпраўляць іх на вайну.

Афганістан прайшлі больш за паўмільёна хлапчукоў, амаль пятнаццаць тысяч загінулі, а колькі засталося калек?

Народ зразумеў, што ўлада да яго ставіцца абыякава, як і ў былыя эпохі. І калі ўлада пачала разбурацца, народ яе не падтрымаў, хоць і не прагнуў капіталізму.

Тэги:
пісьменнік, Расія, Афганістан

Галоўныя тэмы